Самая любімая манархія ў Еўропе

Швецыя святкуе 200-ю гадавіну панавання ў краіне дынастыі Бернадот. Кульмінацыяй юбілею стане вяселле нашчадка трону.

(На здымку: Даніэль Вестлінг і прынцэса Вікторыя)



Швецыя святкуе 200-ю гадавіну панавання ў краіне дынастыі Бернадот. Кульмінацыяй юбілею стане вяселле нашчадка трону.

(На здымку: Даніэль Вестлінг і прынцэса Вікторыя)


Спачатку, праўда, кароль Карл XVI Густаў і каралева Сільвія меркавалі пад юбілей выдаць замуж абедзвюх дачок — Мадлен і Вікторыю. Аднак у апошні момант шлюб Мадлен вырашылі адмяніць. Прычынай сталі былыя амурныя прыгоды яе абранніка. У прынцыпе, Мадлен даўно была пастаўшчыком інфармацыі для бульварнай прэсы, таму асаблівай сенсацыяй навіна не стала. Цяпер уся ўвага да старэйшай дачкі — 33-гадовай Вікторыі. Тым больш, што менавіта яна павінна сесці на трон. Яе будучы муж — 37-гадовы Даніэль Вестлінг — звычайны чалавек, які не мае ніводнай кроплі блакітнай крыві.

Хаця цырымонія заключэння шлюбу прызначана на 19 чэрвеня, святочныя мерапрыемствы плануецца пачаць ужо 6-га. Па разліках арганізатараў, за гэты час Стакгольм наведае як мінімум 2 мільёны турыстаў. Ім будзе прапанаваны цэлы спектр атракцыёнаў — пачынаючы ад вайсковых парадаў і вулічных канцэртаў, заканчваючы гей-карнавалам.

Праўда, цалкам паўтарыць старадаўні рытуал каранацыі не ўдалося. З нагоды шлюбу 30 вядучым паэтам краіны прапанавалі напісаць паэму для маладых (так патрабуе традыцыя). Тарыф — прыкладна 400 долараў за верш. Аднак майстры строфаў адмовіліся па розных прычынах. Самую кур’ёзную прычыну прыдумаў альтэрнатыўны паэт Горан Грэйдэр. Ён кажа, што для таго, каб набыць марыхуану, напісаў бы ўсё што заўгодна, аднак ягоная жонка-рэспубліканка заявіла: або я, або верш у гонар манархіі.

Такіх, як жонка Грэйдэра, у Швецыі абсалютная меншасць. Шведы любяць караля. Увогуле, дынастыя Бернадот — самая папулярная дынастыя ў Еўропе. 75 працэнтаў шведаў лічаць сябе раялістамі. Гэта парадаксальна, таму што паралельна ідзе працэс абмежавання ролі і функцый манарха.

У гэтым плане яшчэ больш дзіўна выглядае пазіцыя сацыял-дэмакратаў, якія кіравалі краінай амаль усё ХХ стагоддзе. Мала хто ведае, што ў праграме партыі ад яе першага з’езду прысутнічае пункт, які патрабуе ўсталявання ў Швецыі рэспубліканскага ладу. Аднак рэалізаваць гэту ўстаноўку ні адзін ружовы кабінет не спяшаўся. «Лічу сябе перакананым рэспубліканцам, аднак гэта не значыць, што хачу рэспублікі», — казаў Таге Эрландэр — сацыял-дэмакратычны прэм’ер, які кіраваў Швецыяй амаль чвэрць стагоддзя — з 1946 па 1969 гады.

Аднак, як было сказана вышэй, рэспубліка ўсё ж наступае. У час прэм’ерства Олафа Пальме караля пазбавілі амаль усіх палітычных функцый. Сам Пальме казаў, што ў такім стане манархія знікне сама па сябе. Аднак Бернадоты аказаліся жывучымі.

Апошні ўдар лагер рэспубліканцаў атрымаў пасля таго, як жанчынам дазволілі займаць каралеўскі трон. Гэта значыць, што Вікторыя, магчыма, стане першай шведскай каралевай. Гендэрная рэформа выклікала выбух сімпатый да манархіі з боку феміністак, якія раней традыцыйна адносілі сябе да рэспубліканцаў. Хаця рэспубліканцы трохі пашырылі свае шэрагі за кошт эколагаў. Эколагі незадаволеныя тым, што рэзідэнцыяй маладой сям’і стане палац Haga, які знаходзіцца ў Нацыянальным парку.

Дадатковым фактарам папулярнасці манархіі ёсць адносна невялікія грошы, якія ідуць на ўтрыманне каралеўскага дому. Утрыманне караля і яго світы (65 асобаў) у два разы танней, чым утрыманне любога міністэрства ў еўрапейскай краіне. Пры гэтым палова датацыі каралеўскай сям’і па закону ідзе на ахову гістарычных помнікаў, якія належаць роду. Прайшлі часы, калі кожны выезд караля быў абстаўлены цырымоніяй. Цяпер ён сам едзе на аўтамабілі. Кароль таксама вядомы як буйны бізнесмен.

Высокі рэйтынг манархіі таксама звязваюць з тым фактам, што прыход Бернадотаў у свой час адкрыў у шведскай гісторыі эру міру. За 200 гадоў іхняга панавання ніводнага разу краіна не ваявала. Кароль стаў своеасаблівым сімвалам стабільнасці. Адзін вядомы гісторык параўнаў стаўленне шведаў да караля са стаўленнем брытанцаў да малпаў на скале Гібралтар. Паводле вядомага прадказання, пакуль на Гібралтары будуць жыць малпы, скала застанецца ў руках Брытаніі. У праекцыі на шведаў гэта павер’е можа гучаць так: пакуль на троне будуць прадстаўнікі роду Бернадот, у краіне захаваецца мір.

Увогуле, сама дынастыя Бернадот унікальная. Хаця б таму, што ўсе 200 гадоў карона перадавалася па прамой мужчынскай лініі. Так магло быць і зараз: у караля акрамя дачок ёсць і сын Філіп. Аднак апісаная вышэй змены ў правілах даюць лепшыя шансы Вікторыі.

Наступная унікальнасць дынастыі звязаная з яе гісторыяй. Цяжка паверыць, што яе заснавальнік Жан Бернадот пачынаў сваю палітычную кар’еру пад лозунгамі «Смерць каралям». У 1797 годзе будучы манарх пісаў: «Як рэспубліканец я да апошняга дня буду знішчаць раялістаў». Праз 13 гадоў аўтар гэтых слоў быў каранаваны як шведскі кароль Карл XVI. Цікава, што на шведскі трон яго высунуў не Напалеон, у якога Жан служыў маршалам. Напалеон лічыў ідэю каранавання Бернадота «глупствам», аднак не замінаў яго ўваходжанню на трон.

Рашаючае слова сказала армія. Шведскія жаўнеры хацелі бачыць каралём вайскоўца (яны марылі адбіць у Расіі Фінляндыю, якую страцілі ў вайне 1809 года). Акрамя таго, імя Бернадота было папулярнае ў краіне, дзякуючы добраму стаўленню да шведскіх палонных падчас нядаўняй вайны ў Даніі.

Аднак праславіўся ён не толькі як добры дыпламат, які не дазволіў уцягнуць Швецыю ў новую фазу напалеонаўскіх войнаў. Карл XVI правёў канстытуцыйную рэформу, якая заклала пачатак паступовай дэмакратызацыі, заснаваў сістэму пачатковых школ. Рэфармаваў войска. Пры ім пачалася перабудова гарадоў і стварэнне сацыяльнай сістэмы. Як тут не згадаць, што Жан Бернадот паходзіць з вёскі Пау, што ў Пірэнеях, дзе таксама нарадзіўся Генрых IV — французскі кароль, які стабілізаваў краіну пасля гугеноцкіх войнаў.

Дарэчы, калі меркаваць па шведкай прэсе, адной з задач юбілею дынастыі стане рэабілітацыя іміджу краіны. Справа ў тым, што цяпер шмат хто ў свеце пры слове Швецыя ўзгадвае кнігу папулярнага пісьменніка Сціга Ларсана. У сваёй трылогіі «Міленіум» ён апісвае сваю радзіму як гняздо псіхапатаў, садыстаў і фашыстаў. Натуральна, гэта фантазія. Сам Ларсан быў сябрам радыкальнай камуністычнай групоўкі і называў караля перажыткам феадалізму. Аднак шмат іншаземцаў вераць казкам ад Ларсана.

Думаецца аднак, што зараз ларсанаўскі міф дажывае апошнія дні. На «Каханне ў Стакгольму» (так назвалі чэрвеньскія святы) прыедуць тысячы журналістаў. Медыйны вобраз Швецыі, натуральна, палепшыцца, а аўтарытэт дому Бернадот яшчэ больш вырасце.
 

Каментаваць