Роспуск Рады і саміт ў Мінску

Увечары 25 жніўня нечакана для ўсіх Парашэнка распусціў Вярхоўную Раду. Нашто напярэдадні мінскай сустрэчы Парашэнка распусціў парламент? Магчыма, гэта частка мінскай гульні.



Што атрымлівае Парашэнка ад роспуску Вярхоўнай Рады? Перш за ўсё ён вяртае сябе ініцыятыву ва ўкраінскай палітычнай дыскусіі, якая ўплывае таксама на знешнепалітычны курс. Напярэдадні саміта ў Мінску грамадская думка ва Украіне цалкам аказалася пад кантролем яго палітычных апанентаў у выглядзе партыі вайны, душой якой з’яўляецца алігарх Каламойскі.

Росту папулярнасці “ястрабаў” спрыялі два фактары. Першы — заява Ангелы Меркель, якая падтрымала федэралізацыю Украіны і быццам, на думку грамадскасці, здрадзіла Кіеву. Другі — эскалацыя вайсковых дзеянняў у раёне Марыупаля, якая выклікала скепсіс наконт любых мірных перамоваў з Масквой. У выніку ўчора ў прэсе прагучала шэраг заклікаў да Парашэнкі адмовіцца ад візіту ў Беларусь і працягнуць вайну да пераможнага канца. 

Такі сцэнар ў больш доўгай перспектыве зробіць з Парашэнкі клона Керенскага. Калі прэзідэнт застанецца з "партыяй вайны", эканамічны абвал і страты на фронце непазбежна прывядуць да таго, што ён стане казлом адпушчэння і як след ахвярай перавароту, пра які ва ўкраінскім палітыкуме ўжо пачалі адкрыта размаўляць. Набірае папулярнасць думка, што без моцнай рукі краіна з крызісу не выйдзе.

Старт выбарчай кампаніі ў парламент дапамагае прэзідэнту Украіны пераключыць інтарэс грамадства да іншых тэм, пашырыць манёўр на дыпламатычным полі. Прынамсі, калі Кіеў даб’ецца часовага міру на зручных умовах, то гэта ўвогуле можа стаць піар-фішкай парашэнкаўскай партыі “Салідарнасць” на кастрычніцкіх выбарах. Нарэшце Парашэнка як палітык, які прынамсі гатовы размаўляць, становіцца каштоўным для Крэмля і Данбасу. З улікам гэтага можна казаць, што Украіна ў Мінску настроеная на пачатак прагматычнага дыялогу.

Пытанне ў тым, як збіраецца рэагаваць на такія крокі Масква, якая дарэчы як і Парашэнка вымушана вырашаць тую ж праблему — супакойваць экзальтаваны шавінісцкімі лозунгамі соцыум, які лічыць вайну і канфрантацыю лепшым сродкам вырашэння пытанняў.

Каментаваць