Самая вялікая тайна Іспанскага каралеўства

У атмасферы спрэчак і дэбатаў Іспанія адсвяткавала 30-ю гадавіну правалу вайсковага перавароту 1981 года — апошняй спробы перавароту ў гісторыі Еўропы. Чаму іспанцам не дае спакою гэтая дата, журналіст “НЧ Алег Новікаў высвятляе ў іспанскага калегі Рыкарда Жардана.

— Чаму падзеі 23 лютага дасюль выклікаюць такі вялікі інтарэс у іспанскім грамадстве?



У атмасферы спрэчак і дэбатаў Іспанія адсвяткавала 30-ю гадавіну правалу вайсковага перавароту 1981 года — апошняй спробы перавароту ў гісторыі Еўропы. Чаму іспанцам не дае спакою гэтая дата, журналіст “НЧ Алег Новікаў высвятляе ў іспанскага калегі Рыкарда Жардана.

— Чаму падзеі 23 лютага дасюль выклікаюць такі вялікі інтарэс у іспанскім грамадстве?

— Пераход да дэмакратыі (transiciуn) пасля смерці Франка адбыўся на базе негалоснага кампрамісу з былой франкісцкай элітай. Канчатковыя дэталі гэтай дамовы дасюль не вядомыя. Іспанскае грамадства было цалкам выключана з працэсу перамоваў. Дасюль, нягледзячы на тое, што Іспанія — сябра ЕС і мае развітыя дэмакратычныя інстытуты, нормы transiciуn не перагледжаныя. Дастаткова загадаць справу суддзі Балтазара Гарсона, якому пагражае турма за спробу хаця б сімвалічна прыцягнуць да адказнасці тых, хто арганізоўваў рэпрэсіі ў часы Франка. Важную ролю ў блакаванні ўсялякіх спроб перагляду правілаў адыгрывае пазіцыя караля, якому прыпісваюць выратаванне дэмакратыі ў 1981 годзе. Правыя выданні спрабуюць прэзентаваць яго як ідэальнага лідара ва ўмовах пераходу краіны ад дыктатуры да дэмакратыі, прычым нават на глабальным узроўні. 23 лютага “АВС — другая нацыянальная газета — выйшла пад загалоўкам “Бахрэйну (краіна, якая зараз ахопленая пратэстамі супраць мясцовай манархіі) патрэбны такі кароль, як Хуан Карлас.

— Чаму сярод левых ёсць альтэрнатыўная кропка гледжання?


— Таму што падобны падыход вельмі банальны. Шмат у гэтай гісторыі з пераваротам застаецца невядомым. Цалкам не высветлена, ці ведаў манарх пра падрыхтоўку перавароту і ці не браў сам у ім удзел? Усё атачэнне Хуана Карласа — былыя франкісцкія лідары, якія не маглі не ведаць настрояў у франкісцкім асяроддзі. Блізкім сябрам караля быў Альфонса Армада, якога ён прызначыў намеснікам начальніка штаба арміі за тыдзень да падзей 23 лютага. Армада на той час насіўся з ідэяй грамадзянска-мілітарнай акцыі, сэнс якой быў у тым, каб паўтарыць тое, што ў 1950-я гады зрабіў генерал Шарль дэ Голь, які са спасылкай на пагрозу вайсковага перавароту змяніў канстытуцыю на карысць моцнай выканаўчай вертыкалі. Перш за ўсё змены мусілі тычыцца 99-га артыкула Канстытуцыі, які б дазваляў каралю прызначаць прэм’ер-міністра па асабістаму выбару, нават без згоды дэпутацкай большасці ў парламенце. Аперацыя так і называлася — “Генерал дэ Голь. Усё гэта нарадзіла гіпотэзу пра тое, што Хуан Карлас мог сам інспіраваць змову або даць ёй зялёнае святло, каб пасля выставіць сябе выратавальнікам дэмакратыі, узняць свой аўтарытэт. На гэта, напрыклад, намякае каралева Сафія ў кнізе-інтэрв’ю «Каралева». Наўрад ці яна стала б казаць такое, не ўзгадніўшы гэта з мужам. Адзін з блізкіх да караля чыноўнікаў у сваіх мемуарах піша, што кароль у апошнія месяцы кіравання Адольфа Суарэса не раз выяўляў перад генераламі сваю незадаволенасць прэм’ерам, і яны маглі ўспрыняць гэта як сігнал да дзеяння.

— Наколькі верагодная такая версія?

— На думку большасці аналітыкаў, Хуан Карлас не мог жадаць ваеннага перавароту, нават калі б ён быў яму выгадны. Справа не толькі ў яго дэмакратычных перакананнях, але і ў асабістых матывах. Перад каралём, як і перад каралевай, увесь час стаяў прыклад брата Сафіі, караля Грэцыі Канстанціна, які падтрымаў рэжым «чорных палкоўнікаў», а яны праз некаторы час скінулі яго з трону. Акрамя таго, кароль памятаў, што Бурбоны доўгі час жылі ў эміграцыі пасля таго, як у Іспаніі была ўстаноўлена дыктатура Прыма дэ Рыверы. У любым выпадку, мы толькі гадаем. А праўду ведае толькі Хуан Карлас. Лічыцца, што гэта самая вялікая тайна іспанскага каралеўства.

— Калі б не было 23 лютага, якой магла быць Іспанія?

— Усё тады ішло да нейкай развязкі. Сітуацыя выходзіла з-пад кантролю, аб чым сведчыла адстаўка цэнтрысцкага ўраду Суарэса. Ні правыя, ні левыя не былі задаволеныя становішчам у краіне. Акрамя таго, гэта ўсё чымсьці нагадвала хаос часоў 2-ой рэспублікі, і сцэнар устанаўлення вайсковай дыктатуры накшталт рэжыму Франка папросту насіўся ў паветры. Аднак гісторыя вырашыла інакш. Цяперашняя Іспанія, безумоўна, шмат у чым прадукт 23 лютага 1981 года. Змоўшчыкі не перамаглі, аднак працэс радыкалізацыі прыпыніўся. Непрадказальная ноч з 23-га на 24-е лютага настолькі перапужала людзей, што яны былі гатовыя адмовіцца ад палітычных утопій і пачалі шанаваць тое, што маюць. Напрыклад, тады хутка былі прыпыненыя дэбаты наконт федэралізацыі дзяржавы, якой дабіваліся баскскія і каталонскія партыі. Кароль, які цяпер называўся “salvador de la patria (выратавальнік радзімы), выкарыстаў карт-бланш, які займеў 23 лютага. Манархія атрымала поўную легітымізацыю.

— Ці можа іспанская мадэль служыць мадэллю для другіх народаў, якія пераходзяць ад дэмакратыі да дыктатуры?

— Дасюль цяжка сказаць, ці эра transiciуn увогуле цалкам закончылася. На гэты конт ёсць шмат меркаванняў. Transiciуn, у любым выпадку, даводзіць значнасць ролі арміі на пераходным этапе. Так, сярод сацыялістаў пасля 23 лютага ўзмацніліся пазіцыя тых, хто выступаў за ўступленне Іспаніі ў NАТО. Па іх словах, сяброўства ў блоку было б лепшай перастрахоўкай ад новай спробы перавароту з боку рэакцыйных вайскоўцаў.

-------------------------------------------------------------------

Даведка:

23 лютага 1981 года палкоўнік Антоніа Тэйера Маліна з групай жандараў (200 чалавек) падчас чарговага галасавання па кандыдатуры старшыні ўрада захапіў будынак парламенту з усімі дэпутатамі. Па ўсёй краіне пачаліся акцыі пратэсту супраць перавароту. Адначасова некаторыя гарнізоны падтрымалі путчыстаў. У ноч на 24 лютага кароль Хуан Карлас выступіў з прамовай на тэлебачанні, у якой асудзіў пераварот. На наступны дзень змоўшчыкі здаліся. З таго часу кароль успрымаецца найперш як знак нацыянальнага адзінства і гарант дэмакратычных свабодаў. Так, лідар іспанскіх камуністаў Санцьяга Карыльё, які за шэсць гадоў да перавароту называў караля «Хуанам Карласам Нядоўгім», 24 лютага выклікнуў перад тэлекамерамі: «Божа, барані караля!»

Каментаваць