Рымскі Папа пра геяў

Польскія каталікі намагаюцца зразумець словы новага Рымскага Папы пра ягонае лаяльнае стаўленне да прадстаўнікоў сэксуальных меншасцяў. Між тым, лібералы лічаць, што наступствам гэтых дэбатаў стане раскол польскага касцёла.



У фокусе ўвагі не толькі польскай, але і ўсёй сусветнай каталіцкай грамады аказалася выказванне Папы пры сустрэчы з прадстаўнікамі СМІ падчас ліпеньскага візіту ў Бразілію. «Хто я такі, каб асуджаць геяў?» — паведаміў Францыск. Словы пантыфіка за лічаныя хвіліны абляцелі ўвесь свет. Раней Ватыкан быў ледзьве не ў авангардзе барацьбы супраць правоў сэксменшасцяў. І вось такі нечаканы зігзаг.

Натуральна, левая і ліберальная грамадскасць вітала словы Папы. Так, іспанскае лева-ліберальнае выданне «El Pais», каментуючы словы Францыска, спадзяецца, што да ўлады ў Ватыкане прыйшлі прыхільнікі вучэння Тэалогія вызвалення — левы накірунак у лацінаамерыканскім Касцёле, сябры якога бачаць у Хрысце ледзьве не першага камуніста. Супрацьлеглая рэакцыя на правым флангу, дзе выказванне пантыфіка сустрэлі насцярожана. У тым ліку абураецца кансерватыўная частка польскага касцёлу, які, як вядома, адыгрывае вялікую ролю ў жыцці краіны.

Пры гэтым наўпрост крытыкаваць лідара Ватыкана фундаменталісты не могуць. Таму выкарыстоўваецца больш цікавы прыём. Самая папулярная ў гэтым асяроддзі версія — словы Папы выхапілі з кантэксту прайдзісветы — журналісты і перакладчыкі. Так, выданне «Christianitas» называе рэакцыю прэсы на словы Папы «дурным энтузіязмам». «Christianitas» лічыць, што мы ўсе сталі сведкамі фестывалю ліберальных публіцыстаў, якія «прыдумалі сабе свой вобраз Папы». На думку выдання, дыскусія Ватыкану наконт правоў гомасэксуалістаў больш складаная. Аднак тое, што адбываецца на сумных тэалагічных сімпозіумах, натуральна, не цікавае акулам клавіятуры.

Дасталася і перакладчыкам. Ахвотна ўзгадваюць тое, што італьянскія словы «traduttore» (перакласці) і «traditore» (здрадзіць) вельмі падобныя.

Сваю фармуліроўку выданне тлумачыць на канкрэтным прыкладзе: «Падчас той жа прэс-канферэнцыі Папа казаў пра гомасэксуалізм сярод святароў». Агенцтва АР трактуе гэта як заяву аб змене погляду царквы на гэта пытанне. Між тым, пазней у сваёй прамове Папа ўзгадаў асновы каталіцкага вучэння аб гомасэксуалізме і працытаваў катэхізіс, які асуджае такую практыку як грэх. Аднак ліберальная прэса цалкам ігнаравала гэты фрагмент прэс-канферэнцыі. І вось каментатар на канале CNN: «Ніколі не чуў нічога падобнага ад Рымскага Папы, і яго словы можна параўнаць з пачаткам новай Французскай рэвалюцыі».

 «Для супрацоўнікаў СМІ інфармацыя — гэта тавар, попыт на які вызначаецца колькасцю клікаў. Нават цень авантуры, скандалу, дэканструкцыі міфаў будзе апісаны так, каб ён стала залатой жылай. Каталіцкая царква цікавіць іх (журналістаў) толькі таму, што гэтую тэму можна прадаць. Шмат аглядальнікаў касцельнага жыцця жывуць катэгорыямі «сенсацыя» і «катастрофа», — піша іншае правае выданне «Frondа».

У ход ідуць і іншыя інтэрпрэтацыі. Напрыклад, пішуць, што сваім выказваннем пра геяў Папа проста хацеў падкрэсліць свой новы стыль. Што ён пры гэтым кіраваўся мясцовай бразільскай кан’юнктурай. Як вядома, у Бразіліі ў гэтай сферы вельмі ліберальнае заканадаўства. Нават легалізаваны аднаполыя шлюбы. Што пантыфік меў на ўвазе нейкага канкрэтнага чалавека, які кінуў займацца садаміяй, а не ўсю грамаду прадстаўнікоў сэксуальных меншасцяў. Іншыя ж мяркуюць, што Папа такім чынам акцэнтаваў увагу на тым, што сам па сабе гомасэксуалізм не ёсць вялікае зло ў параўнанні з гей-лобінгам.

Аднак спробы такога кшталту інтэрпрэтацыі падаюцца слабымі. Перш за ўсё таму, што сам Папа не паставіў кропкі над «і». «Чаму сам Папа Рымскі даў імпульс гэтаму працэсу? Чаму дапусціў гэтаю хвалю? Няўжо Папа сапраўды думаў, што сучасныя СМІ будуць намагацца зразумець яго словы і жэсты?» — абураецца блогер на форуме аднаго з каталіцкіх сайтаў.

Паўплывала на настроі аўдыторыі і віншаванне, якое Ватыкан на днях даслаў мусульманам з нагоды заканчэння свята Рамадан. У тым віншаванні Папа называе мусульман «братамі».

Таму на старонках кансерватыўных СМІ гучыць усё больш адкрытай крытыкі на адрас пазіцыі пантыфіка. Тая ж «Frondа» адзначае: «Можна быць добрым каталіком і ўвогуле не цікавіцца тым, што кажа Папа. Тым больш, што паміж нейкімі словамі і энцыклікай пралягае вялізарная прорва. А паміж словамі і дагматычнай дэфініцыяй — прорва ўвогуле касмічная. Ёсць мяжа, якую каталік у стаўленні да Папы не можа пераходзіць, аднак гэта дазваляе яму трымаць дыстанцыю, і нават праяўляць сваю нязгоду». Самыя заўзятыя радыкалы заклікаюць байкатаваць хуткі візіт Папы ў Кракаў у рамках сустрэчы каталіцкай моладзі. Праўда, такіх вельмі мала.

Ахвотна пры гэтым фундаменталісты ўзгадваюць папярэдніка Францыска — вельмі артадаксальнага і кансерватыўнага Бенедыкта. З’явілася нават цэлыя тэорыя, што той пайшоў на пенсію не па сваім жаданні.

Быццам, сысці яго прымусіла ватыканская бюракратыя, дзе шмат прыхільнікаў рэформаў у духу рэзалюцый ІІ Ватыканскага сабору. «Ратцынгер, нават займаючы высокія пазіцыі ў Касцёле, заўсёды быў па-за межамі ватыканскай эліты і ніколі не трактаваўся істэблішментам нават як партнёр для размовы», — катэгарычна адзначае публіцыст аднаго правага выдання.

Калейдаскоп трактовак учынкаў Папы з боку артадоксаў і праявы адкрытай крытыкі на ягоны адрас, натуральна, цешаць ліберальную публіку. Вядомы польскі палітолаг Яцэк Жакоўскі з часопіса «Polityka» кажа: «Ёсць шмат прыкмет таго, што Францыск праз тры гады, калі ў Кракаве адбудзецца свята каталіцкай моладзі, прыедзе на поле бою або на поле, дзе бітва толькі што закончылася. Я з цікавасцю назіраю за зменамі ў ландшафце польскага каталіцызму — вялікай частцы вернікаў будзе цяжка пагадзіцца з ідэямі Папы. Цяжка ўтрымацца ад уражання, што мы стаім на парозе буйнога канфлікту ўнутры польскай царквы, які можа прывесці да яе расколу».

Аднак больш слушнай падаецца наступная думка, апублікаваная на старонках «Fronda»: «Каталіцкая грамада ў стаўленні да слоў Папы пра геяў падзялілася на чатыры групы. Першая — гэта маніпулятары, якія даводзяць, што словы Папы — нейкі маніфест пра свабоды гомасэксуалістаў. Другая група — гэта фанатыкі, якія вітаюць усё, што робіць пантыфік. Трэція par excellence трымаюцца думкі, што цяперашні Касцёл — гэта фікцыя, паколькі падпарадкоўваецца лініі ІІ Ватыканскага сабору. Прадстаўнікі гэтага накірунку ўвогуле лічаць, што трэба вярнуцца да канонаў, паводле якіх царква жыла да Вялікай Французскай рэвалюцыі.

Нарэшце, ёсць чацвёртая група, найбольш вялікая. Гэта тыя, хто маўчыць. На першы погляд, аргумент «silentio» (па-лацінску «маўчанне») падаецца не надта моцным. Затое кожны з маўклівых адчувае нейкую моц за сваімі плячыма. Тыя, хто маўчыць, не канчаткова разумеюць словы Папы або, лепш сказаць, іх інтэнцыю. Яны пазбягаюць інтэрпрэтацый на гэты конт. У любым выпадку, яны не бачаць, што тыя словы сапраўды былі замахам на каталіцкае вучэнне пра веру і мараль. Іх маўчанне абумоўленае павагай да Папы, яго аўтарытэтам як вярхоўнага пастара. Яны баяцца, што іх негатыўная або пазітыўная рэакцыя можа выклікаць шоў, якое будзе падарункам для рознага кшталту маніпулятараў. А пачатак падобных дэбатаў будзе іскрай у парахавым склепе».

Гэтая група каталікоў сапраўды пакуль не дала ўцягнуць сябе ў дэбаты пра Папу і геяў. Таму пакуль казаць пра раскол польскага Касцёла ўсё ж, думаецца, рана.

Каментаваць