Рускія ў Эстоніі: інтэграцыя — гэта не асіміляцыя

Неабходнасць здачы экзамену па эстонскай мове застаецца адным з найбольш папулярных адказаў на пытанне аб тым, у чым заключаецца дыскрымінацыя рускіх Эстоніі. Шмат хто называе гэты экзамен зневажальным.



Талін


Мне даводзілася бываць у Эстоніі досыць часта, але, акрамя як на рынку, я ніколі не размаўляла тут па-руску: не хацела адчуваць на сабе пагарду, якую, на маю думку, выказваюць эстонцы да сваіх рускамоўных жыхароў.


Аднак пазней высветлілася, што гэты страх — звычайны комплекс беларусаў, якія баяцца быць зблытанымі з рускімі за мяжой. Ніякай пагарды даўно няма, а адзіная праблема — неразуменне эстонцамі (асабліва маладымі) рускай мовы — вырашаецца адразу пасля таго, як ты ветліва пераходзіш на англійскую.

«НІЯКАГА РУСКАГА ПЫТАННЯ НЯМА»

Калі я шукала людзей для інтэрв'ю сярод рускамоўнага насельніцтва Эстоніі, прадстаўляючыся як журналіст, які хоча разабрацца ў «рускім пытанні», многія накіравалі мне адказы з выказваннем здзіўлення: «Паводле нашага глыбокага пераканання, ніякага рускага пытання, проста кажучы, няма».

Справа ў тым, што эстонцы пад «рускім пытаннем» часта маюць на ўвазе нежаданне рускамоўнага насельніцтва інтэгравацца, у той час як самі рускія разумеюць пад гэтым дыскрымінацыю, якую яны адчуваюць. Тут паўстае іншае пытанне: калі неаднаразова прагучала думка аб адсутнасці «рускага пытання», ці існуе насамрэч гэтая дыскрымінацыя, і наколькі яна залежыць ад нежадання рускіх эстанізавацца? 

Дзіўная справа: калі я пыталася ў рускамоўных, ці адчуваюць яны на сабе дыскрымінацыю, каля паловы давалі станоўчы адказ, але на просьбу ўдакладніць, у чым гэтая дыскрымінацыя заключаецца, проста губляліся.

Пасольства Расіі

НЕ ПАНАЕХАЎШЫЯ

Аліса Блінцова, актывістка арганізацыі «Руская школа Эстоніі», паскардзілася на новую школьную рэформу, паводле якой 60% выкладання павінна адбывацца на эстонскай мове. Праблему спадарыня Блінцова бачыць у тым, што рэформа сама па сабе з'яўляецца незаконнай. Паводле Алісы, любы чалавек павінен мець права атрымліваць адукацыю на сваёй мове. «Можна падумаць, што дзяржава проста не зможа забяспечыць навучанне кожнай этнічнай меншасці на роднай мове. У Эстоніі, Латвіі і Літве сітуацыя зусім іншая: нам тут не трэба ствараць новыя школы, набіраць выкладчыкаў, праграму складаць. У нас гэта ўсё ўжо ёсць, у нас гэта было спакон вякоў тут: рускай адукацыі ў Эстоніі больш гадоў, чым самой Эстонскай Рэспубліцы! Проста не трэба парушаць тое, што тут існавала стагоддзямі. Рускія тут жывуць, прабачце, з ХVІ стагоддзя. Яны тут не панаехаўшыя. Яны тут жылі заўсёды, гэтак жа, як і немцы і шведы».

Актывістка арганізацыі «Руская школа Эстоніі» Аліса Блінцова

Складаецца ўражанне, што гэта эстонцы нейкім чынам захапілі кавалачак паўночна-ўсходняй Расіі і пачалі там насаджаць сваю культуру. Пытаюся, ці не задумваліся незадаволеныя рэформай рускамоўныя бацькі рускамоўных дзяцей, што гэтая рэформа з'яўляецца, у першую чаргу, дапамогай у вывучэнні мовы краіны, у якой яны жывуць, а з больш прагматычнага пункту гледжання — натуральна, у атрыманні вышэйшай адукацыі ў Эстоніі і працы. «Так, існуе думка, што гэта нібыта дапаможа вывучэнню эстонскай мовы, аднак гэтае меркаванне нічым не пацверджана, ніякіх даследаванняў на гэтую тэму не праводзілася».

Трэба адзначыць, што на Алісу ў свой час была заведзена справа па фальсіфікацыі дакументаў, паводле якіх бацькі апякунскага савета адной з талінскіх рускамоўных школ не пагаджаюцца, каб іх дзеці навучаліся на эстонскай мове.

Большасць маіх рускамоўных знаёмых, якія жывуць у Эстоніі, добра валодаюць эстонскай мовай, маюць эстонскае грамадзянства, хтосьці нават адслужыў у эстонская арміі. Анастасія Драчова, менеджэр па камунікацыі эстонскага культурнага партала kultuur.ee, кажа, што была неверагодна здзіўлена, калі яе, рускамоўную дзяўчыну з рускімі імем і прозвішчам, узялі на працу. Аднак, насамрэч, такіх прыкладаў — процьма.

Талін

ЭКЗАМЕН ПА ЭСТОНСКАЙ МОВЕ

Улічваючы дадзеныя некаторых статыстык, рускамоўныя лічаць экзамен на валоданне эстонскай мовай неверагодна і неапраўдана складаным і дыскрымінуючым. Хтосьці кажа, што ім прасцей і «практычней» вывучыць англійскую. «Навошта? Я навіны і па-руску прачытаць магу», — адкажуць другія. І толькі трэція прызнаюцца: «Было няцяжка, я эстонскую з дзяцінства вучыў». У асноўным гэта тая праслойка рускамоўнай моладзі, якая нарэшце пачынае інтэгравацца ў эстонскае грамадства і нейкім чынам даказваць самім эстонцам, што не ўсе рускамоўныя — закрытыя і «неінтэграбельныя».

Журналіст і тэлевядучы Уладзіслаў Капылкоў

«Інтэграцыя — гэта такі працэс, калі два бакі ідуць насустрач, — каментуе журналіст Уладзіслаў Капылкоў. — Самі дзеячы інтэграцыі прызнаюць, што інтэграцыя — гэта не асіміляцыя. Мы не павінны асіміляваць рускамоўную меншасць, мы павінны захаваць яе культуру, нейкія сацыякультурныя коды, але адначасова мы павінны пабудаваць адзінае грамадства і знаходзіць нейкія пункты дотыку». Журналіст сцвярджае, што ўсе інтэграцыйныя механізмы ў Эстоніі даволі развітыя: гэта і курсы эстонскай мовы, і культурная праграма, розныя семінары і лекцыі. Дастаткова мець жаданне імі скарыстацца.

Неабходнасць здачы экзамену па эстонскай мове да цяперашняга часу застаецца адным з найбольш папулярных адказаў на пытанне аб тым, у чым жа заключаецца дыскрымінацыя рускіх Эстоніі. Маўляў, трэба валодаць такім узроўнем мовы, якім не валодаюць самі эстонцы. Самі эстонцы пагаджаюцца, што гэта не найлягчэйшы іспыт, аднак складанасць яго залежыць ад складанасцяў самой мовы, ніякага дыскрымінацыйнага характару гэта не нясе. Экзамен аднолькавы для ўсіх, хто жадае атрымаць эстонскае грамадзянства, то бок не толькі для рускіх.

Юрыст-міжнароднік і публіцыст Яўген Цыбуленка

Юрыст і публіцыст Яўген Цыбуленка расказвае, што для атрымання эстонскага грамадзянства трэба здаць два іспыты. «Першы — эстонская мова на зровень B1 — базавы ўзровень. Другі іспыт — на веданне асноў канстытуцыі і асноў закона аб грамадзянстве. Прытым, падчас другога іспыту і канстытуцыя, і закон аб грамадзянстве ляжаць на стале. Экзамены элементарныя». Яўген кажа, што вельмі шмат людзей гэтыя экзамены паспяхова здаюць.

З часоў атрымання Эстоніяй незалежнасць, колькасць асобаў без грамадзянства, так званых «шэрапашпартнікаў» зменшылася з 30% да 7%. Гэта быў вольны выбар людзей: хтосьці прыняў расійскае грамадзянства, хтосьці ўкраінскае, хтосьці застаўся без грамадзянства, але збольшага людзі, у якіх было моцнае жаданне атрымаць эстонскае грамадзянства, яго атрымалі.

«У адным з сацапытанняў значыцца, што 68% рускамоўных, якія не прайшлі іспыт на валоданне эстонскай мовай, лічаць гэты іспыт зневажальным. Але калі чалавек лічыць, што вывучэнне мовы той краіны, у якой ён жыве, лічыцца зневажальным, то гэта асабістая праблема самога чалавека», — кажа Яўген.

«ВЫ БАЧЫЛІ ІХ ВЁСКІ?»

Іншая справа — калі чалавек адмыслова не прымае ні расійскае, ні эстонскае грамадзянства. Прычына: бязвізавы рэжым з Расіяй, а там сваякі, радзіма продкаў і танныя тавары. Мяжа Эстоніі і Расіі ў горадзе Нарва — гэта доўгі мост праз аднайменную раку. Цэлы дзень на машынах, пехатою, на веласіпедах, людзі туды-сюды мітусяцца ўздоўж усяго пераходу.

Апытваем людзей, якія толькі прасеклі памежны пункт. Збольшага гэтыя людзі падтрымліваюць расійскую палітыку, ганарацца Пуціным і ставяцца з пагардай да эстонскай дзяржавы, збольшага, але не ўсе. Але вось на пытанне, ці хочуць яны пераехаць у Расію, большасць адказала прыкладна так: «А вы бачылі іх вёскі? Там жа галота і бардак, з законам ніхто не сябруе». Адзін маргінальнага выгляду мужчына нават адзначыў, што «тэрміны ў турмах Эстоніі больш справядлівыя і гуманныя». А анексіі Нарвы пажадаў толькі адзін чалавек, і тое пасля некаторых роздумаў выдаў сумнеўнае: «Магчыма так».

Былы мэр Нарвы Тарма Тамістэ падкрэслівае, што вельмі малы працэнт нарвіцянаў хоча змяніць свае становішча. Большасці з іх падабаецца, якія ў Эстоніі створаныя магчымасці. Нягледзячы на тое, што пасля дазволу неграмадзянам уязджаць у Расію без візы, многія жыхары, у асноўным сталага веку, проста згубілі матывацыі атрымліваць грамадзянства.

Былы мэр Нарвы Тарма Тамістэ 

«Рускія, якія жывуць у Расіі, і рускія, якія жывуць у Эстоніі, — гэта розныя рускія. У нейкім сэнсе, у іх ужо нават мова адрозніваецца. Падыход да жыцця і паняцце «радзіма» ў іх таксама розныя. Падыдзіце да любога нарвіцяніна на вуліцы. Для іх радзіма — гэта Эстонія, і яны не хочуць ніякага ўз'яднання», — упэўнены Тарма Тамістэ.

Каментаваць