NYT: Саудаўская Аравія абяцае Пуціну дарагую нафту ў абмен на адмову ад падтрымкі Асада

Газета The New York Times са спасылкай на ўласныя амерыканскія і саудаўскія дыпламатычныя крыніцы распавяла пра перамовы, якія вядуцца паміж кіраўніцтвам Саудаўскай Аравіі і Расіі.



Як сцвярджаецца, Эр-Рыяд прапанаваў прэзідэнту Уладзіміру Пуціну садзейнічаць павышэнню цэнаў на нафту ў абмен на адмову Масквы ад падтрымкі сірыйскага ўрада Башара Асада.
 
 
Перамовы з гэтай нагоды працягваюцца на працягу некалькіх месяцаў, але пакуль бакі не прыйшлі да значнага прарыву. «Калі цана на нафту можа паспрыяць усталяванню міра ў Сірыі, я не бачу прычын, чаму б не дамовіцца», — прыводзіць выданне словы саудаўскага дыпламата. Як адзначаецца, дыпламаты, палітыкі і супрацоўнікі разведвальных службаў перадалі інфармацыю пра перамовы СМІ на ўмовах ананімнасці.
 
 
Раней саудаўскія чыноўнікі сцвярджалі, што цана на нафту адлюстроўвае толькі глабальныя попыт і прапанову, і настойвалі на тым, што меркаванні геапалітыкі не могуць уплываць на эканамічны парадак дня. Цяпер любое паслабленне расійскай падтрымкі Асада можа быць прынята за прызнанне існуючага ўплыву глабальнай палітыкі на рынак нафты. Аднак, піша The New York Times, расійскі прэзідэнт неаднаразова дэманстраваў гатоўнасць да эканамічных цяжкасцяў насуперак вонкаваму палітычнаму ціску. Так, напрыклад, санкцыі, уведзеныя ЗША і Еўрасаюзам, не заахвоцілі Маскву змяніць пазіцыю па Украіне, і Пуцін застаецца непахісным ў сваёй падтрымцы Асада.
 
 
Менавіта Сірыя, настойваюць крыніцы газеты, была асноўнай тэмай сустрэч, якія правяла саудаўская дэлегацыя ў Маскве ў лістападзе 2014 года. З тых часоў дыялог не спыняўся, аднак пакуль не зусім зразумела, як на пазіцыю Эр-Рыяда паўплывае змена саудаўскага манарха.
 
 
Расія застаецца адным з самых стойкіх прыхільнікаў сірыйскага прэзідэнта і прадае яму ваенную тэхніку, паліва і запчасткі для верталётаў, каб падтрымліваць урадавыя войскі ў барацьбе супраць паўстанцаў. У сваю чаргу Саудаўская Аравія з'яўляецца найбуйнейшым гульцом АПЕК і распараджаецца пятай часткай усіх сусветных запасаў нафты, што дазваляе забяспечыць рост цэнаў на нафту за кошт скарачэння здабычы. Ранейшыя адмовы Эр-Рыяда ад такога кроку ўспрымаліся як прыкмета ўнутрыкланавай барацьбы ў Саудаўскай Аравіі, а таксама як жаданне процідзейнічаць кампаніям, якія здабываюць больш дарагую па сабакошце сланцавую нафту.

Каментаваць