Рэха нідэрландскага рэферэндуму

Рэферэндум пра асацыяцыю Украіны з ЕС, які, як вядома, выйгралі еўраскептыкі, значна ўзмацніў унутраны крызіс Еўрасаюза. У палітыкаў ёсць літаральна два месяцы на тое, каб выправіць сітуацыю.
Фота з сайта 112.ua

Фота з сайта 112.ua


На наступны дзень пасля рэферэндуму ў Нідэрландах мне давялося наведаць Еўрапарламент. Я быў сведкам рэакцыя дэпутатаў ЕС на папярэднія вынікі рэферэндуму. Агульная сцэна ад пабачанага нагадвала мініяцюры паводле анекдотаў пра адну затарможаную нацыю, якой, паводле калектыўных забабонаў, характэрны вельмі павольны ход думак і ўчынкаў. Гэтак жа павольна, падаецца, думаюць і еўрадэпутаты. Толькі пасля заканчэння плебісцыту ў Нідэрландах да іх нарэшце дайшло, якой вялікай была стаўка.


Нават дэпутаты ў фракцыі "Еўрапейскіх левых", куды ўваходзіць галандская Сацпартыя — адзін з ініцыятараў рэферэндуму, былі агаломшаныя. «Мы, натуральна, супраць цяперашняга варыянту дамовы пра асацыяцыю Украіна — ЕС, паколькі яна нішчыць украінскую індустрыю, аднак не хацелі такіх наступстваў», — прызнаўся адзін з дэпутатаў ад нямецкіх "Die Linke".

Па яго словах, нават прыхільнікі Украіны ў Еўрапарламенце не вельмі напружваліся наконт наступстваў плебісцыту, які часта нават успрымалі як своеасаблівы жарт (нагадаем, што ідэю рэферэндуму высунула рэдакцыя аднаго з сатырычных сайтаў). У крайнім выпадку, усе спадзяваліся на нізкую яўку выбаршчыкаў або на невялікі працэнт галасоў, пададзеных супраць асацыяцыі з Украінай.

Нават тое, што праціўнікі асацыяцыі перамаглі, таксама не было нагодай для смутку, з улікам кансультатыўнага характару галасавання. Па сутнасці, усе разумелі, што рэферэндум — гэта магчымасць для галандцаў выказаць сваё незадаволенне Брусэлю.

Але сапраўдная трагедыя заключаецца ў палітычным календары 2016-га. Напрыканцы чэрвеня ў Вялікабрытаніі таксама адбудзецца рэферэндум, на якім брытанцы вызначацца, ці патрэбна ім сяброўства ў еўраклубе. Вынікі галасавання ў Нідэрландах сталі моцным маральным допінгам для еўраскептыкаў з Альбіёну, якія, паводле апытанняў, маюць шансы на перамогу. «Тое, што галандскі ўрад праігнараваў волю народу — лепшы сігнал для таго, каб брытанскі народ зрабіў гістарычны выбар, заявіўшы: еўрапейскі палітычны клас не здольны гуляць карэктна. Таму прыйшоў час пакінуць ЕС», — піша блізкае да еўраскептыкаў брытанскае выданне «Еxpress».

Калі будзе рэалізаваны такі сцэнар, Еўрасаюз пачне моцна ліхаманіць.
«Станоўчае галасаванне пра выхад Вялікабрытаніі з ЕС прывядзе да росту сепаратысцкіх настрояў у Каталоніі, некаторыя краіны Паўночнай Еўропы захочуць выйсці з зоны еўра, узмоцняцца цэнтрабежныя сілы ў Грэцыі. Гэта можа стаць пачаткам канца Еўрапейскага Саюза», — прагназуе Bloomberg.

Брытанію, праўда, таксама чакаюць вясёлыя часы. Сацыёлагі фіксуюць высокі ўзровень падтрымкі еўраінтэграцыі ў Шатландыі, якая можа запатрабаваць для сябе права застацца ў ЕС у выпадку, калі Англія прагаласуе за выхад. У Дубліне, як распавяла адна з памочнікаў дэпутата ад партыі "Шын Фейн", у некаторых колах папулярна ідэя прапанаваць прытулак для Паўночнай Ірландыі, калі ў чэрвені большасць мясцовых прагаласуе за Еўропу.

Адгукнецца рэферэндум і ў Нідэрландах. Тут поспех рэферэндуму паскарае крах кіруючага ў Нідэрландах кааліцыйнага правацэнтрысцкага кабінета Марка Рутэ, які заклікаў суайчыннікаў галасаваць «за». Адказаць на пытанне, каму прынясуць перамогу наступныя выбары, няцяжка. Паводле сацапытанняў, гэта можа быць правая папулісцкая "Партыя за свабоду" пад кіраўніцтвам адыёзнага Герта Вілдэрса. "Партыя за свабоду" была асноўнай рухаючай сілай праціўнікаў Украіны на гэтым рэферэндуме, і, калі б выбары праходзілі цяпер, павялічыла б сваё прадстаўніцтва ў парламенце як мінімум удвая ды мела б уплыў на фармаванне ўраду.

Трэба ўзгадаць і пра тое, як успрынялі рэферэндум ва Украіне. Тут кепскія навіны з Галандыі ўзмацнілі рост апатыі сярод дэмакратычнага электарату, якому ўрад Яцанюка дзеля накруткі рэйтынгаў абяцаў сяброўства ў ЕС ледзь не заўтра. Купоны на крызісе мары пра Еўропу стрыгуць як прарасійскія партыі, так і нацыянал-кансерватары, якія прапануюць украінцам замест разбэшчанай ды абкуранай "гейропы" будаваць нешта сваё.

Каб прытармазіць цэнтрабежныя тэндэнцыі, сёння ў ЕС прапаноўваюцца самыя неверагодныя пражэкты. Далей за ўсіх пайшла еўрадэпутат ад "Зялёных" Рэбека Хармс, якая ўвогуле прапануе забараніць рэферэндумы ў краінах ЕС, якія тычацца агульнаеўрапейскай палітыкі.

«Рэферэндумы — гэта небяспечная цацка д’ябла», — кажа палітык. Яе ўскосна падтрымліваюць некаторыя нямецкія эсдэкі. На думку аднаго з іх, «галасаванне наконт лёсу іншых краін спрыяе росту нацыяналізму».

 Праўда, нават забароны рэферэндумаў ужо не дазволяць адкруціць час назад і змяніць вынікі галандскага плебісцыту.

Што далей? У калідорах Еўрапарламента распавядалі, што з самага ранку 7 красавіка спікер Марцін Шульц сабраў у экстраным парадку лідараў фракцый, каб абмеркаваць сітуацыю. Праводзіць пасяджэнні і Еўракамісія. Каб выбіць глебу з-пад ног еўраскептыкаў напярэдадні плебісцыту ў Вялікабрытаніі, прапануецца зрабіць афіцыйную заяву кіраўніцтва Еўрасаюза пра мараторый на пашырэнне на Усход. Зараз ідуць кансультацыі. Афіцыйна, праўда, усе адмаўляюцца прызнаваць такі план, у тым ліку таму, што на носе парламенцкія выбары ў Сербіі, дзе праеўрапейскім сілам важна салідарнасць Брусэля.


Каментаваць