Сінафобія супраць Назарбаева

Апошнім часам сярод часткі беларусаў папулярны заклікі супраць кітайскай экспансіі. Стаўка на сінафобію, між тым, даўно характэрная для казахскіх дысідэнтаў. Пра тое, наколькі этычна ўжываць фобіі ў барацьбе за дэмакратыю, журналіст НЧ Алег Новікаў размаўляе з казахскім журналістам Андрэем Грышыным.

Апошнім часам сярод часткі беларусаў папулярны заклікі супраць кітайскай экспансіі. Стаўка на сінафобію, між тым, даўно характэрная для казахскіх дысідэнтаў. Пра тое, наколькі этычна ўжываць фобіі ў барацьбе за дэмакратыю, журналіст НЧ Алег Новікаў размаўляе з казахскім журналістам Андрэем Грышыным.

— У Маскве на днях адбылася вялікая прэс-канферэнцыя казахскіх апазіцыянераў, прысвечаная падзеям у Жанаазене. Асаблівы акцэнт рабіўся на тым, што прадпрыемства, на якім адбыўся страйк, што ў выніку скончыўся расстрэлам мірных людзей, належала кітайцам. Наколькі вялікая роля сінафобіі ў арсенале казахскай апазіцыі?

— Гэта тэма не дамінуе, аднак стала прысутнічае. Больш за тое, некаторыя апазіцыйныя палітыкі рэгулярна займаюцца распаўсюдам жахаў пра навалу кітайцаў. Напрыклад, былы зяць Назарбаева Аліеў, які жыве ў эміграцыі, перыядычна кідае ў інтэрнэт розныя матэрыялы, якія пасля перадрукоўваюць у апазіцыйных і незалежных электронных СМІ Казахстана.

Сутнасць іх у тым, што ідзе лабіраванне ўладамі Казахстана інтарэсаў кітайцаў. Так, памятаю, у мінулым годзе Аліеў паведаміў, што быццам існуе сакрэтная дамова паміж Астаной і Пекінам пра перадачу казахстанскім бокам Кітаю аднаго мільёна гектараў зямлі ў арэнду тэрмінам на 99 гадоў. Ён таксама абвінаваціў Назарбаева ў тым, што той быццам заручыўся падтрымкай Кітая на выпадак спробы рэвалюцыі ў Казахстане. І першая, і другая навіна аказаліся несапраўднымі.

— Так ці інакш, можна зразумець, што ў казахскім грамадстве існуе запыт на такую тэму. Гэта неяк звязана з гісторыяй кітайска-казахскіх адносін?

— Адпаведна апытанням, прыкладна 18 працэнтаў казахаў не любяць усходніх суседзяў. Тут ёсць гістарычны фактар. У XVIII–XIX стагоддзях казахскія роды змагаліся супраць кітайскай каланізацыі. Паколькі фармальнай мяжы ў стэпу няма, было шмат памежных сутычак. Нават у 1969 годзе адбыўся памежны канфлікт з мааістамі каля возера Жаланашколь, калі было забіта каля 10 савецкіх салдат. Аднак пра гэта мала хто памятае.

Безумоўна, найбольшую ролю ў нагнятанні антыкітайскіх настрояў адыгрываюць вядомыя факты пераходу пад кантроль кітайскіх кампаній шматлікіх прадпрыемстваў у Казахстане. Гэта часта падаецца ў СМІ Казахстана (і перш за ўсё ў апазіцыйнай прэсе) як пагроза нацыянальным інтарэсам, нацыянальнай бяспецы краіны. Плюс міфы пра магчымую працоўную міграцыю.

— Ці сінафобія характэрна і для этнічных казахаў і для рускамоўных?

— Найбольш негатыўна ставяцца да кітайцаў у Казахстане тутэйшыя — 21%. У той час, як сярод апытаных рускіх гэты паказчык склаў 15%. Гэта звязана з тым, што казахі з-за ўкладу жыцця больш архаічныя, прывязаныя да зямлі, і тэма прэтэнзій Кітаю на захоп часткі тэрыторыі ўспрымаецца імі больш балюча. Што тычыцца рускамоўных, то, на маю думку, тут папрацавалі рускія каналы, дзе шмат ксенафобіі.

Аднак вельмі важна, што сінафобія таксама характэрная ў большасці для старой генерацыі. Нават сельская моладзь, якая імкнецца ў горад, бачыць у кантактах з кітайцамі магчымасць зрабіць нейкі бізнэс.

— Калі паглядзець на спіс апазіцыйных партый і рухаў Казахстана, можна заўважыць наяўнасць там шматлікіх левых — значыць, быццам інтэрнацыянальных партый. Яны таксама падтрымліваюць сінафобскія лозунгі?

— У маі мінулага года ў былой сталіцы прайшоў аб’яднаны мітынг усіх апазіцыйных партый. Сярод удзельнікаў былі Агульнанацыянальная сацыял-дэмакратычная партыя (ОСДП) “Азат, Кампартыя Казахстана, рух “Сацыялістычны супраціў. Яны прынялі рэзалюцыю, у якой ставілі пытанне пра спыненне эканамічнай экспансіі Кітая ў Казахстан. Таксама выносілася пытанне пра прыпыненне рэалізацыі раней запланаваных сумесных казахска-кітайскіх эканамічных праектаў.

— Чаму апазіцыянеры супраць кітайскага капіталу? Хіба сацыяльныя і прафсаюзныя правы на прадпрыемствах, якія кантралююць кітайцы, нашмат горш, чым на тых, дзе мясцовае кіраўніцтва?

— Зараз большасць нафтаздабываючых прадпрыемстваў заходняга Казахстана кантралюе кітайскі капітал, ім належыць больш за 50% акцый. Прычым гэта дзяржаўны кітайскі капітал, а не прыватны. Па словах апазіцыі, кітайскія дзяржаўныя менеджары кепска ведаюць працоўнае заканадаўства нашай краіны і ўсталёўваюць свае парадкі і ўмовы аплаты працы, накіраваныя на максімальную эксплуатацыю нанятых працоўных. Так, галоўны ініцыятар крымінальнай справы супраць прафсаюзнага юрыста Наталлі Сакаловай у Жанаазене быў Юань Му, сябра Камуністычнай партыі Кітая.

Але такое буйное прадпрыемства, як у Жанаазене, каму б яно ні належала, можна сапраўды эфектыўна прыгнятаць працоўных толькі ў кантакце з мясцовай адміністрацыяй. Узгадайце, што асудзіў Сакалову на 5 гадоў не Юань Му, а казахскі суддзя. Таму валіць усе сацыяльныя і экалагічныя праблемы на кітайцаў было б несправядліва.

— Наколькі можна верыць апазіцыйным расказам пра тое, што Назарбаеў — тайны агент Кітая?

— Гэта поўная лухта, асабліва калі ўзгадаць 1990-я гады. Тады меў месца вялікі зямельны канфлікт уздоўж кітайска-казахскай мяжы. Акрамя таго Алма-Ата, якая тады была сталіцай, надала на нейкі час прытулак уйгурскім сепаратыстам. Больш таго — афіцыйная Астана час ад часу сама імкнецца ўзмацняць антыкітайскія настроі. Найбольш актыўна яны праяўляюцца перад з’яўлення сур’ёзных сумесных казахска-кітайскіх праектаў або на пачатку дзейнасці кітайскіх камерцыйных структур на тэрыторыі Казахстана.

У якасці прыкладу можна ўзгадаць нечаканую ініцыятыву дэпутатаў парламенту, якія прапанавала нават забараніць шлюбы паміж казахамі і кітайцамі, і наогул увесці квоту для эмігрантаў з Усходу. З улікам таго, што ўвесь папярэдні парламент складаўся з сяброў прэзідэнцкай партыі, не верыцца, што тыя дэпутаты маглі дазволіць сабе дэмарш без згоды зверху.

Нарэшце, сам уваход Казахстана ў склад Мытнага саюза некаторыя чыноўнікі тлумачылі тым, што гэта будзе бар’ер на шляху кітайскай экспансіі. І адначасова другая група чыноўнікаў падкрэслівала, што альтэрнатывы стратэгічнаму партнёрству Кітая і Казахстана няма. Як бачым, у Астаны больш прагматычная палітыка, у якой галоўная задача — захаваць свой феод як ад Масквы, так і ад Пекіна, згуляць на супярэчнасці іх інтарэсаў.

— Што будзе далей з гульнёй у “антыкітайскую карту?

— Як бачым, сінафобія мабілізуе нейкую частку грамадства, аднак не ўяўляе фатальнай пагрозы для рэжыму, які сам час ад часу маніпулюе гэтай тэмай. Аднак нават калі апазіцыя адмовіцца ад прапаганды сінафобіі, яна нікуды не знікне. Прычыны хваробы ў працэсах сацыяльнай маргіналізацыі насельніцтва, якая нараджае прымітыўныя сцэнары рашэння праблем. Гэта добра можна пабачыць на тым, як імкліва знайшоў сабе базу падтрымкі ў Казахстане ісламскі экстрэмізм.

 

Абмеркаванне:

  • Сашко Чорны
  • 2014-06-21 23:38:18
Вось зараз засталося беларусам- злучыць свой мозг з дзеяннямі- калі дойдзе да нас- што колорадосы нам не сябры, мы- розныя, мы- не разам... Усе краіны гналі прэч Расію.... І нам НЕ па шляху...

Каментаваць