Ружовая схізма

Здаецца, пачаўся новы віток развалу Іспаніі як унітарнай дзяржавы. Мясцовыя секцыі агульнанацыянальных іспанскіх партый патрабуюць аўтаноміі і нават незалежнасці. Як знішчыць гідру сепаратызму? Кіраўніцтва Іспанскай аб’яднанай рабочай партыі (PSOE) вырашала біць сепаратыстаў рублём.



 Штрафамі ў памеры ад 200 да 600 еўра пакарана група каталонскіх дэпутатаў-сацыялістаў у Картэсах, якія 26 лютага не прагаласавалі супраць рэзалюцыі аб праве Каталоніі на суверэнітэт, чым парушылі фракцыйную дысцыпліну.

 

Паколькі каталонскія сацыялісты маюць сваю мясцовую арганізацыю — Партыю сацыялістаў Каталоніі (PSC), якая фармальна з’яўляецца асацыяванай партыяй у PSOE, гэта пацягнула за сабой вялікую разборку паміж дзвюма структурамі.

 

У сваю чаргу, спрэчка вакол суверэнітэту Каталоніі агаліла ўсе старыя партыйныя хваробы PSOE: незадаволенасць фігурай старшыні, ідэалагічныя супярэчнасці, адсутнасць адзінства па тактычных пытаннях. Пікіроўкі паміж рознымі фракцыямі ўнутры PSOE дайшлі да такой ступені, што некаторыя СМІ паставілі сацыялістам суровы дыягназ — «кома».

 

Чым закончыцца ўнутрыпартыйная вайна, цяжка сказаць, а вось пытанне новага фармату адносін цэнтру і філіялаў у аўтаноміях трэба вырашаць хутка. Нагадаем, што структура PSOE, адпаведна статуту, уяўляе сабой федэрацыю, якая складаецца з 18-ці рэгіянальных сацыялістычных партый. Праўда, чым Сацыялістычная партыя Краіны Баскаў, Сацыялістычная партыя Галіі або Андалузіі адрозніваюцца ад звычайных абласных арганізацый, цяжка сказаць. Гучнасць назвы не замінае вызначаць іх курс Федэральнай выканаўчай камісіі (CEF). Схема яўна не аптымальная, калі гаворка ідзе пра такую тонкую сферу, як міжнацыянальныя адносіны. Дастаткова было адбыцца згаданаму вышэй інцыдэнту са штрафамі, як сацыялісты на перыферыі пачалі патрабаваць перагляду схемы.

 

Тое, што PSC бунтуе, — не дзіўна, калі ўзгадаць гісторыю партыі. Гэта арганізацыя стваралася на базе цэлага кангламерату сацыялістычных партый, якія нарадзіліся ў краі пасля падзення дыктатуры Франка або проста выйшлі з падполля. Так здарылася, што ў першыя гады дэмакратыі ў Каталоніі дзейнічалі аж чатыры левацэнтрысцкія партыі: больш нацыяналістычныя «Партыя сацыялістаў Каталоніі — Групоўка» (PSC-R) і «Рэспубліканскія левыя Каталоніі» (ERC), артадаксальная марксісцкая «Партыя сацыялістаў Каталоніі» (Кангрэс) і, нарэшце, Каталонская федэрацыя PSOE. У выніку шматлікіх камбінацый апошняй удалося ўключыць у свае шэрагі PSC-R і Кангрэс. У 1977 годзе адбыліся аб’яднаўчыя сходы каталонскіх сацыялістаў, на якіх і была абвешчаная тая самая PSC. А вось левыя рэспубліканцы адмовіліся аб’ядноўвацца, паколькі лічылі, што сацыялізм у Каталоніі магчымы толькі ў выпадку, калі краіна будзе незалежнай.

Такім чынам, у Каталоніі склалася забаўная сітуацыя, калі левы фланг прадстаўлялі адразу дзве партыі — левыя рэспубліканцы і сацыялісты. Магчыма, гэта і правільна, паколькі сацыяльнай базай PSC доўгі час былі ў тым ліку так званыя «працоўныя метраполіі» — гастарбайтэры, якія ў 1960-я гады прыехалі ў Каталонію з розных рэгіёнаў у пошуках лепшай долі. Яны напрыканцы 1970-х гадоў слаба разумелі забабоны тутэйшых і баяліся прымусовай культурнай і моўнай асіміляцыі.

Аднак з часам сітуацыя пачалася мяняцца: дзеці і ўнукі тых самых гастарбайтэраў, якія па традыцыі абіралі PSC, інтэграваліся ў соцыум. У выніку PSC пачала асцярожна патрабаваць большай самастойнасці. Першы званок прагучаў у 2004 годзе, калі адзін з дэпутатаў PSC, як высветлілася, кантактуе з баскскай тэрарыстычнай арганізацый ЕТА для таго, каб, па яго словах, арганізаваць дыялог паміж тэрарыстамі і іспанскім урадам. А некалькі гадоў таму PSC патрабавала сапраўднай федэралізацыі структуры PSOE, напрыклад, права самастойна без кантролю з цэнтру фармаваць выбарчыя спісы.

Цяперашні крызіс у адносінах паміж Каталоніяй і Мадрыдам напаткаў сацыялістаў (і не толькі каталонскіх) знянацку. У якасці канструктыўнай альтэрнатывы заклікам да незалежнасці сацыялісты прапануюць план федэралізацыі Іспаніі. Такой жа пазіцыі прытрымліваецца і цэнтральны апарат PSOE. Аднак першыя спробы накідаць макет будучай федэратыўнай Іспаніі, якія мелі месца на апошніх зборах кіраўніцтва PSOE, выявілі глыбокія супярэчнасці. Каталонцы патрабавалі, каб аўтаноміям у новай канстытуцыі пакінулі права на самавызначэнне, што не спадабалася цэнтру. Той канфлікт неяк залагодзілі, аднак, як сведчаць апошнія падзеі, яго фундаментальныя прычыны не вырашаныя.

Што далей? Думаецца, магчымыя тры сцэнары. Варыянт першы: сацыялісты Мадрыду і Барселоны знойдуць кансэнсус на базе новай міжпартыйнай дамовы, чаго настойліва патрабуе Барселона. Пры другім варыянце мы будзем назіраць павольны працэс паступовай аўтанамізацыі PSC. Магчымы трэці, самы брутальны варыянт: PSC проста не будзе з кім заключаць новую федэральную дамову, паколькі цэнтрабежныя працэсы ўнутры PSOE прывядуць да яе дэфрагментацыі і стварэння на яе базе як мінімум дзвюх партый. Праўда, такая пагроза вісіць і над PSC. У партыі таксама пануе татальны бардак. Партыя тройчы запар прайграла выбары і знаходзіцца ў поўнай ідэйнай прастрацыі, у тым ліку з-за таго, што не ўпісалася ў дэбаты пра незалежнасць.

Цікава рэакцыя экспертнай і журналісцкай супольнасці. Тут сустракаюцца абсалютна палярныя ацэнкі. Так, некаторыя заклікаюць сацыялістаў тэрмінова знайсці агульную мову, паколькі цяперашняя канфрантацыя — як мінімум, удар па аўтарытэту левацэнтрыстаў, што дае глебу для з’яўлення ў Іспаніі папулісцкіх пратэстных палітыкаў. Ва ўсіх цяпер перад вачыма тое, што адбываецца ў Італіі.

Іншыя, наадварот, вітаюць спрэчку ў нетрах PSOE ў надзеі, што гэта ажывіць левы дыскурс і дасць імпульс для сацыялістаў. Прыхільнікі абнаўлення тэрмінова склалі маніфест, у якім гаворыцца: «Мы павінны змяніць спосаб, якім мы займаемся палітыкай, каб партыя стала галоўнай сілай сацыяльных зменаў, інструментам трансфармацыі і мадэрнізацыі краіны дзеля патрэбы сацыяльнай большасці».

Ёсць і тыя, хто заклікае лідараў PSOE стаяць да канца супраць незалежніцкіх амбіцый PSC. На іх думку, любая саступка будзе значыць пачатак капітуляцыі перад ціскам каталонскага нацыяналізму. Дарэчы, нацыяналістычны ўрад Каталоніі сапраўды асобным рашэннем вітаў дэмарш сацыялістычных дэпутатаў у Картэсах. Нацыяналісты не хаваюць, што такі крок PSC дае ім права ў перамовах з Мадрыдам казаць пра тое, што абсалютная большасць вядучых палітычных сіл Каталоніі патрабуе права на самавызначэнне.

Пакуль усё адбываецца адпаведна другому сцэнару. Хаця лідары PSOE і PSC шмат кажуць пра намер заключыць новы міжпартыйны пакт, партыя сацыялістаў Каталоніі ўжо абвясціла, што пакідае за сваёй фракцыяй у іспанскім парламенце права галасаваць па-за дэпутацкай групай PSOE па каталонскай праблематыцы. Прэса расцаніла гэтую заяву як маніфест аб стварэнні суб-фракцыі — першы крок у накірунку поўнай партыйнай незалежнасці.

Каментаваць