Саміт які вызначыць бучыню

Варшаўскі саміт NATO, які пройдзе 8–9 ліпеня, адчыняе новую старонку ў гісторыі гэтай арганізацыі. Магчыма, ён вызначыць рысы будучай сістэмы еўрапейскай бяспекі. А магчыма стане самым правальным...



Яшчэ месяц таму павестка дня саміту была прадказальнай — у кантэксце актывізацыі Расіі ў рэгіёне, блок мусіў прадэманстраваць салідарнасць са сваімі ўсходнімі сябрамі і даслаць своеасаблівую «чорную метку» Маскве. Такой меткай можа стаць рашэнне аб стварэнні сіл хуткага рэагавання для разгортвання ў выпадку «расійскай агрэсіі», а таксама рашэнне аб размяшчэнні ў Польшчы і краінах Балтыі чатырох шматнацыянальных батальёнаў колькасцю да тысячы чалавек кожны. Будзе абмяркоўвацца і сумнае пытанне сяброўскіх унёскаў.

Украіна і Польшча спадзяваліся дамагчыся вайсковай падтрымкі для Кіева і атрымаць ясныя сігналы наконт сяброўства краіны ў блоку, аднак у праграме мерапрыемства такога пункта няма.

Аднак напярэдадні саміту свет стаў сведкам шэрагу падзей, якія стварылі нефармальную павестку мерапрыемства. У кулуарах саміту яго ўдзельнікам трэба будзе знайсці адказы на пакет важных пытанняў, без якіх існаванне блоку як кансалідаванага глабальнага актора з’яўляецца спрэчным. І, перш за ўсё, трэба зразумець месца NATO у кантэксце наступстваў Brexit, асноўныя прыярытэты блоку на цяперашні час і пытанні каардынацыі.

Непасрэдным вынікам рэферэндуму ў Вялікабрытаніі стала парушэнне сфармаванай яшчэ падчас Другой сусветнай вайны схемы, на якой раней трымалася сістэма заходняй бяспекі. Гаворка пра так званае «англасаксонскае сяброўства» — кааперацыю ЗША і Вялікабрытаніі. Апошняя была дэ-факта лабістам інтарэсаў Вашынгтона ў Еўропе. Цяпер Англія ў вачах еўрачыноўнікаў — апошні рэнегат. Кіраўнік Еўрапейскай камісіі Жан-Клод Юнкер дэ-факта публічна заклікае як мага хутчэй пакараць здрадніка. Іншымі словамі, Лондан для ЕС больш не аўтарытэт, што парушае ўсе шматгадовыя напрацоўкі камунікацыі і каардынацыі.

Пасля добраахвотнай эвакуацыі Вялікабрытаніі са складу ЕС, у яго шэрагах узмацняецца роля Парыжа і Берліна. Некаторыя нават жартуюць пра новую рэдакцыю сярэднявечнай імперыі Карла Вялікага. З улікам таго, як шчыльна супрацоўнічалі Берлін і Вашынгтон у межах вырашэння ўкраінскага крызісу, можна было б казаць пра патэнцыйнае пашырэнне англасаксонскага сяброўства за кошт ФРГ.

Аднак менавіта Францыя з’яўляецца адзінай ядзернай краінай у складзе ЕС. Пасля сыходу брытанцаў яна, у дадатак, мае найбольшы досвед сярод еўрапейскіх дзяржаў у вайсковай сферы. Як павядзе сябе Парыж, які, дарэчы, мае аўтаномны статус у NATO, у выпадку, калі Белы дом пачне рабіць стаўку на Берлін, — складанае пытанне.



Не ўсё зразумела і з Германіяй, дзе вось-вось пачнецца выбарчая кампанія ў Бундэстаг. Частка істэблішменту крытыкуе «бразганне зброяй» на расійскай мяжы. Гаворка пра дырэктара нямецкай дыпламатыі, сацыял-дэмакрата Франка Вальтэра Штайнмаера, які раскрытыкаваў апошнія, найбольш буйныя рэгіянальныя манеўры NATO ў Польшчы і краінах Балтыі.

Brexit — не адзіны выклік для Альянсу. Апошнімі днямі прэса піша, што ісламскія тэрарысты адкрылі новы тэрарыстычны фронт. Ледзь не сінхронна прагучалі выбухі ў Стамбуле, Мецы, Багдадзе. Гэта выклікала дэбаты пра тое, што прыярытэтным накірункам дзейнасці для блоку ёсць не Усходняя Еўропа, а Блізкі Усход.

У гэтым плане цікавы змест рэзалюцыі брытанскага парламенцкага камітэта па абароне, апублікаванага напярэдадні саміту. Аўтары, з аднаго боку, заклікаюць утрымліваць Расію ў межах, а з іншага — шукаць з ёй каналы супрацоўніцтва ў сферы барацьбы з тэрарызмам. Гледзячы на перапіску Пуціна і Эрдагана, Турцыя таксама будзе патрабаваць надаць больш увагі пагрозам з боку «Ісламскай дзяржавы».

Ледзьве не адзіная добрая навіна для NATO — дадзеныя сацыёлагаў з-за акіяну. Там Хілары Клінтан, паводле апытанняў, адарвалася на 13 працэнтаў ад эксцэнтрычнага рэспубліканца-папуліста Дональда Трампа. Гэта азначае пераемнасць у амерыканскай знешняй палітыцы. Трамп, які, як вядома, трымаецца ізаляцыянісцкай знешнепалітычнай лініі, гатовы аслабіць прысутнасць Штатаў у Еўропе.

arhibaldo.livejournal.com

arhibaldo.livejournal.com



Падсумоўваючы, можна сказаць, што асноўнай задачай саміту будзе дэкларацыя гатоўнасці яго ўдзельнікаў працаваць ў складзе Альянсу, намер шукаць адказы на выклікі і новы фарватэры дзейнасці групоўкі. У гісторыі альянсу адчыняецца новая старонка. І, як ні парадаксальна гучыць, расійская пагроза — не апошні чыннік адзінства аб’яднання.


Каментаваць