Рымскі Папа жаночага полу

19 кастрычніка ў Германіі адбылася прэм’ера фільма «Папа Яна». Галоўны герой — сярэднявечны Рымскі Папа Ян VIII, які, адпаведна легендзе, быў жанчынай.

Жанчына быццам бы займала папскі прастол пад імем Ян VIII, паміж Львом IV (памёр у 855) і Бенедыктам III (памёр у 858). У прынятым у наш час спісе Рымскіх Папаў імя Ян VIII носіць Папа, які кіраваў крыху пазней — у 872–882 гадах.



19 кастрычніка ў Германіі адбылася прэм’ера фільма «Папа Яна». Галоўны герой — сярэднявечны Рымскі Папа Ян VIII, які, адпаведна легендзе, быў жанчынай.

Жанчына быццам бы займала папскі прастол пад імем Ян VIII, паміж Львом IV (памёр у 855) і Бенедыктам III (памёр у 858). У прынятым у наш час спісе Рымскіх Папаў імя Ян VIII носіць Папа, які кіраваў крыху пазней — у 872–882 гадах.

Калі верыць гісторыкам, легенда пра жанчыну-Папу ўпершыню ў пісьмовым выглядзе з’явілася ў ХІІІ стагоддзі. Па легендзе, Яна была дачкой англійскага місіянера. Нарадзілася ў Майнцы (Германія), адкуль у дванаццаць гадоў з манахам з манастыра Фульды сышла ў мужчынскай сукенцы ў манастыр на Афон. Пасля працяглых вандровак Яна пасялілася ў Рыме, дзе стала спачатку натарыусам курыі, затым кардыналам і, нарэшце, Папам Рымскім.

Праз некаторы час Яна стала цяжарнай. Падчас нейкай вулічнай працэсіі пачаліся роды, што яе і выдала. У гэтай гісторыі існуюць два фіналы: 1) Яна памерла адразу падчас родаў; 2) яе і дзіця адправілі ў розныя манастыры. Яе сын стаў біскупам, а сама Яна памерла.

Па той жа легендзе, зараз Рымскія Папы ў сваіх працэсіях быццам бы пазбягаюць дарогі, на якой нарадзіла Яна.

Прыхільнікі легенды таксама сцвярджаюць, што пасля гэтай гісторыі кожны новаабраны пантыфік да Льва X праходзіў працэдуру вызначэння полу з дапамогай спецыяльнага крэсла, вядомага як Sella.

Цікава, што легенда была папулярнай сярод саміх каталікоў. Рымская курыя доўгі час афіцыйна не адмаўлялася ад легенды пра Папу-жанчыну. Яе выява нават заняла месца сярод бюстаў, якія стаялі ў кафедральным саборы Сіены (Siena Cathedral).

Легенду актыўна эксплуатавалі праціўнікі каталіцкай царквы. Ян Гус, абараняючы сваю дактрыну перад Канстанцкім саборам, казаў: «Царква павінна быць бездакорнай, але ці можна лічыць бездакорным Папу Яна, што апынуўся жанчынай, якая публічна нарадзіла дзіця?» Ніводны з 22 кардыналаў, 49 біскупаў і 272 багасловаў, якія прысутнічалі на Канстанцкім саборы, не пратэставаў супраць падобнага тэзісу, пацвердзіўшы сваім маўчаннем існаванне гэтай легендарнай асобы.

Сучасныя гісторыкі прапаноўваюць некалькі тэорый пра паходжанне легенды. Штуршком для яе магла стаць анархія ў Святым горадзе ў VIII стагоддзі. Бертран Расэл у «Гісторыі заходняй філасофіі» даказвае, што ў аснову легенды лягла гісторыя Мароцыі, дачкі рымскага сенатара з роду графаў Тускулума, якія з’яўляліся на пачатку Х стагоддзя найбольш уплывовымі рымскімі арыстакратамі. Мароцыя змяніла некалькіх мужоў і невядомую колькасць каханкаў. Аднаго з іх яна зрабіла Папам пад імем Сергія II (904–911). Сын яе ад гэтай сувязі быў Папам Янам XI (931–936). Яе ўнук — Ян XII (955–964) — стаў Папам Рымскім у 16-гадовым узросце і сваім жыццём канчаткова падарваў аўтарытэт царквы. Легенда, такім чынам, паўстала, верагодна, у насмешку з перыяду панавання жанчын пры папскім двары.

Іншыя гісторыкі лічаць, што міф узнік на базе анекдотаў на Папу Яна (872–882). Сучаснікі выстаўлялі яго жанчынай за мяккую і непаслядоўную палітыку супраць канкурэнтаў.

Цікавую версію прапаноўвае гісторык Міхаэль Хеземан. Ён раскапаў, што да Х стагоддзя ў Рыме сапраўды жыла папеса (vicus Papessa) — жанчына, якая брала ўдзел у розных рытуалах. Гэта быў перажытак паганскіх часоў (а менавіта культу Мітры).

Нарэшце, легенду маглі прыдумаць у тым жа Канстанцінопалі як кампрамат на Рым. Адзін з Рымскіх Папаў таго часу з агідай згадвае, што на берагах Басфору былі папулярныя чуткі пра тое, што ў Ватыкане бачылі еўнухаў, а кіруе каталіцкім храмам жанчына.

Але гістарычная праўда перамагла. Ніякага Папы-жанчыны на 99,99% не было. Але нягледзячы на ўсе намаганні вучоных, пры ўсёй відавочнай супярэчнасці легенды, гісторыя пра Папу Яну жыве. Праўда, на старонках літаратурных твораў і ў кінастужках.

Напрыклад, Аляксандр Пушкін у 1835 годзе рабіў накіды сюжэту да п’есы «Папеса Яна». Рэалізаваць праект не дазволіла дуэль з Дантэсам.

Апошнім, хто ўдала эксплуатаваў гэту тэму, аказалася амерыканская пісьменніца Донна Вулфалк Крос. Пару гадоў таму яна выдала кніжку «Папа Яна», па матывах якой і створаны сцэнар згаданага фільма.

Пісьменніца перапрацавала легенду і надала ёй суперфемінісцкае гучанне. У кнізе распавядаецца пра маладую разумную жанчыну, якая, трапіўшы ў патрыярхальную абстаноўку, разумее: каб рэалізаваць сябе як асоба, трэба выглядаць як мужчына. У выніку яна настолькі ўваходзіць у ролю, што дасягае самых высокіх пасадаў.

Яна, паводле Вулфолк, — дачка сельскага служкі з Саксоніі. У яе ёсць брат — яе кумір, які вучыць чытаць, пісаць і г. д. Паступова Яна пачынае капіраваць яго мужчынскія паводзіны. Гэта дазваляе ёй пазней пад імем брата Яна паступіць на вучобу да аднаго грэчаскага манаха. Тут пісьменніца дала волю фантазіі: перад тым, як паехаць у Рым, дзяўчына пачынае праяўляць пачуцці да нейкага манаха. Пасля на манастыр нападаюць вікінгі. Усіх забіваюць, акрамя, натуральна, гераіні і яе каханага.

Аднак на гэтым прыгоды Яны толькі пачынаюцца. Ужо будучы Папам, падчас наваднення Яна сустракаецца ў закінутым доме — згадайце з кім? — з тым самым манахам. Менавіта ад яго Яна становіцца цяжарнай. Самога бацьку, праўда, хутка забіваюць нейкія ворагі. Яна спрабуе зрабіць аборт, аднак без поспеху. У выніку Папа памірае: калі пачынаюцца роды, ніхто не прыходзіць ёй на дапамогу.

Кніга адразу стала бестселерам і натхніла прадзюсераў на экранізацыю.

Фільм яшчэ толькі пабачыў свет, а гісторыкі не пакінулі ад яго каменя на камні. На іх думку, вобраз сярэднявечнай феміністкі — папросту лухта, не кажучы пра шматлікія гістарычныя неадпаведнасці.

Праўда, стваральнікаў стужкі гэта мала цікавіць. Пасля поспеху фільма «Код да Вінчы» жанр гістарычнага кіно, у якім пад сумнеў ставяцца рэлігійныя каноны, застаецца вельмі запатрабаваным гледачом. Існавала Яна ці не — не вельмі важна. Галоўнае — карціне гарантавана скандальная вядомасць.

Каментаваць