Сепаратызм па-амерыканску

Губернатар Тэхасу прыгразіў Абаме выхадам штату са складу ЗША, калі той не зменіць курс. Ці ёсць шанец у амерыканскіх сепаратыстаў?



Губернатар Тэхасу прыгразіў Абаме выхадам штату са складу ЗША, калі той не зменіць курс. Ці ёсць шанец у амерыканскіх сепаратыстаў?

Сваю заяву губернатар Тэхасу Рык Перы зрабіў за гарбатай. У ЗША публічная цырымонія распівання гэтага напою мае асаблівы падтэкст. Менавіта груз гарбаты выкінулі прыхільнікі незалежнасці штатаў з англійскіх караблёў у Бостане ў 1773 годзе. Такім чынам яны пратэставалі супраць высокіх падаткаў, якія ўстанавіла Англія. Тая акцыя стала пралогам Амерыканскай рэвалюцыі, а піццё гарбаты — яшчэ і сімвалам грамадскага пратэсту.

«Я мяркую, што наша федэральнае кіраўніцтва стала дэспатычным… Тэхасцы стаміліся ад таго, што федэральная ўлада ўмешваецца ў іх правы. У нас вялікая краіна, і няма прычыны распускаць наш Саюз. Аднак, калі Вашынгтон працягне тыкаць свой нос у справы народу, зразумела, які можа быць вынік. Тэхас — унікальнае месца, незалежнае па свайму духу», — сказаў губернатар.

Наколькі папулярныя лозунгі развалу Злучаных Штатаў сярод амерыканцаў? Пытанне складанае, таму што акрамя прыхільнікаў незалежнасці асобных штатаў, існуюць нацыянальныя рухі. Напрыклад, чарнаскурыя нацыяналісты доўгі час марылі стварыць у рэгіёне Чорны пояс (раён на Поўдні ЗША, густа заселены афра-амерыканцамі) дзяржаву Новая Афрыка. Неаднаразова за выхад са Злучаных Штатаў Амерыкі, нават са зброяй у руках, выступалі некаторыя індзейскія плямёны. Апошні інцыдэнт меў месца ў мінулым годзе. Правадыры племені лакота, якое жыве ў штатах Мантана, Небраска і Дакота, заявілі пра стварэнне незалежнай Рэспублікі Лакота. Галоўная падстава — спасылка на дамову, якую іх прадзеды падпісалі з урадам ЗША (адпаведна ёй індзейцы перайшлі пад пратэктарат Злучаных Штатаў). Тая дамова ўстанаўлівала таксама абавязкі абодвух бакоў. На думку індзейцаў, Вашынгтон даўно парушыў пункты таго пакту, і таму індзейцы аўтаматычна вярнулі сабе статус незалежнай нацыі. Ёсць моцны рух за незалежнасць на востраве Пуэрта-Рыка, які лічыцца асацыяванай з ЗША дзяржавай. Яго, дарэчы, горача падтрымліваў сусветна вядомы пісьменнік Габрыэль Гарсія Маркес.

Існуе спецыфічны рух за незалежнасць асобных штатаў. Права на аддзяленне яны аргументуюць некаторымі пунктамі Дэкларацыі аб незалежнасці ЗША. Адзін з пунктаў Дэкларацыі прызнае права народа на рэвалюцыю і абранне той формы дзяржаўнага ладу, які гарантуе людзям шчасце і бяспеку. Таксама трэба згадаць, што на першым этапе свайго існавання ЗША былі Канфедэрацыяй, у якой цэнтральны ўрад меў вельмі малыя паўнамоцтвы. Колькі існавалі ЗША, столькі працягваліся дэбаты, ці з’яўляецца права на рэвалюцыю правам штатаў на выхад са складу краіны.

Федэралісты кажуць, што толькі агульная нацыянальная канвенцыя можа змяніць форму дзяржаўнага ладу. Бацька амерыканскай канстытуцыі Джэймс Мэдзісан выступаў супраць таго, каб пад словам «рэвалюцыя» разумелі «сепаратызм».

Самая вядомая спроба незадаволеных палітыкай цэнтру штатаў выйсці са складу ЗША мела месца ў 1861 годзе, калі на Поўдні рабаўладальнікамі была абвешчаная Канфедэрацыя Злучаных Штатаў. Дэкларацыя прывяла да пачатку грамадзянскай вайны.

Але яшчэ ў 1800 годзе, калі ўрад ЗША набыў у Францыі Луізіану, некаторыя грамадскія дзеячы з усходніх штатаў падазравалі, што палітыкі ў Белым Доме наўмысна пашыраюць колькасць штатаў, каб змяніць баланс сіл. Незадаволеныя нават хацелі стварыць альтэрнатыўныя Штаты. Ідэя правалілася, аднак адрадзілася ў 40-я, калі ў склад ЗША ўвайшоў Тэхас, што ўзмацніла пазіцыі Поўдня. У 1850 годзе здарыўся цікавы выпадак з Паўднёвай Каралінай. З-за нейкага акту, прынятага цэнтральным урадам, эканоміка штату пагоршылася. Узнік рух за выхад са складу ЗША. І ў 1860 годзе штат прыняў рашэнне пра незалежнасць. Пакуль палітыкі спрачаліся наконт таго, ці адпавядае гэта закону, пачалася грамадзянская вайна, і Паўднёвая Караліна ўступіла ў Канфедэрацыю, якую Поўнач разграміў.

У час грамадзянскай вайны заходнія графствы штату Вірджынія, незадаволеныя рашэннем кіраўніцтва штату далучыцца да рабаўладальнікаў, выйшлі і стварылі асобны штат Заходняя Вірджынія. Вашынгтон радасна падтрымаў такую форму сепаратызму. Заходняя Вірджынія стала 35-м сябрам саюзу.

Безумоўна, сепаратызм існуе ў тых штатах, якія былі незалежнымі дзяржавамі да таго, як далучыліся да ЗША. Мова пра Гаваі, Вермонт і Тэхас.

Гавайскія прыхільнікі незалежнасці аб’яднаныя ў арганізацыю Рух за суверэнітэт (узнікла ў 1970-я). Яго прыхільнікі патрабавалі ад Вашынгтону прынесці прабачэнні за арганізацыю перавароту ў 1893 годзе, у выніку якога на архіпелагу была ліквідавана манархія, а сам архіпелаг праз пару гадоў анексаваны. У 1993 Біл Клінтан прынёс прабачэнні гавайцам, аднак матэрыяльную кампенсацыю камісія ў Сенаце вырашыла не даваць. Трэба, аднак, адзначыць, што гавайскі рух расколаты. Частка выступае не за фармальную незалежнасць, а за незалежнасць, пры якой уладу на Гаваях атрымаюць менавіта гавайцы.

Іншыя рухі за незалежнасць больш блізкія да рэспубліканскай або лібертарыянскай (радыкальныя лібералы) партый. У Тэхасе існуе грамадзянская ініцыятыва Republic of Texas, якія лічаць, што Тэхас быў уключаны ў склад ЗША насуперак волі яго грамадзян і, адпаведна, да цяперашняга дня знаходзіцца пад акупацыяй. Рэспубліка Тэхас сапраўды існавала ў 1835–1850-х гадах і была прызнаная шматлікімі дзяржавамі. Актывісты нават стварылі ў 1995 годзе часовы ўрад незалежнага Тэхасу, які актыўна друкуе тэхаскія пашпарты і патрабуе, каб цэнтральны ўрад прызнаў яго легітымным прадстаўніком народу. У 1997 годзе некалькі сепаратыстаў захапілі заложнікаў, патрабуючы вызвалення ўжо арыштаваных актывістаў. Яшчэ праз год адзін з сяброў групоўкі быў арыштаваны за падрыхтоўку замаху на прэзідэнта Біла Клінтана. Тэхаскія сепаратысты — сталыя пастаўшчыкі кур’ёзаў. Напрыклад, у 2004 годзе адзін з сяброў Republic of Texas, які сядзеў у турме, заявіў, што яго нельга пераводзіць у турму Каліфорніі, паколькі ён грамадзянін Тэхасу.

Як ні парадаксальна, аднак самая моцная партыя за незалежнасць дзейнічае на Алясцы, якая толькі напрыканцы 50-х атрымала статус штату. Партыя незалежнасці Аляскі — трэцяя па папулярнасці партыя ў рэгіёне. У ёй 13 тысяч чалавек. Сярод лідэраў партыі Тод Пэлін — муж Сары Пэлін, губернатара штату і кандыдата на пасаду віцэ-прэзідэнта на апошніх прэзідэнцкіх выбарах. У 2006 годзе партыя сабрала неабходную колькасць галасоў, каб зарэгістраваць ініцыятыўную групу па правядзенню рэферэндуму пра выхад Аляскі са складу Злучаных Штатаў Амерыкі. Аднак суд штату прызнаў такую ініцыятыву незаконнай.

У іншыя штатах рух за незалежнасць больш слабы і часам камічны. Існуе, напрыклад, такі незвычайны рух, як Free State Project (FSP). Ён узнік у 2001 годзе, калі адзін студэнт універсітэту надрукаваў артыкул у часопісе “The Libertarian Enterprise. Ён прапанаваў усім прыхільнікам лібертарыянства пераехаць у які-небудзь штат і правесці там сацыяльны эксперымент. Ідэя спадабалася. У выніку абмеркавання перамог штат Нью-Гемпшыр. Стваральнікі руху паставілі задачу на працягу пяці гадоў павялічыць колькасць прыхільнікаў да 20 тысяч чалавек (гэтага, па іх падліках, павінна хапіць, каб захапіць уладу ў штаце). Пакуль пераехалі толькі 700 чалавек.

Застаецца дадаць, што ў 2006 годзе была створна Асацыяцыя за развал ЗША, 40 прадстаўнікоў з 16 сепаратысцкіх арганізацый дэкларавалі стварэнне Паўночнай Амерыканскай канвенцыі сепаратыстаў.

Як бачым, рух сепаратыстаў у Штатах дастаткова слабы і мае лакальную падтрымку. Калі рэспубліканская апазіцыя пачне гуляць у такія цацкі, яна хутчэй дыскрэдытуе сябе. Прычым нават у тых раёнах, дзе захавалася моцная сепаратысцкая традыцыя. Апытанні паказваюць, што 31 працэнт жыхароў Тэхасу прызнаюць права іх краю на незалежнасць, аднак толькі 18 працэнтаў маюць намер актыўна дабівацца выхаду штату з ЗША.
 

Каментаваць