Рыфмаплёт яе Вялікасці

Елізавета ІІ прызначыла чарговага паэта, які будзе ўслаўляць яе ў вершах. Упершыню за тры стагоддзі існавання гэтай дзіўнай пасады галоўным паэтам каралеўства стане жанчына.



Елізавета ІІ прызначыла чарговага паэта, які будзе ўслаўляць яе ў вершах. Упершыню за тры стагоддзі існавання гэтай дзіўнай пасады галоўным паэтам каралеўства стане жанчына.

Адзін з самых моцных аргументаў прыхільнікаў пераходу Брытаніі на рэспубліканскі дзяржаўны лад — наяўнасць пры каралеўскім двары абсалютна дзіўных, непатрэбных пасад кшталту лакеяў, адказных за развядзенне лебедзяў, карэтнікаў і г. д. Экзотыка экзотыкай, а заробкі тым людзям плацяць з дзяржаўнага бюджэту, які, як вядома, фармуецца з падаткаў простых грамадзян. «Замест утрымання лакея, лепш пабудаваць школу або шпіталь», — кажуць рэспубліканцы.

Не будзем каментаваць палеміку паміж прыхільнікамі і праціўнікамі манархіі. Проста адзначым, што сярод пасад пры каралеўскім двары ёсць і Poet Laureate. Прасцей кажучы — афіцыйны паэт. Ягоныя функцыі — услаўляць манарха і сяброў каралеўскай сям’і ў вершах, перш за ўсё падчас усякіх важных падзей — дня народзін, вяселля, падпісання дыпламатычных дамоў, візітаў.

Традыцыя прысутнасці пры каралеўскім двары свайго паэта існуе ў Вялікабрытаніі з XIV стагоддзя. Лічыцца, што ідэя імпартавана з французскай Аквітаніі, дзе была моцна развітая культура менестрэляў. Да канца XVІІ стагоддзя пасада Poet Laureate не мела фармальнага статуса. Некаторыя каралі мелі паэтаў, іншыя мала цікавіліся мастацтвам складання рыфмаў. У 1670 годзе Poet Laureate зрабіўся сталым інстытутам. Прыкладна кожных 10–15 гадоў манарх прызначае новага паэта. Усяго за 340 гадоў іх было 22.

Цікава, што культура мець сваіх паэтаў вельмі пашыраная ў Вялікабрытаніі. Напрыклад, свайго афіцыйнага паэта мае сталіца Шатландыі Эдынбург. Яго называюць Макар. У адміністрацыі Уэльса існуе такая пасада, як Нацыянальны паэт Уэльсу.

З брытанскіх выспаў практыка пашырылася на брытанскія калоніі, якія з часам атрымалі незалежнасць. Так існуе свой Poet Laureatе ў канадскім парламенце. Дарэчы, падчас выбару паэта дзейнічае прынцып: адзін тэрмін пасаду займае англамоўны паэт, наступны — франкамоўны. З 1937 года Poet Laureate працуе пры амерыканскім Кангрэсе і атрымлівае заробак — 35 тысяч долараў на год. У Новай Зеландыі Poet Laureate прызначаецца дырэкцыяй Нацыянальнай бібліятэкі.

Цікава, што пасада Poet Laureatе існавала і ў фашысцкай Германіі. Галоўным паэтам нацыстаў быў Ханс Йохст. Ён быў прызначаны Poet Laureatе ў 1935 годзе і заставаўся на гэтай пасадзе да канца вайны. Пачынаў свой творчы шлях Йохст, як не дзіўна, як прыхільнік экспрэсіянізму (звычайна ў гэтым стылі пісалі паэты левых поглядаў). У 1928 годзе ён уступіў у створаны ідэолагам нацызму Альфрэдам Розенбергам Саюз за нямецкую культуру. У 1932-м Ханс стаў сябрам Нацыянал-сацыялістычнай партыі. Менавіта ў год прыходу Гітлера да ўлады ён апублікаваў п’есу «Schlageter». Герой п’есы — нямецкі салдат, які трапляе ў французскі палон падчас акупацыі французамі левага берагу Рэйну ў пачатку 1920-х.

Дзякуючы падтрымцы фашыстаў п’еса мела вялікі поспех. 15 тэатраў па ўсёй Германіі паставілі на сваіх сцэнах «Schlageter». Цікава, што пазней, таксама па загаду Гітлера, п’есу забаранілі. Твор быў занадта антыфранцузскім, а сапсаваць адносіны з Парыжам на той час не ўваходзіла ў планы нацыстаў.

Йохст служыў фашыстам верай і праўдаю. Літаратар нават патрабаваў, каб славутага пісьменніка Томаса Мана, які крытыкаваў рэжым, адправілі ў канцлагер. На глебе агульных поглядаў паэт пасябраваў з Генрыхам Гімлерам і лічыўся ў нацысцкіх колах ягоным чалавекам.

Натуральна, Ханса чакала суперкар’ера: ён стаў старшынёй дэпартаменту, які адказваў за літаратуру, і нават акадэмікам. Гітлер асабіста ўнёс яго ў спіс шасці нямецкіх літаратараў, якіх нельга была прызываць на службу ў войска. Йохста, якому патрэбны быў матэрыял для твораў, пускалі на самыя сакрэтныя аб’екты Германіі, самыя зачыненыя сустрэчы. Напрыклад, пісьменнік прысутнічаў на сходзе кіраўніцтва СС, якое напярэдадні пачатку аперацыі Барбароса абмяркоўвала планы знішчэння савецкіх грамадзян.

Пасля вайны Йохст быў асуджаны на тры гады прымусовых работ. Пасля амністыі ён ціха жыў на сваёй віле і памёр у 1978 годзе. Да канца жыцця ён паспеў выдаць яшчэ пару зборнікаў вершаў.

Аднак, думаецца, новы брытанскі Poet Laureatе — куды больш цікавая фігура, чым Йохст.

Кэрал Ан Дафі, якая нарадзілася ў 1950 годзе, калі стала Poet Laureatе, разбурыла шэраг стэрэатыпаў, звязаных з пасадай афіцыйнага паэта. Кэрал — першая жанчына, першая шатландка на гэтай пасадзе, першы афіцыйны паэт каталіцкага веравызнання. У дадатак, Кэрал — першы афіцыйны паэт-лесбіянка. Нарэшце, яна першы афіцыйны паэт, які сапраўды прызнаны чытацкай аўдыторыяй. Знаўцы літаратуры лічаць яе лепшым брытанскім паэтам сучаснасці.

Застаецца дадаць, што за сваю працу Кэрал будзе атрымліваць прыкладна 5300 фунтаў на год плюс 600 пляшак віна шэры. Менавіта даваць паэтам заробак віном патрабуе стары закон XVІІ стагоддзя. Куды Кэрал падзене алкаголь, невядома. Што тычыцца грошай, то, са слоў новага Poet Laureatе, большасць сумы пойдзе ў фонд падтрымкі брытанскай паэзіі. Так што на гэты конт прыхільнікі рэспубліканскага ладу і сацыяльнага бюджэту могуць быць спакойнымі.
 

Каментаваць