Шатландыя. Алекс Салманд рыхтуецца да рэферэндуму

Кіраўнік шатландскай аўтаноміі, лідар «Партыі шатландскіх нацыяналістаў» (SNP) абвясціў поўную мабілізацыю ўсіх прыхільнікаў шатландскай незалежнасці.



Алекс Салманд


Праз год, 18 верасня 2014 года, адбудзецца ініцыяваны ім рэферэндум, на які будзе вынесена пытанне незалежнасці краю. Вынікі апошніх апытанняў сведчаць, што Салманда гатовая падтрымаць меншасць суайчыннікаў, прыкладна 40 працэнтаў. Невысокі ўзровень нацыянальнай свядомасці тлумачыцца страхам згубіць датацыі, якія Шатландыя атрымлівае з Лондану.

Пакуль аналітыкі скептычна ставяцца да намераў Салманда нешта змяніць за адзін год. Нават на піку папулярнасці яго ідэй толькі 47 працэнтаў тубыльцаў марылі пра незалежную Шатландыю.

Між тым, правал рэферэндуму ў Шатландыі можа вельмі дапамагчы каталонскім незалежнікам. Справа ў тым, што на мінулым тыдні Мадрыд упершыню вуснамі прэм’ера Марыяна Рахоя даў зразумець, што дапускае правядзенне рэферэндуму аб незалежнасці Каталоніі, калі ўсё будзе ў рамках закону.

Некаторыя мяркуюць, што няўдача Салманда зможа супакоіць Рахоя і справакаваць Мадрыд на тое, каб дазволіць рэферэндум аб незалежнасці Каталоніі. Нават сам факт таго, што цэнтр гатовы прызнаваць самастойны выбар малых народаў Іспаніі, будзе прававым прэцэдэнтам і прарывам у палітычнай культуры іспанскай эліты.

Каментаваць