Сцяпан Бандэра — герой Украіны

Тэмай нумар адзін на расійскіх інтэрнэт-форумах на мінулым тыдні было супярэчлівае рашэнне прэзідэнта Юшчанкі ўзнагародзіць лідэра ўкраінскіх нацыяналістаў Сцяпана Бандэру званнем Герой Украіны.

Бандэра — даволі адыёзная фігура, сімвал антырасійскага супраціву. Тым больш парадаксальна, што ў рунэце знайшлося дастаткова шмат людзей, якія падтрымалі ўчынак украінскага гаранта. Хто яны — расійскія аматары лідэра АУН, і якія ў іх аргументы? Прапаную агляд расійскай блогасферы.



Тэмай нумар адзін на расійскіх інтэрнэт-форумах на мінулым тыдні было супярэчлівае рашэнне прэзідэнта Юшчанкі ўзнагародзіць лідэра ўкраінскіх нацыяналістаў Сцяпана Бандэру званнем Герой Украіны.

Бандэра — даволі адыёзная фігура, сімвал антырасійскага супраціву. Тым больш парадаксальна, што ў рунэце знайшлося дастаткова шмат людзей, якія падтрымалі ўчынак украінскага гаранта. Хто яны — расійскія аматары лідэра АУН, і якія ў іх аргументы? Прапаную агляд расійскай блогасферы.

Перш за ўсё, трэба адразу адкінуць каментары прыкалістаў, для якіх інтэрнэт — гэта канал для правакацый і жартаў. «Варта аддаць належнае пакуль яшчэ Прэзідэнту Украіны Віктару Юшчанку — ён не замарочваецца і напрыканцы нараджае даволі крэатыўныя рэчы», — піша адзін з прадстаўнікоў гэтай групы. Ён таксама заклікае ў дадатак надаць званне Героя Украіны Астапу Бендэру.

Што да расійскіх аматараў Бандэры, якія маюць свядомую пазіцыю, то перш за ўсё гэта, натуральна, антыкамуністы. Праўда, тут вельмі шмат эмоцый. Так, адзін з іх піша ў сваім блогу: «Ва ўмовах сучаснага жыцця Бандэра для мяне сапраўды асоба гераічная па адным простым параметры — ён ненавідзеў усёй душой чырвоных д’яблаў, а ягоныя хлопцы паспелі задраць асобных сталінскіх пацукоў накшталт Ватуціна. Калі ў блакадным Ленінградзе Жданаў і ўся партыйная верхавіна блінцы гарачыя жэрла, калі энкавэдзісты чынілі тэрор на ўсёй СССР, калі адмарозкі ў пагонах кшталту Жукава гналі людзей тысячамі на кулямёты, праводзячы партыйную сталінскую лінію, — я не магу не пацешыцца і не сказаць «дзякуй» тым, хто хоць аднаго бальшавіцкага вырадка адправіў у пекла».

У Львове з’віўся шасцімятровы бронзавы Бандэра


Другі значны сегмент расійскіх «бандэраўцаў» — лібералы, якія не хочуць, каб новая Расія выконвала функцыі рэгіянальнага жандара.

Вось іх думка: «Так, нашы бацькі і дзяды перамаглі фашысцкіх захопнікаў — гэтага ніхто не смее аспрэчваць… Але ці маюць права іх унукі і праўнукі павучаць увесь белы свет, у якіх месцах у іх павінны стаяць пакінутыя намі помнікі, як павінны выглядаць іх нацыянальныя падручнікі і якія шэсці ў іх гарадах іх улады і грамадскасць павінна дазваляць, а якія — не… Як і тое, каго лічыць іх нацыянальнымі героямі? …Сумняваюся ў такім нашым праве… Можа, нам не трэба так настойліва лезці ў чужую гісторыю? Няўжо ў нас сваіх гісторый бракуе?»

Асобная група — тыя, хто параўноўвае Бандэру і Сталіна: «Не разумею людзей, якія лічаць Бандэру здраднікам і адначасова захапляюцца Сталіным (а такіх у нас абсалютная большасць). Бандэра ўжываў тэрарыстычныя метады, забіваў мірных грамадзян — гэта дрэнна. Але хіба не тым самым да рэвалюцыі займаліся бальшавікі? Хіба не тым самым займаліся і пасля рэвалюцыі? Бандэра ваяваў супраць савецкай улады — гэта дрэнна для савецкай улады. Ён лічыў (і небеспадстаўна!) СССР акупантам украінскай зямлі і прыгнятальнікам свайго народа. Бандэра з 1939-га па 1941 гады супрацоўнічаў з нацысцкай Германіяй — гэта дрэнна. Але тым жа самым тады займаўся і Сталін! Адзін арганізоўваў навучанне сваіх байцоў афіцэрамі вермахту, а другі забяспечваў вермахт рэсурсамі. Хто прынёс больш карысці Гітлеру? Бандэраўцы заклікалі забіваць (і, відавочна, забівалі самі) нацменшасці (палякаў, габрэяў і рускіх) — гэта дрэнна. Але наш галоўны спецыяліст па нацыянальным пытанні займаўся прыкладна тым жа, але ў значна большых маштабах».

Адзін з блогераў нагадвае, што «па ініцыятыве замежнага аддзела Расійскай праваслаўнай Царквы (РПЦ) разглядаецца пытанне наконт прызнання Уласава змагаром супраць бальшавізму». Зрэшты, піша аўтар, «замежны аддзел РПЦ яго такім ужо прызнаў».

Найбольшую падтрымку аднак знайшоў тэзіс пра тое, што Масква не мае права крытыкаваць Кіеў, паколькі сама дае званне Герой Расіі паводле вельмі дзіўнага прынцыпу. Размова пра нядаўняе рашэнне надаць званне Героя чачэнскаму кіраўніку Аслану Кадыраву, які, як вядома, пачынаў кар’еру ў шэрагах байцоў Дудаева.

Депутат райсавета Севастополя
Канстанцін Заруднеў дэманстратыўна
спаліў свой пашпарт на знак пратэсту
супраць прысваення звання Герой Украіны
Сцяпану Бандэру


Вось тыповы каментар на гэты конт: «Віктар Юшчанка надаў званне Героя Украіны Сцяпану Бандэру, лідэру Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў. Асоба неадназначная, больш за тое, шмат у чым (мяркуючы па міфах і штампах) адыёзная. Чалавек, вялікая частка сям’і якога была рэпрэсавана, і які змагаўся за незалежнасць сваёй краіны. Украіна — гэта незалежная дзяржава, і мэта Сцяпана Бандэры дасягнута. Прэзідэнт гэтай краіны прысвойвае званне Героя барацьбіту за незалежнасць. Чаму зноў такое выццё пачынаюць камуністы і тыя, хто з імі? Значыць, прысвойваць званне Героя Расіі чалавеку, які са сваімі падручнымі рэзаў глоткі маладым хлопцам у Чачні, можна? Абсалютна не разумею гэту логіку... Можа, ужо час зразумець, што Украіна — гэта не рэспубліка Расійскай Федэрацыі?»

Нарэшце, самая экзатычная фракцыя аматараў Бандэры ў Расіі заклікае ненавіснікаў Бандэры «не парыцца», паколькі сам Бандэра ніколі б не прыняў падобную ўзнагароду з рук былога камсамольскага правадыра (Юшчанка за савецкім часам быў сакратаром камсамольскай арганізацыі).

«Гадоў дзесяць таму адзін з кіраўнікоў АУН і галоўнакамандуючы УПА Васіль Кук адмовіўся прыняць званне Героя Украіны з рук Леаніда Кучмы. Пагадзіцеся: Шарль дэ Голь таксама наўрад ці прыняў якую-небудзь узнагароду з рук Вішысцкай рэспублікі, у якой байцы Супраціву дагэтуль лічыліся б злачынцамі. Сцяпан Бандэра, які быў змешчаны ў канцлагер Заксенхаўзен адразу пасля таго, як адмовіўся ануляваць Акт аднаўлення УНР ад 30 чэрвеня 1941 года, наўрад ці палічыў бы цяперашнюю ўкраінскую дзяржаву той самая дзяржавай, стварэнню якой прысвяціў усё сваё жыццё. Таму, думаю, Віктару Андрэевічу пашанцавала, што Бандэра і Шухевіч загінулі паўстагоддзя таму. У выніку ў яго з’явілася выдатная магчымасць рабіць піяр на іх памяці», — дзеліцца думкамі адзін з блогераў.

Застаецца дадаць, што прыхільнікаў пералічаных вышэй падыходаў адносна Бандэры ў расійскай грамадскасці абсалютная меншасць. Аднак, у любым выпадку, гэтая група прысутнічае, і яна дастаткова заўважная.

Каментаваць