Румынія на парозе аўтарытарызму

На думку еўрапейскай прэсы, апошнія парламенцкія выбары ў Румыніі далі зялёнае святло рэстаўрацыі ў краіне аўтарытарнага рэжыму. Пра сітуацыю ў Румыніі журналіст НЧ Алег Новікаў размаўляе з малдаўскім палітолагам Максімам Кісялёвым.



— Рэакцыя еўрапейскай прэсы на румынскія выбары выглядае неяк дзіўна. На выбарах перамог Сацыял-ліберальны саюз (USL), які атрымаў амаль дзве трэці мандатаў у ніжняй палаце і большасць у сенаце. Здавалася, еўрапейцам трэба толькі радавацца пачатку ў Румыніі эры палітычнай стабільнасці.

— На першы погляд, так і падаецца. Па сутнасці, за 23 гады пасля падзення камуністычнага рэжыму ў Румыніі ніколі не было стабільнай сітуацыі. Мела месца рэгулярная ратацыя пры ўладзе розных партый, якія ішлі на выбары пад папулісцкімі лозунгамі і пасля хутка гублялі папулярнасць. Практычна такі ж працэс адбываўся апошнім часам, калі электарат страціў давер да ўчарашняга куміра, прэзідэнта Траяна Бэсеску. 9 снежня USL трыумфальна выйграў выбары, згуляўшы на незадаволенасці выбаршчыкаў эканамічным крызісам і карупцыяй (хранічныя язвы румынскай палітыкі). Аднак прыход да ўлады групоўкі 40-гадовага Віктара Понта, як ні парадаксальна, пагражае яшчэ большым палітычным хаосам. Справа ў тым, што Понта ішоў на выбары пад лозунгам канстытуцыйнай рэформы. У Еўропе апасаюцца, што на нашых вачах адбываецца рымейк нядаўніх падзей у Венгрыі, дзе правая кансерватыўная партыя пасля прыходу да ўлады перапісала пад сябе канстытуцыю і прыняла шэраг антыдэмакратычных законаў.

— Якія галоўныя параграфы ўключае ў сябе план канстытуцыйнай рэформы USL?

— Па-першае, сацыял-лібералы збіраюцца скараціць паўнамоцтвы выканаўчай улады на карысць парламенту. Гэтым, відавочна, яны капаюць пад прэзідэнта Бэсеску, якога Понта ненавідзіць, і ўзаемна. Так, Бэсеску падчас апошняй кампаніі адкрыта называў прэм’ера «свіннёй». Не менш правакацыйнай выглядае ідэя адміністратыўнай рэформы, мэта якой — паменшыць уплыў на румынскую палітыку этнічных венграў, якія ў некаторых раёнах складаюць большасць выбаршчыкаў і, адпаведна, фармуюць мясцовыя органы ўлады. Новая нарэзка адміністратыўных акругаў гарантуе павелічэнне міжнацыянальнай канфрантацыі.

— Як ставіцца да ідэяў кабінету Понта венгерская меншасць?

— У Румыніі пражывае каля 1,4 мільёна этнічных венграў. Гэта каля 6 працэнтаў выбаршчыкаў. На палітычным узроўні іх інтарэсы прадстаўляе Дэмакратычны саюз венграў Румыніі (UDMR), які ўзнік яшчэ на хвалі паўстання супраць Чаўшэску ў 1989 годзе. У дэмакратычнай Румыніі UDMR змог дабіцца шматлікіх бонусаў для венграў у сферы культурнай аўтаноміі (адукацыйная сістэма на месцах, права на выкарыстоўванне венгерскай мовы як афіцыйнай), аднак галоўная мэта — тэрытарыяльная аўтаномія — застаецца недасягальнай. Гэта, дарэчы, прывяло да таго, што на мінулых выбарах упершыню за галасы венграў змагалася таксама партыя, якая абяцала венграм аўтаномію. Праўда, венгры, нягледзячы на частковае расчараванне UDMR, галасавалі па-старому. «Аўтанамісты» не набралі нават працэнта.

Яшчэ адзін важны момант: UDMR у акіяне румынскай палітычнай анархіі здаецца нейкім сімвалам стабільнасці: пачынаючы з 1996 года, каб адстойваць інтарэсы венгерскай грамады, партыя ўваходзіла ў склад усіх кабінетаў. А вось з Віктарам Понта дыялог не атрымліваецца з-за праекту той жа адміністратыўнай рэформы. Акрамя таго, канфлікт USL і UDMR выйшаў за межы Румыніі. Напярэдадні выбараў венгерскі прэм’ер Віктар Орбан інструктаваў румынскіх венграў, як галасаваць, што фактычна азначае пачатак халоднай вайны ў адносінах Будапешта і Бухарэста.

— Адным з сюрпрызаў выбараў аказалася вялікая колькасць галасоў, пададзеных за партыю медыя-магната Дана Дзіяканеску, чыя партыя мае трэцюю па колькасці мандатаў фракцыю ў парламенце.

— Магчыма, нават другую. Справа ў тым, што партыйны альяс у падтрымку Бэсеску, які прыйшоў другім, знаходзіцца на мяжы расколу. Таму партыю медыя-магната часта нават называюць апошняй надзеяй грамадзянскай супольнасці Румыніі. Аднак гэта жарт. Дастаткова сказаць, што значнае месца ў прапагандзе PP-DD адводзіцца экзатэрыцы. Асноўны канёк Дана — сацыяльны і нацыянальны папулізм. Шмат каму напярэдадні выбараў запомнілася, як ён не даў нейкаму нямецкаму канцэрну набыць румынскую кампанію «Oltchim», прапанаваўшы ўладальніку большую за немцаў суму — 45 мільёнаў еўра. Гэта адразу стварыла яму імідж патрыёта. Толькі цяпер высветлілася, што ніякай пакупкі «Oltchim» не было. Хутчэй, тое была дэкларацыя аб намерах, аднак сваю ролю на выбарах гэта згуляла. Поспех PP-DD эксперты тлумачаць таксама пратэстам часткі выбаршчыкаў супраць манапалізацыі палітычнай сферы двума палітыкамі — Понта і Бэсеску. Ім хацелася б бачыць новыя твары.

— Як вядома, Траян Бэсеску праводзіў агрэсіўны курс за вяртанне ў склад Румыніі Малдовы, якая да 1940 года была пад кантролем Бухарэста. Вынікі выбараў 9 снежня могуць паўплываць на лёс праекту інкарпарацыі Малдовы?

— Парадаксальным чынам дзень выбараў у Румыніі практычна супаў з так званым днём Вялікага аб’яднання. У гэты дзень у далёкім 1918 годзе Малдаўская Дэмакратычная Рэспубліка (НЧ: аналаг БНР) папрасілася ў склад Румыніі. Гадавіна была адзначаная ў Кішынёве маніфестацыяй уніяністаў, якая закончылася бойкай з палітычнымі апанентамі пад галоўнай навагодняй ялінкай краіны. Аднак большасць экспертаў лічаць, што ўніяністам цяпер не да святаў. Усе ўпэўненыя, што пры рэжыме USL Румынія будзе больш асцярожнай і прагматычнай у пытанні далучэння Малдовы. Тут шмат будзе залежаць ад таго, колькі партфеляў у новым урадзе дастанецца нацыянал-лібералам, якія ўваходзяць у Саюз. Нацыянал-лібералы заявілі апошнім часам пра сябе як вельмі нацыяналістычная партыя, і менавіта з-за іх Віктар Понта не можа дамовіцца з венграмі.

— Ці можа Бэсеску неяк сарваць план канстытуцыйнай рэформы Понта?

— Цяпер, паводле канстытуцыі, Бэсеску павінен прапанаваць на разгляд парламенту кандыдатуру кіраўніка ўраду. Лагічна, каб гэта быў пераможца выбараў, аднак не факт, што прэзідэнт пагодзіцца на фігуру Понта. Калі на працягу 20 дзён намінацыі не будзе, або прэм’ера не зацвердзяць, патрэбна абвяшчаць новыя выбары. Аднак пакуль нішто не сведчыць, што вынікі новага галасавання будуць іншымі, чым 9 снежня. Можа, гэта гучыць дзіўна, аднак адзінае, што можа сарваць планы Віктара Понта, гэта хуткая адстаўка самога Бэсеску. Менавіта на антыпатыях да яго трымаецца адзінства ідэйна розных суб’ектаў аб’яднання Сацыял-ліберальны саюз. Яшчэ адзін магчымы варыянт — Бэсеску падключыць да сваіх планаў Еўрасаюз, які, пагражаючы скарачэннем фінансавай дапамогі для Бухарэста, прымусіць Понта адмовіцца ад канстытуцыйнай рэформы. Пакуль, праўда, прэзідэнт упарта маўчыць.
 

--------------------------------------------------------------

Даведка:

Выбары ў парламент Румыніі (у ніжнюю і верхнюю палаты) адбыліся 9 снежня. Перамогу на іх атрымаў апазіцыйны Сацыял-ліберальны саюз (USL), які набраў 58,7% галасоў (у сенаце — 60,1%). Прапрэзідэнцкі Альянс «Правая Румынія» (ARD) набраў 16,5% (16,7%), «Народная партыя» Дана Дзіяканеску (PP-DD) — 13,99% (14,65%), Дэмакратычны саюз венграў Румыніі (UDMR) — 5,13% (5,23%).

 

Каментаваць