Рускія немцы ідуць

Этнічныя немцы, якія ў свой час імігравалі ў ФРГ з краін былога СССР, упершыню сталі значным суб’ектам нямецкай унутранай палітыкі, выступаючы ў авангардзе пратэстаў супраць мігрантаў. 



«Матрёшка», «Петрушка», «Жар-птица»… Крамы з такімі кічавымі назвамі можна сустрэць у кожным больш-менш вялікім горадзе Германіі. У асартыменце «Матрёшек», як правіла, піва «Балтыка», гарэлка расійскіх гатункаў, дыскі з апошнім сезонам «Мянтоў», плюс кефір — гэты прадукт нямецкая малочная вытворчасць чамусьці дасюль не засвоіла. Гэтыя крамы — па сутнасці адзінае, што нагадвае пра тое, што недзе тут побач існуе рускамоўная камуна.

Грамада рускіх немцаў, або так званых «пазнейшых перасяленцаў», пачалася фармавацца на пачатку 1990-х гадоў, каля Германія адчыніла дзверы для этнічных немцаў рэспублік былога СССР. У асноўным рэпатрыянты ехалі з Расіі, Малдовы, Казахстану. Няма сумневаў, што матывы пакаваць чамаданы галоўным чынам былі эканамічнага характару. Усяго ў перыяд 1990–2011 гадоў у Германію прыбыла каля 1,45 мільёна этнічных немцаў з краін былога СССР, у першую чаргу з Расіі (612 тысяч) і Казахстана (575 тысяч). Напэўна, сюды таксама трэба дадаць каля 300 тысяч савецкіх яўрэяў.

Па прыбыцці ў фатэрлянд імігранты даволі хутка атрымлівалі дакументы грамадзян ФРГ, аднак цалкам інтэгравацца ў большасці сваёй яны не збіраліся, і напэўна, не маглі, паколькі як асобы былі сфармаваныя савецкім маскультутам. Спажывецкія забабоны ў іх таксама былі сфармаваныя ў СССР, які немагчыма ўявіць без спрадвечнага дэфіцыту. Таму шмат для каго паход у супермаркет быў проста фантастыкай, для чаго цалкам хапала грошай, атрыманых у рамках сацыяльнай дапамогі па беспрацоўю. Хаця нямецкая адміністрацыя намагалася ў мэтах хуткай інтэграцыі рассяліць мігрантаў з Усходу па ўсёй краіне, цалкам асіміляваць іх не атрымалася. Важным фактарам для стварэння рускага гета была культурная ізаляцыя, чаму спрыялі спадарожнікавыя талеркі. Толькі ў другой генерацыі рускія немцы пачалі выходзіць з маргінальнага стану, і сапраўды, занялі частку сегмента бізнесу, перш за ўсё таго, што працаваў з расійскім капіталам або на рынках СНД. Канкурэнтнай перавагай тут было, натуральна, валоданне рускай мовай.

Пры гэтым, у адрозненні ад іншых дыяспар, якія жывуць у ФРГ, рускія немцы ў палітыку асабліва не лезлі. Дакладней сказаць, не лезлі да апошніх часоў. Сёння ў Германіі назіраецца феномен імклівай палітызацыі гэтай катэгорыі грамадзян ФРГ. Як правіла, лю­дзей з моцным рускім акцэнтам можна паба­чыць на шматлікіх антыўрадавых маніфестацыяй, а ў гарадах, дзе іх адсотак высокі, яны ўвогуле фармуюць касцяк пратэстоўцаў.

26 студзеня па ўсёй Германіі прайшла акцыя рускіх немцаў супраць злачынцаў-уцекачоў. Найбольш людзей выйшлі ў адным з гарадоў зямлі Бадэн-Вюмтэмберг — каля трох тысяч.

Усё гэта выглядае трошкі парадаксальна, паколькі рускія немцы часта маршыруюць пад аднымі транспарантамі з нямецкімі праварадыкаламі. Карычневыя яшчэ 4–5 гадоў таму ахвотна эксплуатавалі фобіі бюргераў адносна «крыміналізаванай» рускамоўнай грамады. Таксама прэса часта пісала пра бойкі рускамоўных тынэйджараў з аднагодкамі-неанацыстамі, якія не маглі прабачыць Сталінград.

Другі парадокс звязаны з тым, што рускія немцы — таксама імігранты, і, падавалася, павінны праяўляць салідарнасць з сябрамі па няшчасці. Шмат хто з іх на сваёй скуры адчуў, што значыць бытавая ксенафобія, забабоны супраць іншаземцаў у працоўным калектыве, агрэсія з боку правых радыкалаў. Аднак на гэты конт назіраюцца супрацьлеглыя настроі.

На сайт вядучага СМІ рускіх немцаў «Русская Германия» правёў апытанне «Што рабіць з уцекачамі?». Самым папулярным адказам стала: «Уцекачам няма чаго рабіць у Германіі, хай з’язджаюць дадому». А таксама: «Калі гэта сапраўдныя ўцекачы, то іх павінна задаволіць любая краіна, дзе няма вайны, не абавязкова мэтай уцёкаў павінна быць Германія». Менш за ўсё галасоў набраў адказ: «Няхай прыязджаюць — мы таксама калісьці былі ў Германіі бежанцамі».

Некаторыя бачаць тут след Пуціна, які ў рамках гібрыднай вайны інструменталізуе камуну рускіх немцаў для ціску на Меркель, якая павінна хутчэй забыць пра Украіну. Варта згадаць, што журналісцкую качку пра рускую дзяўчынку Лізу з Берліна, якую, быццам, згвалтавалі сірыйскія мігранты, сістэмна распаўсюджвалі расійскія СМІ. Менавіта пасля таго, як гісторыя пра «Бедную Лізу» трапіла ў эфір, адбылася акцыя 26 студзеня.

Сацыёлагі, у сваю чаргу, кажуць, што тут могуць праяўляцца звычайныя патрыятычныя пачуцці. Рускім немцам не падабаецца, што нямецкія медыя, як ніколі з часоў халоднай вайны, распаўсюджваюць негатыўную інфармацыю пра іх радзіму. Нарэшце, ёсць думка, што сыход у палітыку абумоўлены эканомікай. Рускія немцы, будучы незаможнай групай, моцна пацярпелі ад эканамічнага крызісу і баяцца, што дзяржава пачне скарачаць сацыяльную праграму, каб за іх кошт вырашыць міграцыйны крызіс. Ёсць думка, што гэта нейкі перажытак постсавецкай аўтарытарнай свядомасці. «Ксенафобскае стаўленне і непрыкрытая агрэсія супраць бежанцаў — больш чым маніпуляцыі Крамля, яны адлюстроўва­юць настроі ў камуне», — піша «Frankfuter Allegemaine».

У любым выпадку, трэнд на радыкалізацыю рускіх немцаў відавочны, і нямецкае грамадства і дзяржава павінны на яго неяк рэагаваць. Наяўнасць унутры краіны такой вялікай групы, якая кансалідавана выступае супраць курсу ўраду, блакіруецца з экстрэмістамі, інспіруецца звонку — сур’ёзны выклік. Тут трэба заўважыць, што пры ўсіх праблемах і недахопах лічылася, што інтэграцыя амаль 2,5 мільёнаў рускамоўных немцаў усё ж адбылася. І тут такі вынік.

Калі меркаваць па публікацыях у нямецкай прэсе, у якасці першага кроку плануецца аднавіць сталае даследаванне рускамоўнай грамады, якое было згорнута прыкладна дзесяцігоддзе таму. Самая вялікая загадка для культуролагаў і сацыёлагаў — другая генерацыя рускіх немцаў, якія нягледзячы на добрую ступень інтэграцыі ў соцыум, засталіся, як высвятляецца, у чымсьці варожымі да яго дэмакратычных каштоўнасцяў.

Абмеркаванне:

  • awa
  • 2016-02-29 23:06:49
Ксенафобія постсавецкіх расейцаў, у тым ліку і гэтых "выкідышаў" СССр, пераплюне любых нэанацыстаў і куклукскланаўцаў.

Каментаваць