Румынія. Вялікабрытанія. Грузія

Румынія
 
Румынія
 
Дастаткова вялікія маштабы набылі ў краіне пратэсты супраць увядзення новай формы пашпартоў з біяметрычнымі дадзенымі. Толькі за адзін тыдзень петыцыю супраць штрыхкодаў у пашпартах, якія праваслаўныя фундаменталісты разглядаюць як знак сатаны, падпісалі каля шасці тысяч чалавек. Шматлікія культурныя ўстановы кшталту Адміністрацыі музеяў і Аб’яднанні пісьменнікаў, не кажучы пра царкву, падтрымалі пратэсты. Ініцыятар кампаніі, 90-гадовы манах Юстын Парву, заявіў перад паствай, што “прыйшоў час пакутнікаў, якія пойдуць у барацьбе супраць акультных сілаў да самага канца. Ён чамусьці ўпэўнены, што кожны штрыхкод утрымлівае лічбу 666, якая, адпаведна Бібліі, лічыцца лічбай Сатаны. У відэазвароце, які, дарэчы, змешчаны і ў інтэрнэце, манах кажа, што ўвядзенне новых пашпартоў выкліча апакаліпсіс і прыход новага сусветнага парадку. Пакуль урад думае, якую тактыку абраць у барацьбе з незвычайнымі пратэстамі, праварадыкальныя арганізацыі ў краіне сталі на абарону руху святара. Справа ў тым, што ягоная лексіка вельмі нагадвае маніфесты арганізацыі Саюз Святога Міхаіла (славутая фашысцкая арганізацыя даваеннай Румыніі, якая таксама лічыла сваім галоўным ворагам “акультныя сілы). Праўда, на той час пад імі разумеліся не сатаністы, а жыда-масоны.
 
Вялікабрытанія
 
Усе вядучыя выданні Вялікабрытаніі прагназуюць хуткі крах брытанскай эканомікі, які будзе нагадваць ісландскі сцэнар.Такія мінорныя высновы грунтуюцца на апошніх статыстычных дадзеных. Нацыянальная статыстычная агенцтва краіны афіцыйна прызнала, што ў апошнім квартале 2008 года краіна вырабіла на 1,5 працэнта прадукцыі менш, чым у папярэднім годзе. Калі браць гадавыя параметры, то такія тэмпы развіцця эканомікі Вялікабрытанія дэманстравала апошні раз у 1946 годзе (!). Эксперты Банка Англіі не выключаюць нават дэфолту нацыянальнай валюты, курс якой і так ніколі не быў настолькі нізкім у дачыненні да долара за апошніх 25 гадоў, як зараз. Затое Гордан Браўн амаль адкрыта кажа пра магчымае далучэнне краіны да зоны еўра, што ў сваю чаргу будзе спрыяць большай адкрытасці Альбіёну, у тым ліку і для беларусаў.
 
Грузія
 
У той час, як у Расіі ў конкурсе самых выбітных асобаў краіны Іосіф Сталін заняў пачэснае трэцяе месца, на сваёй гістарычнай радзіме ў Бацькі народаў у аналагічным спаборніцтве ўзніклі праблемы. Джугашвілі не трапіў у ліст пяцідзесяці паўфіналістаў праекту Першага канала грузінскага тэлебачання. “Вялікая дзесятка Грузіі — аналаг расійскага тэлепраекту “Герой Расіі. Вынікі галасавання гледачоў, натуральна, выклікалі пратэсты аматараў генералісімуса. Яны ўпэўненыя, што мела месца фальсіфікацыя, а іх куміра выкінулі мэтанакіравана. Сталіністы збіраюцца распачаць кампанію за перагляд вынікаў конкурсу. Як заявіў старшыня міжнароднай асацыяцыі “Сталін Грыгола Аніяні: “Сонца нельга закрыць далонню. Больш цвярозыя каментатары кажуць, што ў фіяска кандыдатуры Сталіна няма нічога дзіўнага: ён не папулярны сярод грузінскай моладзі. Куды больш іх уразіў прарыў у спіс фаварытаў Звіяда Гамсахурдыя — першага прэзідэнта незалежнай Грузіі, на часы кіравання якога прыйшоўся эканамічны крызіс 90-х. Чамусьці імя Звіяда не асацыюецца ў цяперашніх грузін з часамі масавага беспрацоўя і дэфіцыту тавараў, а выклікае прыступ настальгіі.

Каментаваць