Сепаратысцкія трэнды на фоне адзінства

Уся Германія сёння, 3 кастрычніка, святкуе дзень адзінства. Аднак фонам для святкавання стала мода на стварэнне рэгіянальных партый і праектаў.


На піку феадальнай раздробленасці ў Германіі налічвалася каля 200 дзяржаўных фармаванняў. Прычым некаторыя з іх (Баварыя, Саксонія) былі значнымі еўрапейскімі гульцамі. І не дзіўна, што шмат дзе ў Германіі існуе моцная рэгіянальная або сепаратысцкая палітычная традыцыя. Знішчыць яе не змог нават Бісмарк, які праводзіў вельмі жорсткую палітыку культурнай асіміляцыі. Перажыла яна і часы гітлераўскай дыктатуры, калі ўсе органы мясцовага самакіравання былі інтэграваныя ў партыйна-адміністратыўную вертыкаль Трэцяга рэйху. Яшчэ да падпісання Акта аб капітуляцыі баварскія незалежнікі зандавалі глебу наконт таго, каб заходнія саюзнікі далі згоду на адраджэнне баварскай дзяржаўнасці.

Гэтыя сепаратысцкія памкненні шмат у чым былі ліквідаваныя федэратыўным прынцыпам дзяржаўнага ладу Заходняй Германіі. Землі — суб’екты федэрацыі — атрымалі вялікі пакет паўнамоцтваў, аж да права мець сваё МУС. Да таго ж нямецкі эканамічны цуд 1950–1960-х гадоў мінулага стагоддзя астудзіў інтарэс да змены рэжыму. Як следства, сепаратысцкія партыі згубілі электарат і ператварыліся ў невялікія клубы інтэлектуалаў. Сацыяльную базу і, адпаведна, выбаршчыка захавалі толькі тыя структуры, якія абапіраліся на нацыянальныя меншасці (датчане, фрызы, швейцарцы і г.д.).

Свой высокі статус у нямецкай палітыцы захаваў выключна баварскі Сацыяльна-хрысціянскі саюз (CSU), які застаецца вядучай рэгіянальнай кансерватыўнай партыяй і партнёрам хрысціянскіх дэмакратаў. Аднак гэта не было наступствам папулярнасці сепаратысцкіх сантыментаў. Сепаратызм быў фішкай іншай, так званай «Баварскай партыі». Што ж тычыцца CSU, дык яна падабалася людзям за моцную сацыяльную дактрыну. Аўтары праекту CSU лічылі, што на аснове каталіцкага этасу можна нівеляваць кепскія праявы капіталізму.

Першы раз пра пагрозу сепаратызму ў ФРГ пачалі казаць пасля далучэння зямель былой Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі (ГДР). Турбулентнасць рынкавых рэформаў не спадабалася шмат каму з усходніх немцаў. Самай папулярнай формай пратэсту стала галасаванне за Партыю дэмакратычнага сацыялізму (PDS) — нашчадка партыі камуністаў ГДР. Хаця партыя з тых часоў моцна змянілася, яна дасюль мае імідж палітсілы, якая абараняе інтарэсы насельніцтва зямель экс-ГДР.

Тым не менш, запісваць PDS, а таксама і яе пераемніка — партыю «Левыя», — у сепаратысты па меншай меры вульгарна. Хаця б таму, што партыя фармальна не дэкларуе задачу рэстаўрацыі асобнай дзяржавы на ўсходзе, выступае за сацыялістычную перспектыву для ўсёй краіны. У гэтым плане цікава, што партыя «Альтэрнатыва для Германіі» (AfD), на думку некаторых, мае ўсе шанцы ператварыцца ў рэгіянальны ўсходненямецкі праект. Справа ў тым, што менавіта ўсходнія немцы пакутуюць на ксенафобію, разумеючы гэта як нейкі важны элемент мясцовай ідэнтычнасці.

Калі «Левыя» не адносяцца да рэгіяналістаў, дык тыя характарыстыкі пасуюць шэрагу партый, якія ўсё часцей паўстаюць у Германіі ў апошнія дзесяць гадоў. Гэта партыі «Фрызы», «Саюз Франконцаў», «Вестфальцы»…

Асобна ў гэтым каталогу ста­іць партыя «Lausitzer Allianz», або «Лужыцкі альянс», якая намагаецца абараняць інтарэсы славянскіх меншасцяў, што захавалі мову і самаідэнтычнасць, нягледзячы на амаль дзесяць стагоддзяў нямецкай культурнай асіміляцыі. З улікам таго, што славяне жывуць выключна ў шэрагу раёнаў Саксоніі і Турынгіі, «Лужыцкі альянс» не патрабуе стварэння асобнай федэральнай зямлі, але лічыць патрэбным прыняць закон аб нейкім славянскім парламенце. Гэты орган, куды павінны ўваходзіць дэпутаты з гістарычных славянскіх земляў, мусіць выступаць у якасці дарадчыка ландтагаў — зямельных парламентаў. Ідэя пра славянскі парламент — не з шэрагу фантазій. Падобны орган існуе пад Штутгартам, — так званы «Region Stuttgart». Праўда, перш за ўсё сорбы і ніжнія лужычане патрабуюць двухмоўя ў публічных і адукацыйных установах.

Прычынай для ўзнікнення згаданых рэгіянальных праектаў, перш за ўсё, лічыцца глабальны эканамічны крызіс, калі на месцах адчуваецца дэфіцыт ліквідных рэсурсаў. Адказнасць за сітуацыю бюргер вельмі часта перакладае на цэнтр, прычым неабавязкова федэральны. Так, «Саюз франконцаў» крытыкуе Мюнхен за тое, што той, быццам, сядзіць на шыі ў Нюрнберга (гістарычная сталіца Франконіі), патрабуючы выхаду франконскага краю са складу Баварыі.

Другім драйверам для рэгіяналісцкіх забабонаў сталі навіны з Шатландыі, Каталоніі і іншых рэгіёнаў краін ЕС, якія намагаюцца атрымаць незалежнасць, не выходзячы за межы нацыянальнага і еўрапейскага права. Рэхам шатландскага рэферэндуму ў Германіі сталі, акрамя ўсяго, публікацыі кнігі «Баварыя здольная сама», аўтар якой фармулюе сацыяльна-эканамічныя падставы для існавання заможнай баварскай дзяржавы.

Нарэшце, у мінулым годзе з’явіўся трэці і самы моцны фактар, каб цікавіцца рэгіянальнымі канцэптамі — міграцыйны крызіс. Больш за ўсё ён закрануў паўднёвыя землі. Мясцовыя адміністрацыі, якія вымушаны прымаць мігрантаў, вінавацяць Берлін за тое, што той даў згоду на прыём уцекачоў. На іх думку, наадварот, неабходны план стрымлівання навалы.

Найбольш моцна асуджаюць курс Меркель у Баварыі, дзе дапускаюць нават аўтаномны ўдзел CSU у федэральных парламенцкіх выбарах у наступным годзе. Такой камбінацыі, як удзел асобнай рэгіянальнай партыі ў агульнанямецкіх выбарах, у гісторыі ФРГ не было з часоў першых выбараў у Бундэстаг. Цяжка сказаць, ці рызыкнуць баварцы гуляць сольна, і на што можа разлічваць CSU на федэральным узроўні. Аднак нават факт падобнай выбарчай кампаніі можа мець самыя непрадказальныя наступствы для нямецкага адзінства.


Каментаваць