Схізма працягваецца

Ва Украіне праваліўся праект стварэння адзінай праваслаўнай царквы. Канкурэнцыя цэркваў заўсёды ўспрымалася як бар’ер для ператварэння ўкраінцаў у адзіную нацыю. Аптымісты лічаць, што кропка не пастаўленая. 



Праект аб’яднання ўкраінскага праваслаўя быў анансаваны ў першыя дні пасля перамогі Майдану на яго сцэне, што падаецца цалкам лагічным. Нагадаем, што ва Украіне суседнічаюць тры праваслаўныя царквы. Найбольш буйная Украінская праваслаўная царква (Маскоўскі патрыярхат) — УПЦ (МП), якая знаходзіцца ў ведамстве Маскоўскай патрыярхіі. Адкол ад яе ў выглядзе Украінскай праваслаўнай царквы (Кіеўскі патрыярхат) — УПЦ (КП). Існуе яшчэ невялікая Украінская аўтакефальная праваслаўная царква — УАПЦ.

Апошнія дзве царквы некананічныя, што выклікае цяжкасці ў іх камунікацыі з праваслаўным светам і ўплывае на імідж. Напрыклад, пры ўсіх панегірыках на адрас УПЦ (КП), якая актыўна падтрымлівала Майдан, Пётр Парашэнка фармальна застаецца вернікам УПЦ (МП). Усяго, паводле дадзеных Міністэрства культуры Украіны, у краіне на 1 студзеня 2015 года налічвалася ва УПЦ (МП) — 12 241 абшчына УПЦ (КП) — 4 738, УАПЦ — 1 225 абшчын, стараабрадцаў — 68, РПЦ замежнай — 28.

Канкурэнцыя цэркваў заўсёды ўспрымалася ў эліце як бар’ер на шляху ператварэння ўкраінцаў у адзіную нацыю. Адсюль спробы ўлады навязаць царкоўным арганізацыям дыялог з мэтай аб’яднання. Шукалі рашэнне гэтай праблемы, напрыклад, прэзідэнты Кучма і Юшчанка.

Новая постмайданаўская спроба аб’яднання праваслаўных пачала набываць нейкую канкрэтыку ў мінулым лістападзе, калі ў Роўна быў агучаны адпаведны мемарандум. Вось яго першыя і галоўныя пункты: «1. Усе праваслаўныя цэрквы Ровенскай вобласці прызнаюць і моляцца за цэласную і адзіную дзяржаву — Украіну. 2. Усе праваслаўныя цэрквы Ровенскай вобласці выступаюць за стварэнне адзінай Украінскай памеснай праваслаўнай царквы. 3. Усе праваслаўныя цэрквы Ровенскай вобласці асуджаюць дзеянні Расіі як агрэсара і іншых дзяржаў па захопу тэрыторыі Украіны».

Тэкст быў падпісаны, дарэчы, таксама прадстаўнікамі УПЦ (МП). Магчыма, такім чынам яны хацелі рэабілітаваць сваю царкву, якую ў лакальнай прэсе часта вінавацяць у падтрымцы сепаратызму на ўсходзе краіны. Гэта выклікала нават рашэнні вернікаў пра пераход іх абшчыны пад патранат Кіеўскага патрыярхату. Увогуле, тэма ўплыву вайны на ўкраінскую царкву патрабуе асобнага даследавання.

Наступным крокам у накірунку інтэграцыі цэркваў стала сенсацыйная заява ад 12 сакавіка гэтага года. Лідар Украінскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы мітрапаліт Макарый прамым тэкстам паведаміў, што УАПЦ гатовая аб’яднацца з Украінскай праваслаўнай царквой Кіеўскага патрыярхату. «Цяпер ужо час не пачынаць, а рэальна дзейнічаць. Не трэба марнаваць ні аднаго дня. Трэба сустракацца, размаўляць і рабіць рэальныя крокі. Я гатовы да таго (аб’яднання цэркваў). Таму што разумею, што гэта трэба Украіне», — сказаў мітрапаліт Макарый. Лідар УПЦ (КП) патрыярх Філарэт таксама выказаў гатоўнасць да аб’яднання. «Калі яны сур’ёзна хочуць аб’ядноўвацца — давайце аб’ядноўвацца, пачынаць дыялог, прадметна гаварыць аб аб’яднанні».

Адначасова Філарэт выказаў упэўненасць, што праваслаўныя з УПЦ (МП) не застануцца па-за рамкамі інтэграцыі.

Агульную ініцыятыву УПЦ (КП) і УАПЦ патрыятычная грамадскасць успрыняла на ўра. Тым больш, што канстанцінопальскі сусветны патрыярх Варфаламей у размове з украінскімі іерархамі таксама выказаў упэўненасць у аб’яднанні ўкраінскай царквы ў адзіную памесную і, па чутках, нават заявіў, што гатовы прадставіць ёй статус аўтакефаліі. Дарэчы, у шэрагу артыкулаў ва ўкраінскай прэсе адзначалася, што з’яўленне тут кананічнай памеснай царквы можа дасць імпульс росту аўтаномных настрояў сярод прадстаўнікоў беларускага праваслаўя.

Затое ў колах, блізкіх да УПЦ (КП), на паведамленні пра аб’яднанне адрэагавалі вельмі адмоўна, пабачыўшы тут руку Дзядзі Сэму. «За аб’яднаўчым працэсам на Украіне стаіць не Хрыстос, а Дзярждэп. І яны перажываюць не пра ўсенароднае дабро, а пра свае інтарэсы. Гэтая сітуацыя не новая для Украіны. І раней, у XVI–XVII стагоддзях, Еўропа спрабавала ціснуць на Расію, разыгрываючы царкоўную карту ў нашай краіне», — піша адзін са славянафільскіх журналістаў. Дарэчы, у УПЦ (МП) кажуць, што ў прынцыпе не супраць адзінства ўкраінскага праваслаўя, аднак гэтаму працэсу, на іх думку, замінаюць палітычныя сілы, якія амаль 20 гадоў выкарыстоўваюць пытанне ў сваіх мэтах. Маўляў, калі пасадзіць за адзін стол праваслаўных, яны самі знойдуць кампраміс.

Аднак у выніку ўсе эмоцыі як аматараў аб’яднання, так і праціўнікаў аказаліся марнымі. 10 ліпеня стала вядома, што прапановы Украінскай праваслаўнай царквы (Кіеўскага патрыярхату) па аб’яднанні ў Адзіную праваслаўную царкву Украінская аўтакефальная праваслаўная царква вырашыла адхіліць. Так пастанавіў архірэйскі Сабор УАПЦ. Пра гэта на сваёй старонцы ў Facebook напісаў прэс-сакратар УПЦ (КП), дадаўшы: «Маскоўская патрыярхія можа апладзіраваць кіраўнікам УАПЦ стоячы: адмовіліся ад усіх прапаноў па аб’яднанні. Гэта дрэнная навіна». Думка пра тое, што за рашэннем архірэяў УАПЦ стаяла Масква, таксама папулярная на інтэрнэт-форумах.

14 ліпеня сваю версію правалу кансультацый прапанавала УАПЦ, якая абвінаваціла ў зрыве перамоўнага працэсу Кіеўскі патрыярхат. Як сцвярджаюць у УАПЦ, прычынай канфлікту стала праблема захавання ў назве сумеснай царквы слова «аўтакефальная». УПЦ (КП) не пагадзілася з дадзенай прапановай, што, завяло ў тупік дыялог. Тут важна адзначыць, што аўтакефальная царква, у адрозненні ад УПЦ (КП), сапраўды мае гераічныя старонкі гісторыі, паколькі была ахвярай сталінскага тэрору. Ёсць і іншыя думкі. Напрыклад, журналісты каналу «Громадське» распавялі пра асабістыя разборкі паміж лідарамі УАПЦ і УПЦ (КП), якія цягнуцца з пачатку 1990-х гадоў, калі абедзве царквы актыўна дзялілі маёмасць.

Нягледзячы на правал спробы аб’яднання, украінская патрыятычная грамадскасць захоўвае аптымізм. Як піша партал «Рэлігійная інфармацыйная служба: «З пазітыўнага — зацвярджэнне, што пасля праведзеных збораў УСЕ святары УАПЦ выказаліся за аб’яднанне з УПЦ (КП). Гэта значыць, што нават у выпадку з пераносам аб’яднальнага Сабору на больш позні тэрмін унутры УАПЦ існуе адкладзены попыт на аб’яднанне, які рана ці позна трэба будзе задавальняць. Будзем спадзявацца, што там няма іншых прычын. І трэціх бакоў, зацікаўленых у тым, каб кантраляваны царкоўны хаос ва Украіне захоўваўся як мага даўжэй».

Каментаваць