Рэвалюцыі не будзе

15 студзеня Казахстан выбірае новы парламент, які цяпер, паводле закону, павінен быць шматпартыйным (зараз усе казахскія парламентарыі —сябры афіцыйнай партыі “Нур Атан). Ці можна разглядаць гэта як пачатак лібералізацыі ў краіне? Пра гэта журналіст “НЧ Алег Новікаў размаўляе з Андрэем Грышыным, праваабаронцам з Алма-Аты.

— Выбары 15 студзеня — пазачарговыя. Нашто Назарбаеву спатрэбілася распускаць стары парламент?



15 студзеня Казахстан выбірае новы парламент, які цяпер, паводле закону, павінен быць шматпартыйным (зараз усе казахскія парламентарыі —сябры афіцыйнай партыі “Нур Атан). Ці можна разглядаць гэта як пачатак лібералізацыі ў краіне? Пра гэта журналіст “НЧ Алег Новікаў размаўляе з Андрэем Грышыным, праваабаронцам з Алма-Аты.

— Выбары 15 студзеня — пазачарговыя. Нашто Назарбаеву спатрэбілася распускаць стары парламент?

— Думаецца, усё лагічна звязана з пазачарговымі прэзідэнцкім выбарамі мінулага года. Папросту наша ўлада імкліва губляе папулярнасць. Плюс падзеі ў арабскім свеце прымушаюць прэзідэнта і яго асяроддзе сур’ёзна пахвалявацца. І ёсць прычыны. У такіх умовах, калі чакаць правядзення выбараў па графіку, можна атрымаць правал і Назарбаева, і яго партыі. Будзе проста немагчыма схаваць спробы фальсіфікацый, што, у сваю чаргу, можа лёгка прывесці да рэвалюцыі па арабскім сцэнары. Таму лепш рабіць выбары зараз, пакуль эканоміка канчаткова не абвалілася, пакуль прэзідэнт і яго партыя маюць больш-менш прыстойны рэйтынг, пакуль, нарэшце, проста холадна. Усё гэта, як мне здаецца, і прывяло да пазачарговых выбараў.

— На якім эканамічным фоне праходзяць выбары?

— Эканамічнае падзенне на ўсіх узроўнях, акрамя нафтавага сектара (хоць і там з-за страйку адбылося падзенне здабычы нафты), упэўнена працягваецца ўжо гады два. Але нафтавая галіна — гэта далёка не ўвесь Казахстан. Паколькі ж Казахстан заўсёды ганарыўся тым, што больш астатніх у СНД інтэграваны ў сусветную эканоміку, а асабліва ў банкаўскі сектар, то і плады крызісу прыйшліся на яго ў першую чаргу. Насамрэч, эканоміка ў заняпадзе, і ўлады гэта добра разумеюць, хоць і спрабуюць зрабіць выгляд, нібыта ўсё ідзе так, як і павінна быць.

— Што ўяўляе сабою афіцыйная партыя “Нур-Атан?

— Што можа ўяўляць сабой афіцыйная партыя ў краінах СНД? Тое ж, што і ўсюды. Гэта праект прэзідэнта, прызначаны для таго, каб утрымліваць уладу на ўсіх франтах, у тым ліку і ў парламенце. Калі ўлічыць, што ў партыю “Нур Атан уваходзяць прыкладна 90 працэнтаў чыноўнікаў на добраахвотнай аснове, і звычайных дзяржслужачых (ужо добраахвотна-прымусова), так што можна сказаць, “Нур-Атан — партыя чыноўнікаў. А ўлічваючы гіганцкі ўзровень карупцыі, яна нічым ад расійскага аналагу не адрозніваецца — партыя жулікаў і карупцыянераў, як цяпер называюць яе ў апазіцыйных колах.

— Наколькі выбары сумленныя? Ці выкарыстоўваюць улады адміністратыўны рэсурс? Ці мае апазіцыя доступ да СМІ?

— На дадзены момант выбарчая кампанія праходзіць досыць сумленна, і ўсе партыі маюць больш-менш роўнае асвятленне і доступ да выбарцаў, хоць, вядома, на гэтым фоне ў “Нур Атан зноў жа больш прывілеяў. Аднак незадоўга да выбараў па надуманых прычынах была прыпынена дзейнасць Камуністычнай партыі Казахстана — адзінай зарэгістраванай партыі, якая адносіцца да паслядоўнай апазіцыі, а тыдзень таму з перадвыбарнай гонкі знялі партыю “Руханіят. Так што цяпер з усяго спісу партый людзі ведаюць усяго дзве — “Нур-Атан і канфармісцкую, але ўсё ж прыналежную да апазіцыі Аб’яднаную сацыял-дэмакратычную партыю “Азат. Астатнія ж — не больш чым праекты “Нур-Атан, прыдуманыя ўладай для таго, каб хоць неяк легітымізаваць гэтыя выбары ў вачах міжнародных назіральнікаў.

Што тычыцца СМІ, то рэальна ў апазіцыі толькі доступ ва ўласныя газеты і інтэрнэт. Цяпер, вядома, тэлебачанне таксама паказвае і мерапрыемствы “Азат, але чым бліжэй да выбараў, тым больш негатыўны тон у тэлевізійных сюжэтаў. Гэта значыць, намінальна партыя мільгае ў навінах, але ў якім кантэксце, пытанне ўжо іншае…

— Чаму знялі з выбараў партыю “Руханіят, якая выступае пад лозунгам “Казахстан для казахаў?

— Трэба сказаць, што “Руханіят, і асабліва яе новы кіраўнік Серыкжан Мамбеталін, зрабілі ўсё магчымае, каб не дайсці да фінішу. Насамрэч, рэзкі заварот партыі ад “зялёнай да нацыяналістычнай рыторыкі мог занепакоіць уладу, паколькі ў партыю ўліліся знакавыя постаці нацыянал-патрыятычнага фронту Казахстана. З іншага боку, самі партыйцы дапусцілі мноства промахаў — і з партыйным з’ездам, і з дакументамі, так што зняць “Руханіят з гонкі насамрэч нічога не каштавала, і пры гэтым усё зрабіць па законе. Сам Мамбеталін нават не хавае, што набыў гэту партыю ў яе заснавальніцы — Алтыншаш Джаганавай. І, дарэчы, у ліку іншых версій, чаму раптам заснавальнік партыі ўз’елася на Мамбеталіна і запатрабавала прызнаць з’езд несапраўдным, ёсць і такая, што Мамбеталін папросту не выплаціў ёй усёй абяцанай сумы.

— Што сабой уяўляе лагер ручной апазіцыі?


— Насамрэч, нічога не ўяўляе. “Ак-жол, “Ауыл, “Адылет, Камуністычная народная партыя Казахстана (створаная ў піку апазіцыйнай Кампартыі), Партыя патрыётаў — усё гэта палітычныя карлікі, якія складаюцца з некалькіх дзясяткаў чалавек, хоць афіцыйна кожная з іх мае мінімальна 50 тысяч чальцоў. Але ўсплываюць яны выключна падчас выбараў, у астатні ж час знаходзяцца ў глыбокай спячцы ці наогул іх няма нідзе, у іх нават няма офісаў і сайтаў.

— Як падзеі ў Жанаазене паўплывалі на выбарчую кампанію і на апазіцыю? Ці стала яна больш левай?

— Апазіцыя, натуральна, не палявела, але адбылося іншае: раптам у чарговы раз ліберальная, нацыяналістычная і левая апазіцыя апынулася па адзін бок барыкад, паколькі кожная з іх, хай і са сваіх пазіцый, але лічыць, што ў жанаазенскіх падзеях вінаватая ўлада. Думаецца, падобны пакт скончыцца праз пару месяцаў, і далей яны працягнуць традыцыйныя міжусобныя разборкі.

— Пішуць, што выбары павінны адыграць нейкую ключавую ролю ў аперацыі “Пераемнік.

— У Казахстане пасля Жанаазена ўсё перавярнулася з ног на галаву. Раней лічылася, што ў якасці пераемніка Назарбаеў зробіць стаўку на зяця Цімура Кулібаева, мільярдэра, які ўзначальвае фонд Самрук-Казына, якому падпарадкоўвалася і нацыянальная нафтаздабываючая кампанія. Пасля Жанаазена прэзідэнт зняў Кулібаева з яго пасады. Затое зноў усё часцей пачала мільгаць старэйшая дачка Дарыга Назарбаева, якая адышла ў цень пасля таго, як яе муж Рахат Аліеў быў абвешчаны ворагам дзяржавы і збег з краіны. Але ўсё ж, думаецца, калі пераемнік і існуе, то гэта чалавек з бліжэйшага палітычнага асяродку Назарбаева, але не сябра яго сям’і, якая не апраўдвае яго давер.

— Якія прагнозы вынікаў галасавання 15 студзеня і наступных падзей?

— Прагнозы стандартныя. Партыя ўлады набярэ 90 працэнтаў. Нейкая з карлікавых праўладных партый пройдзе ў парламент з мінімальнай колькасцю месцаў, як таго і патрабуе закон. Народ успрыме гэта як належнае, АБСЕ апублікуе крытычную справаздачу. І на гэтым усё.

Рэвалюцыі не будзе… Пакуль.

Каментаваць