Рэжым на экспарт

Кітайская мадэль можа стаць глабальнай. Нягледзячы на эканамічны крызіс, Кітай пачаў пашыраць ідэйны ўплыў на краіны Трэцяга свету.

(На фота: Прэзідэнт КНР разам з прэзідэнтам Танзаніі, 15 лютага 2009 г.)

 

Мова перш за ўсё пра ваяж прэзідэнта КНР Ху Цзіньтао, які ён зрабіў у лютым па краінах Афрыкі. Яго турне можна параўнаць з візітам Дзеда Мароза. Кожнай краіне, якая ляжала на шляху турне, нешта перапала. Сенегал атрымаў 99 мільёнаў долараў у якасці разавай дапамогі. Кіраўніцтву Малі кітайцы паабяцалі пабудаваць новыя мост, шпіталь і прэзідэнцкі палац. Маўрытаніі выдалі крэдыт у 250 мільёнаў долараў на будаўніцтва новага аэрапорту. У Танзаніі кітайцамі будзе пабудаваны новы стадыён, да таго ж краіна атрымае 22 мільёна долараў.



Кітайская мадэль можа стаць глабальнай. Нягледзячы на эканамічны крызіс, Кітай пачаў пашыраць ідэйны ўплыў на краіны Трэцяга свету.

(На фота: Прэзідэнт КНР разам з прэзідэнтам Танзаніі, 15 лютага 2009 г.)

Мова перш за ўсё пра ваяж прэзідэнта КНР Ху Цзіньтао, які ён зрабіў у лютым па краінах Афрыкі. Яго турне можна параўнаць з візітам Дзеда Мароза. Кожнай краіне, якая ляжала на шляху турне, нешта перапала. Сенегал атрымаў 99 мільёнаў долараў у якасці разавай дапамогі. Кіраўніцтву Малі кітайцы паабяцалі пабудаваць новыя мост, шпіталь і прэзідэнцкі палац. Маўрытаніі выдалі крэдыт у 250 мільёнаў долараў на будаўніцтва новага аэрапорту. У Танзаніі кітайцамі будзе пабудаваны новы стадыён, да таго ж краіна атрымае 22 мільёна долараў.

Такая палітыка кідання грашыма можа здавацца дзіўнай. Тым больш, што згаданыя краіны цяжка аднесці да краёў, багатых на карысныя выкапні. Сакрэт у тым, што Пекін цяпер зацікаўлены не толькі ў рэсурсах. Лідэры кітайскай кампартыі мараць пра экспарт і распаўсюджанне сваёй эканамічнай і палітычнай мадэлі. «Стратэгія гарманічнага мірнага развіцця» — так называюць мадэль самі кітайскія місіянеры. Пры гэтым ім не важная арганізацыйная структура або ідэйныя забабоны кіруючай наменклатурнай эліты. Гэта можа быць як партыя, так і звычайны клан або вайсковая хунта.

Ху Цзіньтао вітаюць у Сенегале, 14 лютага 2009 г.

 

У краінах Захаду падобная мадэль была б успрынята са скепсісам. Аднак у Афрыцы і Лацінскай Амерыцы яна выклікае зацікаўленасць. Сакрэт фокусу вельмі просты: у адрозненні ад заходніх краін, якія ў абмен на дапамогу патрабуюць структурных і дэмакратычных рэформаў, Пекін ніякіх умоў не ставіць. Адразу прапануе эканамічнае супрацоўніцтва, крэдыты і культурны абмен.

На цяперашні момант у 78 краінах свету дзейнічае 295 Інстытутаў Канфуцыя (аналаг Інстытута Гётэ або Французскіх цэнтраў). Акрамя папулярызацыі кітайскай культуры яны дапамагаюць студэнтам атрымаць стыпендыі на навучанне ў кітайскіх ВНУ.

Такая палітыка прыносіць Кітаю вялікія дыпламатычныя дывідэнды. Краіны Трэцяга свету ў выпадку канфліктаў будуць звяртацца да КНР як да пасярэдніка ў перамовах.

Аднак самі кітайскія чыноўнікі прызнаюць, што эканоміка і адукацыя — рэчы, хаця і важныя, аднак галоўную ролю ў пашырэнні інтарэсу да кітайскага рэжыму павінна адыграць прапаганда. «Сёння мы знаходзімся напярэдадні глабальнай кітайскай піяр-інтэрвенцыі. Яе мэта — зрабіць альтэрнатыву заходнім медыя, перш за ўсё ў краінах Поўдня», — лічаць у Кітаі.

 

Кітайскі прэзідэнт і прэм'ер-міністр Маўрытаніі, 16 лютага 2009 г.

 

Кітайскае афіцыйнае агенцтва «Сіньхуа» вядзе праграмы на сямі мовах. Як лічаць спецыялісты, хутка кампанія будзе мець карэспандэнта ў кожнай краіне свету. Штогод яе штат павялічваецца на 180 журналістаў. У гэтым годзе дзяржаўнае тэлебачанне Кітаю пачне трансляцыі на рускай і арабскай мовах. З мая ў Пекіне пачне выходзіць ужо трэцяя англамоўная газета. Нарэшце, плануецца заснаванне глабальнага кітайскага тэлебачання кшталту арабскай «Аль-Джазіры».

Прапаганда кітайскага шляху — справа не танная. Называецца лічба — 6 мільярдаў долараў у год. Для параўнання: бюджэт іншага глабальнага каналу — «Al-Arabia» — усяго 300 мільёнаў долараў на год. А арабская секцыя ВВС атрымлівае толькі 50 мільёнаў долараў.

Аднак трэба ўлічыць, што Кітай — самы вялікі ў свеце ўладальнік амерыканскай валюты і можа сябе дазволіць інвестыцыі ў палітычную рэкламу.

Між тым гэты год будзе тэставым для кітайскіх піяршчыкаў. Так склалася, што на 2009 год выпадаюць тры не вельмі прыемныя для афіцыйнага Пекіну юбілеі. 50 гадоў захопу Тыбету, 20 гадоў падаўлення студэнцкіх пратэстаў на плошчы Цяньаньмэнь і 60 гадоў заснавання КНР. Кожная дата стане падставай як мінімум для публічнай палемікі па ўсёй планеце. Агітатарам трэба будзе пастарацца, каб давесці афіцыйную пазіцыю. Зрабіць гэта вельмі цяжка. Натуральна, наўрад ці ў кітайскіх выпусках афрыканцы або азіяты змогуць пабачыць рэпартажы пра пратэсты ў Тыбеце або пра выпадак з масавым атручэннем школьнікаў малаком, у склад якога ўваходзілі хімікаты.

Цікава, што амерыканскія палітолагі пакуль ігнаруюць напалеонаўскія планы Пекіну экспартаваць сваю мадэль, навязаць масам і палітычнаму класу кітайскі лад жыцця і мыслення. Па-першае, не вядома, наколькі хопіць рэсурсу ў КНР на такія праекты ў час эканамічнага крызісу. Па-другое, як не круці, глядзець CNN або ВВС цікавей. Пакуль сцэнарыі праграмаў навін будуць зацвярджацца ў апараце кампартыі, ніякая годная канкурэнцыя заходняй мадэлі жыцця і сістэмы дэмакратыі немагчымая.

Каментаваць