Саюзная дзяржава Іспаніі і Партугаліі

Беларусы, як сведчаць дадзеныя сацыялагічных апытанняў, усё больш абыякава ставяцца да ідэі саюзу з Расіяй. У той час, як партугальцы, якіх лічаць малодшымі братамі іспанцаў, быццам не супраць стварыць з Мадрыдам саюзную дзяржаву.

Праблема ў тым, што, як паказваюць вынікі апытанняў, самі іспанцы не вельмі хочуць яднання. Увогуле, згаданыя апытанні сталі першымі іспанска-партугальскімі даследаваннямі па праблеме стаўлення грамадзян абедзвюх краін да магчымага саюзу.



Беларусы, як сведчаць дадзеныя сацыялагічных апытанняў, усё больш абыякава ставяцца да ідэі саюзу з Расіяй. У той час, як партугальцы, якіх лічаць малодшымі братамі іспанцаў, быццам не супраць стварыць з Мадрыдам саюзную дзяржаву.

Праблема ў тым, што, як паказваюць вынікі апытанняў, самі іспанцы не вельмі хочуць яднання. Увогуле, згаданыя апытанні сталі першымі іспанска-партугальскімі даследаваннямі па праблеме стаўлення грамадзян абедзвюх краін да магчымага саюзу.

Аднак трэба адзначыць, што сама ідэя аб’яднання Іспаніі і Партугаліі ўзнікла не сёння, і нават не ўчора.

Пачаць ёсць сэнс з таго, што партугальцы і іспанцы маюць раманскія карані. Мова і культура ў іх вельмі блізкія. Больш таго, некаторы час народы жылі ў адной дзяржаве.

Усё пачалося ў 1578 годзе. Партугальскі кароль Себасцьян падтрымаў групу дысідэнтаў з Марока, якія былі незадаволеныя сваім каралём. Лісабон вырашыў скарыстацца сітуацыяй, і нават захапіць Марока. Дэсант партугальцаў і іх саюзнікаў скончыўся катастрофай. У так званай «Бітве трох каралёў» інтэрвенты былі разбітыя, а сам Себасцьян таямніча знік. Апошні раз яго бачылі, калі ён у авангардзе партугальскай арміі атакаваў арабаў.

Невядомы лёс манарха нара­дзіў легенду пра тое, што Себасцьян жывы. Больш таго: хадзілі чуткі, што ён вось-вось вернецца і навядзе парадак. Міф пра «караля, які спіць» (так празвалі Себасцьяна) перажыў часы сярэднявечча. Узнікла цэлая канцэпцыя — себасцьянізм — гераічны чын у імя радзімы і рэлігіі. Менавіта абапіраючыся на ідэі себасцьянізму партугальская калонія Бразіліі, пасля таго, як метраполія ў 1889 годзе перайшла на рэспубліканскі лад, абвясціла ў сябе манархію. Некалькі народных паўстанняў у Бразіліі таксама праходзілі пад лозунгамі вяртання «караля, які спіць».

Але вернемся да тэмы. Паколькі сам Себасцьян знік, а блізкіх родзічаў у яго не было, у краіне пачаўся дынастычны крызіс. Іспанскі кароль Філіп як дзядзька Себасцьяна сеў на партугальскі трон. Так узнік Іберыйскі Саюз. Сістэма была падобная на Каралеўства Польскае і ВКЛ пры Ягайлу. Існавала персанальная унія, калі на дзве фармальна незалежныя дзяржавы быў адзіны кароль. У 1640 годзе пры падтрымцы кардынала Рышэлье герцаг Хуан Браганскі аднавіў партугальскую манархію.

Ідэя саюзу Іспаніі і Партугаліі зноў узнікла на пачатку ХІХ стагоддзя. Яе галоўным папулярызатарам стаў іспанскі асветнік Хасэ Марчэна. З яго ініцыятывы значная частка лібералаў Іспаніі занялася агітацыяй за стварэнне іберыйскай федэрацыі на прынцыпах рэспублікі.

Канцэпцыя набыла яшчэ больш прыхільнікаў падчас вайны з Напалеонам, прычым на гэты раз у колах манархістаў. На канстытуцыйнай асамблеі ў Кадысе ў 1810 годзе абмяркоўваўся варыянт стварэння адзінай іспанска-партугальскай дынастыі.

Сярэдзіна ХІХ стагоддзя — залаты час іберыйцаў. Яны, здавалася б, поўнасцю былі падрыхтаваныя да стварэння саюзнай дзяржавы. Было нават вырашана, што сталіцай будучай федэрацыі мае быць Мерыда (Іспанія), якую заснаваў рымскі імператар Дыялектыян у 287 годзе. У 1854-м іберысты прыдумалі сабе сцяг: чатыры роўных чатырохкутніка белага, чырвонага, сіняга і жоўтага колеру. Цікава, што іберыйскі штандар старэйшы за сцягі цяперашняй Партугаліі і рэспубліканскай Іспаніі.

У чэрвені 1873 года рэспубліканцы захапілі ўладу ў Мадрыдзе. Іспанія была абвешчана федэральнай рэспублікай — першы крок да федэралізацыі ўсёй Іберыі. Спецыяльная камісія пачала працу над канстытуцыяй. У суседняй Партугаліі таксама пачаўся грамадскі рух за федэралізацыю краіны і паступовае аб’яднанне з суседзямі. Аднак вайна з карлістамі, а потым вайна з ЗША з-за Кубы прымусілі Мадрыд забыць пра праект федэрацыі.

Затое ідэі іберызму пачалі актыўна эксплуатаваць малыя этнасы, кшталту баскаў або каталонцаў. Для іх іберыйская федэрацыя — крок да поўнай незалежнасці. Калі ў 1931 годзе была абвешчаная Каталонская аўтаномна рэспубліка, яе статус быў сфармуліраваны наступным чынам: «Каталонская дзяржава, інтэграваная ў федэрацыю іберыйскіх рэспублік».

Іншымі, хто застаўся прыхільным іберыйскаму праекту, былі анархісты і сацыялісты. Іх арганізацыі мелі не нацыянальны, а наднацыянальны характар, кшталту Іберыйскай федэрацыя анархістаў або Саюзу маладых сацыялістаў Іберыі. Аднак пасля перамогі Франка ў 1936 годзе левыя вымушаны былі сысці ў падполле, дзе пра Іберыю забыліся.

Не меў попыту на рынку палітычных праектаў іберызм і пасля падзення дыктатуры. Тым больш, што пасля ўступлення Іспаніі і Партугаліі ў ЕС межы паміж імі носяць фармальны характар.

Аднак, як аказваецца, у іберыстаў ёсць досыць добры патэнцыял. 29 ліпеня ў газеце «El Pais» былі апублікаваныя вынікі згаданых вышэй сацыялагічных даследаванняў. Адпаведна ім, 40 працэнтаў партугальцаў падтрымліваюць ідэю стварэння Іберыйскай федэрацыі. 34 працэнты супраць таго, каб паступацца суверэнітэтам. Сярод іспанцаў праект федэрацыі знайшоў падтрымку ў 30 працэнтаў, такая ж колькасць рашуча выступае супраць.

Пра тое, што сімпатыі да Іспаніі сярод партугальцаў дастаткова моцныя, сведчаць і апытанні на памежныя тэмы. Так, палова грамадзян Партугаліі выступае за абавязковае выкладанне іспанскай мовы ў школах. Калі б партугальскім бацькам прапанавалі самім абіраць, якую мову будзе вывучаць іх дзіця ў рамках прадмету «замежная мова», 85 працэнтаў з іх аддалі перавагу на карысць іспанскай. Палова партугальцаў кажуць, што гатовыя прызнаць іспанскага манарха Хуана Карласа як свайго караля.

Тое ж самае адбываецца ў сферы эканомікі. За стварэння агульнай з Іспаніяй падатковай сістэмы і агульных правіл для працоўнага рынку выступаюць адпаведна 59 і 72 працэнта насельніцтва Партугаліі.

Аднак самае цікавае, што партугальцы пры гэтым, як сведчаць тыя ж дадзеныя сацыёлагаў, працягваюць ціха ненавідзець Іспанію.

Як бачым, ідэя іберызму зрабіла дзіўную траекторыю. Яна нарадзілася ў імперскім Мадрыдзе як сродак мяккай інкарпарацыі Партугаліі ў склад Іспаніі. Аднак у выніку глабалізацыі цэнтр іберыйскага руху змясціўся ў Лісабон, дзе сёння гэтую ідэю разумеюць як сродак узняць эканамічны ўзровень за кошт іспанцаў.
 

Каментаваць