Сабакіны выбары

8 верасня Масква абірае мэра. Пра перадвыбарчыя жарсці і шансы Аляксея Навальнага журналісту НЧ Алегу Новікаву распавядае супрацоўнік маскоўскага офісу арганізацыі «Greenpeace» Таццяна Блатава.



— Выбары ў Маскве — дастаткова незвычайная падзея, паколькі яны датэрміновыя. Прычым ініцыятарам датэрміновага галасавання стаў сам мэр Сабянін. Што пра гэта гавораць людзі?

— Ёсць шэраг версій незвычайнага кроку Сабяніна. Некаторыя кажуць, што ён вырашыў за кошт датэрміновых выбараў затрымацца на пасадзе кіраўніка мэрыі як мага больш. Выбары, з пункту гледжання логікі, лепш праводзіць зараз, паколькі ўсе чакаюць хуткага пагаршэння стану расійскай эканомікі. Ёсць думка, што выбары спатрэбіліся Сабяніну, каб задаволіць нейкія свае амбіцыі. Ну і, нарэшце, не выключаюць, што Сабяніну хочацца быць сваім у вачах масквічоў. Дасюль шмат хто трымае яго за чыноўніка — прызначэнца Пуціна. Важна адзначыць, што ў размовах цалкам адсутнічае версія пра тое, што выбары патрэбны Крамлю для ўзняцця аўтарытэту Сабяніна, каб увесці яго ў склад ураду або увогуле зрабіць прэм’ерам.

— Што можна сказаць пра Сабяніна-мэра?

— Вопыт двухгадовай кадэнцыі Сабяніна адназначны. Увогуле, найбольш гучная рэформа Сабяніна — гэта ліквідацыя вулічных камерцыйных кіёскаў. Некаторым гэта падабаецца, паколькі тыя кіёскі былі крыніцай антысанітарыі. Адназначна пазітыўна ацэньваюць увядзенне спецыяльных палосаў на дарогах для грамадскага транспарту і стварэнне на ўскраінах спецыяльных «накапіцеляў» для машын з рэгіёнаў. Такім чынам людзі пакідаюць свае аўто і едуць далей на метро. У спісе негатыўных учынкаў — змена юрыдычнага статусу прыродных зон. Цяпер у іх дазваляюць будаваць медычныя і нават прамысловыя аб’екты.

— Наколькі Сабянін стаў сваім для масквічоў? Ці прысутнічае настальгія за часамі Лужкова?

— Сабянін застаецца чужым. Ён сам не тутэйшы, і да таго ж ён тыповы чыноўнік. Лужкоў, пры ўсіх яго недахопах, быў больш эмацыйны і меў нейкія выразныя асабістыя слабасці. Ён аказваў вялікую дапамогу дзіцячым дамам. Пры Сабяніне гэтая сфера перастала карыстацца такой вялікай падтрымкай з боку мэрыі. Увогуле, лепшай ілюстрацыяй стаўлення масквічоў да Сабяніна стала мянушка, якую яму далі ў народзе. За вачыма Сабяніна называюць Сабакін. Але, як і Лужкоў, Сабянін намагаецца стварыць асабісты клан за кошт прыцягнення сваіх людзей з рэгіёнаў, дзе ён раней працаваў. Так, манапольнае права на будаўніцтва метро атрымаў Хуснулін, які раней будаваў метрапалітэн у Казані.

— Якія тэмы найбольш турбуюць жыхароў сталіцы на гэтых выбарах? Ці ёсць у гэтым спісе праблемы матэрыяльнага характару?

— Мне падаецца, што эканамічная праблема — не вельмі вострая для большасці выбаршчыкаў. Дастаткова высокія заробкі — каля 1250 долараў ЗША ў сярэднім — дазваляюць тым, хто не мае жылля ў Маскве, адчуваць сябе някепска нават у час крызісу. Куды больш людзей турбуе праблема эміграцыі. Магчыма, гэта падаецца смешным, аднак яшчэ адна з самых вострых выбарчых тэмаў — праблема рэагентаў, якімі пасыпаюць тратуары ў час галалёду. Мэрыю ўвесь час абвінавачваць у псаванні абутку.

— Чаму праблема эміграцыі стала найбольш гарачай? Маскву даўно цяжка ўявіць без выхадцаў з Каўказу і Сярэдняй Азіі.

— Мяркую, што прычынай сталі змены ў калектыўных паводзінах эмігрантаў з Таджыкістану і Узбекістану. Раней яны, хаця і не намагаліся інтэгравацца, аднак паводзілі сябе дастаткова мірна. Цяпер сярод маладых таджыкаў узнікла мода на хуліганскі стыль. Праблема ў тым, што, у адрозненне ад каўказцаў, гэтых хуліганаў цікавіць самы малы гешэфт. Напрыклад, стаў звычайнай з’явай крадзеж аўтамабільных знакаў з машын, якія стаяць у двары. Пасля злодзеі «прабіваюць» тэлефон ахвяры і прапануюць за тысячу рублёў (каля 4 долараў) вярнуць нумар. Паколькі аднаўляць нумары праз ДАІ патрабуе шмат часу, уладальнік аўто звычайна пагаджаецца на шантаж. Тысяча рублёў — проста смешная сума для жыхара Масквы, аднак эмігранты з-за беднасці гатовыя на ўсё. Пры гэтым усе ведаюць, што кожная нелегальная азіяцкая сям’я так ці інакш жыве дзякуючы хабарам чыноўнікам.

— Ці маюць месца на маскоўскіх выбарах фальсіфікацыі?

— Мне цяжка дакладна казаць пра маштаб фальсіфікацый, аднак складана ўзгадаць, калі апошні раз выбары абыходзіліся без скандалаў з каруселлю (галасаванне па талонах) або з укідваннем бюлетэняў. Праўда, гэтыя выбары могуць быць выключэннем. Як я ўжо казала, Сабяніну патрэбна чыстая перамога, каб ніхто нават не меў сумневу ў тым, што ён пераможац. Магчыма, менавіта таму ён патрабаваў, каб Навальны прыняў удзел у выбарах.

— Як выбаршчыкі ацанілі тое, што Навальнага выпусцілі з турмы і далі магчымасць праводзіць кампанію?

— Прынамсі, для нас, юрыстаў, гэта быў шок. Такіх выпадкаў у Расіі практычна не было. Гэта адразу насцярожыла шмат каго з дэмактывістаў. Тым больш, што па сутнасці Навальны не агучвае актуальныя лакальныя праблемы. З грамадзянскімі ініцыятывамі на месцах у нас працуюць партыя «Яблоко» і камуністы. Аднак кампаніі іх кандыдатаў не такія заўважныя з-за скандалу вакол Навальнага.

— Ты кажаш пра тое, што кампанія праходзіць вельмі празрыста. Ці значыць гэта, што дзеючы мэр перакананы ў тым, што пераможа? У чым жа ў такім выпадку інтрыга выбараў 8 верасня?

— Паводле апытанняў, мэр — безумоўны фаварыт. Гэта не дзіўна, паколькі за Сабяніным стаяць адміністратыўны рэсурс і армія пенсіянераў, якім вельмі падабаецца кампанія Сабяніна па навядзенню чысціні на вуліцах. У гэтым плане галоўная інтрыга выбараў — колькі працэнтаў зможа атрымаць Навальны. Калі ў яго будзе менш за 10–12 працэнтаў, гэта — фіяска, якое Навальнаму будзе проста цяжка растлумачыць. Калі за Навальнага прагаласуюць каля 20 працэнтаў гэта будзе значыць відавочны крызіс лідараў старой апазіцыі і пачатак стварэння новага антыпуцінскага полюсу пад кіраўніцтвам Навальнага.

Праўда, не зразумела, як у такім выпадку сам Навальны будзе вырашаць праблему прысуду па справе «Кировлеса». Касацыйны суд, у якім Навальны аспрэчыў прысуд, можа ў лепшым выпадку спісаць яму год з пяці. Калі ён цалкам амністуе Навальнага, гэта выклікае яшчэ больш плётак пра тое, што ён або чалавек Крамля, або фігура ў невядомай пуцінскай шматхадоўцы. 

Каментаваць