Санітар і фальклор

Сышоў з пасады, бадай, самы каларытны персанаж расійскай палітыкі — Генадзь Анішчанка. Ён даўно ўжо стаў героем народных анекдотаў. Санітарная служба ў Расіі існуе з 1922 года, але наўрад ці можна ўзгадаць имя хоць аднаго кіраўніка гэтага дэпартамента.



Толькі пры Анішчанку кантора стала адным з самых заўважных ведамстваў расійскай вертыкалі ўлады. Як жартуе адна з маскоўскіх газет: «Генадзь Анішчанка на працягу доўгіх 17 гадоў быў сакрэтным біялагічным парасонам Расіі і практычна ў адзіночку абараняў межы краіны і яе грамадзян ад чумы, свінога і птушынага грыпу, сібірскай язвы, пестыцыдаў, дыярэі і энурэзу. І вось ён сыходзіць, пакінуўшы Расію на разарванне яе ворагам. Ці выжыве Расія без Анішчанкі?»

Феномен Анішчанкі можна растлумачыць па-рознаму. Па-першае, сам экс-кіраўнік санітарнай службы Расіі — вялікі арыгінал, які на роўных канкураваў з тым жа Уладзімірам Жырыноўскім. Дастаткова ўзгадаць некаторыя перлы ад Анішчанкі. «Варона — гэта воўк у пер’ях, — сказаў ён у 2006 годзе, разважаючы пра пагрозу распаўсюджвання птушынага грыпу. — Яе трэба бязлітасна знішчаць». Або такое: «Калі дзяўчына бяжыць у кароценькай спаднічцы з голымі ножкамі, уяўляеце, які масіў цела астуджаецца адначасова».

Таксама Анішчанка быў вядомы сваім канфліктным характарам. Яго спрэчка з Дзярждумай наконт закону аб абмежаванні палення перайшла ўсе этычныя рамкі. Пасля таго, як ён на людзях заклікаў да роспуску парламента, дэпутат Андрэй Макараў прапанаваў «накіраваць спадара Анішчанку на псіхіятрычны агляд».

Аднак наўрад ці зорка Генадзя Рыгоравіча была такой яскравай без адпаведнага палітычнага фону. Пасля эпохі газавых войнаў на прасторах СНД пачалася эра гандлёвых. Выключная роля ў такіх канфліктах адводзіцца санітарным органам, якія забараняюць імпарт таго ці іншага тавару, адшукаўшы там нейкі небяспечны для здароўя суайчыннікаў мікроб або хімікат. У гэтым Генадзю, сапраўды, не было роўных, што добра праілюстравана ў народным гумары: «Даведаўшыся, што імпартная зараза, па сутнасці, з’яўляецца асяроддзем для распаўсюджвання вірусаў, амаль 20 гадоў атручвае жыццё простых расіян, Генадзь Анішчанка забараніў увоз на тэрыторыю Расійскай Федэрацыі прадукцыі кампаніі Microsoft».

Палітычная ангажаванасць некаторых забаронаў санітарнай службы Расіі была відавочная. У выніку МЗС той жа Грузіі і Малдовы адкрытым тэкстам казалі, што забарона на ўвоз іх прадукцыі прадыктаваны не санітарнымі, а хутчэй знешнепалітычнымі прычынамі. У выніку палітыка Анішчанкі часта даводзіла фактычна да міжнародных канфліктаў.

Самыя рэзанансныя з іх — малочная вайна з Беларуссю, вінны канфлікт з Грузіяй і Малдовай, нядаўняя забарона імпарту літоўскага малака. Аднак больш за ўсё санітар Расіі «насаліў» украінцам. Тут пасля яго адстаўкі нават узнікла нізавая ініцыятыва — даць адной з вуліц «Імя адстаўкі Анішчанка».

Не дзіўна, што ў масе анекдотаў пра Анішчанку прыкладна палова звязаная з украінскай тэматыкай:

«Пасля завяршэння баксёрскага паядынку паміж Клічко і Паветкіным прэзідэнт Расіі павіншаваў Кабзона з добрым выкананнем гімна Расіі, а галоўны санітарны ўрач Анішчанка забараніў уезд у Расію ўкраінскіх баксёраў, «якiя наносяць шкоду здароўю расейцаў».

«Галоўны санітарны ўрач РФ Анішчанка рыхтуецца праверыць, ці падыходзяць украінскія газавыя трубы для транспарціроўкі расійскага газу».

Апошні раз Анішчанка пасварыўся з украінцамі літаральна напярэдадні сваёй адстаўкі. Маем на ўвазе забарону імпарту цукерак кампаніі «Roshen». Цукерачная вайна таксама стала матэрыялам для жартаў: «Следам за цукеркамі «Roshen» у Расіі вырашылі ў рэстаранах і кулінарыях забараніць «катлеты па-кіеўску» і «боршч украінскі»

Аднак Анішчанка дастаў не толькі жыхароў краін СНД. Будучы галоўным санітарным урачом Расіі, на працягу доўгіх гадоў ён даваў забаўныя, а то і адкрыта недарэчныя парады сваім суайчыннікам. Напрыклад, у рамках барацьбы з грыпам ён рэкамендаваў расійскім грамадзянам трымаць дыстанцыю ад птушынага памёту. Галоўны санітарны ўрач Расіі таксама заклікаў утрымацца ад удзелу ў акцыях пратэсту, апасаючыся, што на мітынгах і дэманстрацыях грамадзяне будуць есці снег і, адпаведна, застудзіцца.

Кранальны клопат Анішчанкі пра здароўе людзей стаў добрым матэрыялам для прыколаў: «Генадзь Анішчанка назваў галоўную крыніцу распаўсюджвання свінога грыпу ў Расіі. Спектакль «Тры парасяці» ўжо зняты з рэпертуару ўсіх дзіцячых тэатраў краіны».

Найбольш не спадабаліся рускім радыкальныя ініцыятывы Анішчанка па барацьбе з цыгарэтамі і гарэлкай. Санітар выступаў за канчатковае вырашэнне гэтай праблемы. Напрыклад, ён патрабаваў, каб паленне ў Расіі было цалкам забаронена.

Рэакцыя нізоў не прымусіла сябе чакаць: «Галоўны санітарны ўрач Генадзь Анішчанка заклікаў расіян замяніць халоднае піва гарачай гарбатай. Расіяне заклікаюць Анішчанку змяніць крэсла на фрэзерны станок, а потым ужо даваць парады».

Праўда, бескампрамісны падыход Анішчанкі да такой з’явы, як алкагалізм, стварыў яму пазітыўны вобраз у вачах шматлікіх жанчын. У прынцыпе адыёзнасць і адначасовая харызматычнасць Анішчанкі павінна была рана ці позна выклікаць адпаведную рэакцыю кіраўніцтва. Прэса пісала, што па пазнавальнасці ён даўно абышоў прэм’ера Мядзведзева і саступае па папулярнасці ў Расіі выключна Пуціну.

Але гучнай адстаўкі не было. З улікам таго, што Анішчанку споўнілася 60 гадоў, яго працоўны кантракт аўтаматычна закончыўся. Новага кіраўніка санітарнага ведамства Ганну Папову газеты характарызуюць як проста добрага прафесіянала. Відавочна, што чакаць ад яе фокусаў а-ля Анішчанка не варта. Тым больш, што гэтую структуру, быццам, чакае рэформа. Праўда, рэформа рэформай, а тое, што санітарыя застанецца дубінкай Крамля для вырашэння адносін з краінамі-суседзямі, не выклікае сумневаў.

Што тычыцца асабістага лёсу Генадзя Анішчанкі, то яшчэ не факт, што яго чакае спакойная пенсія. У расійскай прэсе шмат спекуляцый наконт таго, што Мядзведзеў можа даручыць Генадзю Рыгоравічу нейкі іншы дэпартамент.

У чаканні прызначэння людзі ўжо складаюць новыя анекдоты: «Прызначаны на пасаду міністра абароны Генадзь Анішчанка перш за ўсё забараніў усе замежныя ўзброеныя сілы».

Каментаваць