Самая прыгожая ёлка Еўропы — у Вільні

Партал European Best Destinations склаў спіс самых прыгожых калядных ёлак. На першым месцы — галоўная ёлка Літвы, агні на якой былі запаленыя 1 снежня.


«Гэта самая прыгожая калядная ёлка ў Еўропе. Віленская елка дзівіць!», — напісаў партал пра літоўскую прыгажуню, усталяваную на Кафедральнай плошчы. Дарэчы, высокую ацэнку атрымала не толькі ёлка, але і святочныя ўпрыгажэнні ўсяго Старога горада.

Адзначаецца, што ёлку ўпрыгожваюць больш за 70 000 лямпачак і 900 цацак і ўбачыць яе можна з самалёта, які накіроўваўся ў Віленскі аэрапорт. Таксама падкрэсліваецца вялікая плошча святочнай кампазіцыі — 2500 квадратных метраў. «Так як агульная плошча складае 2500 квадратных метраў, то вы абавязкова знойдзеце ідэальны фон для выдатнай фатаграфіі», — не шкадуе пахвальных слоў European Best Destinations.

Высока ацэньваецца і калядны кірмаш, які размясціўся вакол галоўнай ёлкі Літвы — гэта традыцыйны калядны атрыбут, дзе можна купіць сувеніры ручной работы.

 У спісе таксама апынуліся калядныя ёлкі Прагі, Рыма, Страсбурга, Вены, Варшавы.

Паводле delfi.lt

Каментаваць