Рэха візіту: Бітва за Рым

Беларуская апазіцыя дарма хвалявалася, што Захад ёй здрадзіў, пачаўшы дыялог з Мінскам. Як паказаў візіт у Рым Аляксандра Лукашэнкі, розніца палітычных культур на Захадзе і ў Беларусі настолькі вялікая, што ніякага сапраўднага, а не пратакольнага збліжэння, не атрымаецца.

Беларуская апазіцыя дарма хвалявалася, што Захад ёй здрадзіў, пачаўшы дыялог з Мінскам. Як паказаў візіт у Рым Аляксандра Лукашэнкі, розніца палітычных культур на Захадзе і ў Беларусі настолькі вялікая, што ніякага сапраўднага, а не пратакольнага збліжэння, не атрымаецца.

Думаецца, што канчатковыя вынікі візіту Лукашэнкі ў Рым падводзіць яшчэ рана. Адзінае відавочна: разбурыць штампы наконт прыроды свайго рэжыму Мінск не здолеў. Тон заходніх СМІ, якія рабілі каментары на візіт беларускай дэлегацыі, асцярожны, калі не сказаць негатыўны: «Лукашэнка: дыктатар у Рыме», «Госць, якога не чакалі» і г. д.

Пра прычыны правалу беларускага PR мы яшчэ пагаворым. Больш важна зараз прааналізаваць візіт Лукашэнкі ў Рым праз прызму канцэпцыі «геапалітычнай неваляшкі», якая ў хуткім часе павінна стаць альфай і амегай беларускай знешняй палітыкі. Інакш, калі справы будуць ісці так, як і раней, Беларусь у адзін цудоўны дзень дастанецца «Газпраму».

Сам прэзідэнт сутнасць гэтай канцэпцыі сфармуліраваў наступнымі словамі: «Трэба выкарыстоўваць тое, што ад Бога ў Беларусі. Беларусь можа стаць мостам паміж Усходам і Захадам».

Сапраўды, падчас візіту ў Рым беларуская дэлегацыя паспрабавала надаць сабе імідж своеасаблівай Швейцарыі ва Усходняй Еўропе. У ход пайшоў царкоўны фактар. Гаворка пра ідэю Лукашэнкі правесці ў хуткім часе на тэрыторыі Беларусі сустрэчу Папы Рымскага і Патрыярха РПЦ, што магло б сімвалічна значыць заканчэнне вялікай схізмы ў хрысціянстве, якая цягнецца з 1054 года.
 
Прапанова беларускага лідэра ў Ватыкане была ў лепшым выпадку ціха праігнараваная: прэс-служба Святога Прастолу нават не пракаментавала магчымасць прымірэння дзвюх канфесій на тэрыторыі Сінявокай. З пункту гледжання далейшага развіцця падзей, такі крок Ватыкану быў абсалютна правільным.
 
Праз нейкі час беларускі лідэр сустрэўся з італьянскім прэм’ерам Берлусконі, якога пасля рандэву ўзнагародзіў цікавым кампліментам: «Гэта (Берлусконі) патрыярх у знешняй палітыцы ва ўсім свеце. Хай ён дыктатар, як яго называюць, аднак 75 працэнтаў італьянцаў яго падтрымліваюць».

Звернем увагу на супярэчлівыя заявы італьянцаў і беларусаў наконт зместу згаданых перамоў. Італьянскі бок сцвярджае, што на сустрэчы Берлусконі і Лукашэнкі размова ішла ў тым ліку і пра развіццё дэмакратыі ў Беларусі. Беларускі бок дае зразумець, што палітыкі такой тэмы ўвогуле не краналі.

Нарэшце, пасля прыезду ў Мінск Лукашэнка заключыў у абдымкі кіраўніка судовай сістэмы Ірану. І гэта якраз на фоне шырокай кампаніі за вызваленне амерыканскай журналісткі іранскага паходжання, якую судзяць у закрытым рэжыме па артыкулу «шпіёнская дзейнасць». Да кампаніі ў падтрымку журналісткі падключылася нават адміністрацыя прэзідэнта ЗША.

Ці можна мець справы з рэжымам, які дазваляе сабе рабіць падобнае? Хто дасць гарантыі, што заўтра ў доказ легітымнасці, афіцыйны Мінск не зробіць спасылку на сяброўства з Ватыканам, а ў дадатак яшчэ і параўнае аб’етыўна недэмакратычную структуру каталіцкай царквы з прэзідэнцкай вертыкаллю. Або — яшчэ горш — паспрабуе заступіцца за святара, якога атакуюць за антысемітызм, не вельмі пры гэтым разбіраючыся ў тонкіх нюансах заходняй палітычнай карэктнасці.
 
Архаічная палітычная культура беларускіх саноўнікаў прымушае кожнага адэкватнага публічнага заходняга палітыка трымацца ад Мінску на некаторай дыстанцыі.

Цяжка сказаць, ці магчымы ў такой сітуацыі нейкі прарыў і рэалізацыя канцэпцыі Беларусі як моста паміж Захадам і Усходам.

Змена палітычнага дыскурсу азначае не толькі адмову ад тэрміналогіі кшталту «ворагі народа». Гэта яшчэ і канчатковы сыход з расійскага палітычнага поля, суб’ектам якога, часам нават не па сваёй волі, застаецца Аляксандр Лукашэнка.

Калі заходнія палітыкі рэагавалі на ўчынкі Мінску вельмі карэктна, то рэакцыя Масквы была надзвычай эмацыянальна негатыўнай.

Прадстаўнік РПЦ, здаецца, перайшоў мяжу дыпламатыі, пабачыўшы ў рымскіх ініцыятывах Лукашэнкі кан’юнктуру: «У любым выпадку, ні павестка, ні месца, ні час сустрэчы Свяцейшага Патрыярха і Папы не могуць вызначацца выключна мінутнай палітычнай кан’юнктурай. Гэта занадта важны крок, і калі ён не будзе прарывам, то сама сустрэча згубіць сэнс, і абодва бакі не змогуць вынесці з яе тое, што маглі б вынесці», — сказаў Кірыл.

А як вам наступны пасаж аднаго з расійскіх журналістаў: «Усе крокі ў падтрымку праваслаўя (Лукашэнкам) былі зробленыя выключна з інтарэсаў павышэння папулярнасці сярод электарату. Нядаўні візіт у Рым і наведванне Папы Рымскага — яскравы доказ таму. Як толькі канцэпцыя сяброўства з Расіяй змянілася на канцэпцыю сяброўства з Захадам, рэлігійная складавая адразу змяніла вектар у адпаведны бок. Усё гэта нагадвае вілянне адным месцам… Правільным шляхам крочыце, Аляксандр Рыгоравіч!»

І гэта, заўважым, ацэнка візіту, падчас якога былі зробленыя выключна заявы пра намеры. А што будзе, калі размова пойдзе пра сапраўды канкрэтнае партнёрства? Расійскія медыя папросту сатруць наш урад у парашок. Адключэннем расійскіх каналаў і чарговым братэрскім візітам у Маскву тут пытанне не вырашыць. Патрэбны эрзац у выглядзе нармальнага палітычнага працэсу ў Беларусі, складовай часткай якога ёсць шырокая вольная дыскусія.
 

Каментаваць