Сакральная анексія Крыму

Тое, што тэрытарыяльныя прэтэнзіі неяк звязаныя з сакральнай традыцыяй, — нешта новае ў лексіцы расійскай улады. Але крытыкаў містычнай прыроды крымскай авантуры значна больш.



З паслання Пуціна парламенту расіяне нечакана даведаліся пра тое, што Крым мае для іх сакральны сэнс.

"Для нашай краіны, для нашага народа гэта падзея мае асаблівае значэнне. Таму што ў Крыме жывуць нашы людзі і сама тэрыторыя стратэгічна важная. І менавіта тут знаходзіцца духоўны выток маналітнай, але шматаблічнай рускай нацыі і цэнтралізаванай расійскай дзяржавы. Бо менавіта тут, у старажытным Херсанэсе, або, як яго называлі, Корсуні, хрысціўся князь Уладзімір, а затым хрысціў ўсю Русь. …І гэта дае нам усе падставы сказаць, што для Расіі Крым, старажытныя Корсунь, Херсанэс, Севастопаль маюць велізарнае цывілізацыйнае і сакральнае значэнне. Гэтак жа, як Храмавая гара ў Іерусаліме для тых, хто вызнае іслам або іудаізм», — заявіў Пуцін падчас прамовы перад расійскім парламентам.

Тое, што тэрытарыяльныя прэтэнзіі неяк звязаныя з сакральнай традыцыяй, — нешта новае ў лексіцы расійскай улады. Таму не дзіўна, што разважанні Пуціна вельмі зацікавілі аўдыторыю.

Ура-патрыятычная фракцыя, натуральная, вітала такую трактоўку. Больш таго, пабачыла ў словах Пуціна сігнал да старту трансфармацыі расійскай дзяржаўнай мадэлі ў манархію. "Прэзідэнт правёў духоўную лінію паміж хрышчэннем Русі і «Крымскай вясной–2014», а таксама міжволі навёў на параўнанне сябе са святым князем. (...) З пачатку Рускай вясны пачалося міфалагічнае ператварэнне вобразу Пуціна, міфічнае стварэнне Уладзіміра Уладзіміравіча як героя, як правадыра, як духоўнага лідара. Гэта наша мара, мара аб дабрадзейным і верным гаспадары, якога мы жадаем бачыць на чале дзяржавы. Гэта нацыянальная мара, закладзеная ў генетычным архетыпе вялікага этнасу, — мара пра Уладзіміра Краснае Сонейка", — піша сайт «4власть".

Але крытыкаў містычнай прыроды крымскай авантуры значна больш. Напрыклад, шмат хто заўважыў, што Пуцін у сваёй прамове апусціў той факт, што Уладзімір быў, як ні круці, кіеўскім князем. Адпаведна, Кіеў мае значна большыя правы на Херсанэс. Дысідэнт-протадыякан Андрэй Кураеў у сувязі з гэтым адзначае: «Гісторыя — гэта не газаправод. Спроба правесці гістарычную лінію ад Херсанэса да Масквы, старанна абыходзячы Кіеў, занадта ўжо фантастычная. Роздумы над гэтым фрагментам паслання прэзідэнта ставяць мяне перад выбарам: або давядзецца лічыць, што прэзідэнцкія спічрайтары набраныя з безнадзейных троечнікаў, ці ж прыйдзецца прыйсці да высновы аб тым, што "гэтая экскурсія вялася для калгаснікаў». Протадыякан таксама параўнаў спіч Пуціна з прамовай Мусаліні, які 9 мая 1936 года абвясціў «Аднаўленне рымскага свету», заявіўшы, што «Эфіопія з гэтага часу і назаўсёды належыць Італіі, якая зноў стала тым, чым яна была ў часы Юлія Цэзара, Актавіяна Аўгуста і Вергілія».

Неяк не вельмі пасуе пафасу Пуціна супярэчлівая гісторыя хрышчэння князя Уладзіміра. У блогасферы задаюць пытанне: ці ведае сам Пуцін гісторыю заваявання Корсуні войскам кіеўскага князя Уладзіміра? Як вядома, Уладзімір асадзіў горад і прымусіў гараджан здацца пасля таго, як перакрыў ім ваду. Пасля згвалціў дачку корсуньска князя на яго і княгіні вачах, а потым забіў іх.

Хрысціянскае хрышчэнне ён прыняў, толькі каб ажаніцца з дачкой візантыйскага імператара, прыстрашыўшы таго ў выпадку адмовы паходам на Канстанцінопаль. «Ну, калі вось такі гістарычны персанаж — сакральны выток духоўнасці для рускіх — тады што для іх зладзейства?" — піша блогер Рустэм Адагамаў.

Выкарыстанне Пуціным такой катэгорыі, як "сакральнасць", выклікае шмат у каго смех. «А разам з Корсунню і Херсанэсам яшчэ большы сакральны сэнс набудзе паромная пераправа ў Керчы. Увогуле, ці азначае сакральнасць Крыма як Храмавай Гары, што зараз мы будзем тысячу гадоў ваяваць за Крым з Украінай, як арабы з габрэямі за гэтую Гару?» — піша адзін з блогераў. Аматары жартаў тыражуюць версію пра тое, што ідэю пра сакральнасць Пуціну падказаў ніхто іншы як сам "проффесор" Віктар Януковіч.

Таксама не зразумелая матывацыя апраўдання акупацыі якой-небудзь тэрыторыі фактам прысутнасці на гэтай тэрыторыі ў мінулым каго-небудзь з дынастыі Рурыкавічаў. "Сакральная думка павінна развівацца куды глыбей і ў больш патрэбным кірунку. Напрыклад, у кірунку Францыі. Ёсць такая сакральная рэч, як Ганна руская — дачка Яраслава Мудрага і каралева Францыі. Так што Францыя — спрадвечна руская зямля. Не можа быць нічога больш сакральнага для рускага чалавека, чым руская дачка рускага Яраслава на французскім троне", — іранізуе журналіст Аркадзь Бабчанка (дарэчы, Яраслаў Мудры быў сынам беларускай Рагнеды — рэд.).

Смех смехам аднак наўрад ці на гэтым усё закончыцца. Тэма пра святую Корсунь, на думку наглядальнікаў, ужо ў наступным годзе з’явіцца ў падручніках гісторыі. І гэтая ж тэма, у выпадку раскруткі, можа згуляць кепскі жарт з Пуціным. Як кажа гісторык Леў Лур'е ў каментары выданню «Росбалт»: "Русь наогул хрысцілася ў Кіеве. Цяпер высветлілася, што Русь пайшла з Корсуні. Пуцін знайшоў абгрунтаванне далучэння Крыма ў духу рускага нацыяналізму. Як следства, ранейшыя размовы аб адзінстве Беларусі, Украіны і Расіі цяпер апынуліся неактуальнымі". 

Каментаваць