Сацыяліст ідзе ў Белы дом

Прэзідэнцкая кампанія ў ЗША зараз характарызуецца фрондай, якую партыйны базіс вядзе супраць партыйнай эліты. Гэта праяўляецца ў падтрымцы тых палітыкаў, якіх учора лічылі амаль што фрыкамі.

 

 

 



У лагеры рэспубліканцаў гэта, безумоўна, мільярдэр Дональд Трамп, які амаль штодня шакуе аўдыторыю новымі скандальнымі заявамі, якія парушаюць усе нормы палітычнай карэктнасці. Апошняя выхадка Трампа — заклік пабудаваць «вялікую, прыгожую» сцяну, каб спыніць націск мігрантаў, а таксама прапанова пачаць масавыя дэпартацыі грамадзян ЗША, якія нарадзіліся ад нелегалаў. Нягледзячы на відавочную абсурднасць прапановы, як, дарэчы, і іншых трампаўскіх пражэктаў, іх аўтар захоўвае лідарства ў гонцы прэтэндэнтаў ад рэспубліканцаў, абганяючы бліжэйшага суперніка на 10 пунктаў.

«Трампаманія», якая як кампутарны вірус захапіла нізавыя структуры рэспубліканцаў, натуральна, не магла не радаваць дэмакратаў. На фоне катавасіі ў лагеры рэспубліканцаў шансы Хілары Клінтан (яе нефармальна лічылі кандыдатам ад дэмакратаў) падаваліся стоадсоткавымі. Аднак цяпер ад былога аптымізму не засталося і следу. Прычына — у дэмакратычным лагеры завёўся свой Дональд Трамп.

Знаёмцеся — Берні Сандэрс, сенатар ад штату Вермонт. Калі Берні абвясціў пра намер балатавацца ў амерыканскія гаранты, гэта ўспрынялі як своеасаблівы піяр або спробу данесці да публікі сацыялістычную павестку дня. Справа ў тым, што Сандэрс мае імідж самага левага палітыка ў асяродку дэмакратаў. Ён нават неяк публічна абурыўся, што яго назвалі «дэмакратам», патрабуючы ўжываюць слова «дэмакратычны сацыяліст». Яго рыторыка будуецца галоўным чынам вакол тэмы экалогіі і абароны сярэдняга класа, якім пагражае маргіналізацыя.

Спачатку гэта ўсё выглядала забаўна. Хілары Клінтан нават афіцыйна павіншавала Сандэрса з яго вылучэннем. Аднак па ходу кампаніі стаўленне да Берні ў грамадстве пачало мяняцца. Нечакана для ўсіх сярэднестатыстычны выбаршчык дэмакратаў зацікавіўся ідэямі і асобай Сандэрса. Яго мітынгі пачалі стала збіраць шматтысячныя натоўпы. Прыкладна з лютага працэнт падтрымкі Сандэрса вырас з 15 да 38 пунктаў. У той жа час прыхільнікаў Хілары Клінтан у працэнтным вымярэнні стала заўважна менш. Калі ў лютым ёй сімпатызавалі 65 працэнтаў аднапартыйцаў, то цяпер каля 50.

Аналізуючы трэнд, сацыёлагі кажуць, што прыкладна так стартаваў у свой час Барак Абама, у перспектыву абрання якога мала хто верыў. Чым растлумачыць феномен Сандэрса, ці сапраўды здольны ён адабраць у Клінтан мандат і ці будзе прадстаўляць дэмпартыю на выбарах–2016?

Па-першае, ён можа прыцягнуць падтрымку іншых кандыдатаў, якія спрабуюць аспрэчыць намінацыю Клінтан. Гэта каля 10–15 працэнтаў. Берні можа дапамагчы навіна з-за акіяна: у Вялікабрытаніі блізкі да перамогі на ўнутрыпартыйных выбарах лейбарыстаў аднадумец — вельмі левы Джэрымі Корбэн.

Але галоўны джокер Сандэрса, як піша «Washington Post», яго энергетыка, характэрная неафіту, які ў першы раз бярэцца за новую справу і намагаецца дасягнуць вынік, робячы шмат памылак. Гэта дапамагае Берні выглядаць у вачах выбаршчыка сваім чалавекам. У Клінтан няма такога ваяўнічага тонусу, яна выглядае як арыстакратка. Яна вядзе кампанію без эмоцый, як прапісана ў падручніках па палітпіяру. Менавіта таму ў ліпені яна рассылала электронныя лісты, а Сандэрс збіраў стадыёны.

Вельмі кепска адбіліся на іміджы Хілары Клінтан і падрабязнасці збору сродкаў на яе кампанію. Донарамі Клінтан выступае буйны бізнес, хаця самі дэмакраты на публіцы ахвотна выступаюць за абмежаваны ўдзел бізнесу ў палітыцы. Сярод спонсараў Хілары Клінтан фігуруюць кампаніі з вельмі кепскім экалагічным крэда, што адразу адштурхнула ад яе экалагічную супольнасць. Гэта вельмі не падобна на збор сродкаў, якія вядзе Сандэрс. 80 працэнтаў бюджэту яго кампаніі — гэта ўнёскі менш за 200 долараў. То бок акумуляцыя фінансаў ідзе за кошт простых амерыканцаў. 12 жніўня «Boston Нerald» апублікаваў вынікі апытання ў штаце Нью-Гемпшыр, дзе пройдуць першыя праймерыз. Паводле іх, Сандэрс з 43 працэнтамі абыходзіць Клінтан, у якой толькі 38 працэнтаў.

Безумоўна, прэзідэнцкая кампанія 2016 года па сутнасці яшчэ ў стадыі пачатку, і выдаваць сур’ёзныя прагнозы рана. Аднак сімптаматычна, што на мінулым тыдні ў амерыканскай прэсе з’явіліся першыя публікацыі, дзе разглядаюцца шансы Сандэрса ўжо як не прэтэндэнта ў кандыдаты, а кандыдата ад дэмакратаў. Як ні парадаксальна, але большасць калумністаў лічыць, што сацыяліст можа стаць гаспадаром Белага дома. Праўда, толькі ў тым выпадку, калі яго супернікам будзе Дональд Трамп. 

Каментаваць