Шатландыя — гэта не Данбас

Данецкія сепаратысты намагаюцца выкарыстаць рэферэндум аб незалежнасці Шатландыі ў якасці доказу права выхаду Данбаса са складу Украіны.



Не толькі Вялікабрытанія, аднак і ўвесь свет літаральна застылі ў чаканні вынікаў рэферэндуму ў Шатландыі. Як ужо падлічыла брытанскае выданне «The Telegraph», перамога незалежнікаў здольная гавальванізаваць сепаратысцкія рухі як мінімум у дзясятцы краін (Іспанія, Бельгія, Італія, Індыя, Кітай і г.д.). Хаця ўжо зараз, не чакаючы вынікаў плебісцыту, шматлікія сепаратысты, патрабуючы стварэння новых дзяржаў або пашырэння правоў аўтаномій, ахвотна спасылаюцца на прыклад Шатландыі.

Напрыклад, актыўна экстрапалююць палітычны працэс у Шатландыі на Данбас. Газета «Guardian» цытуе пажылую жанчыну, удзельніцу мітынгу ў Данецку, якая кажа: «Мы любілі Украіну, пакуль яна не пачала бамбіць нас. Цяпер мы ніколі не зможам вярнуцца туды. Мы чытаем, што ў вас Шатландыя хоча аддзяляцца. Чаму вы не пасылаеце свае танкі туды, а замест гэтага пасылаеце іх сюды?»

Ускосна сімпатыі да шатландцаў у Данбасе тлумачацца таксама тым, што галоўным апанентам ідэі незалежнай Шатландыі выступае брытанскі прэм’ер Дэвід Кэмеран, які таксама вядомы як адзін з самых заўзятых саюзнікаў кіеўскай улады і прыхільнік максімальна жорсткіх эканамічных санкцый супраць Расіі.

Сепаратысцкія і рускія СМІ ахвотна смакуюць няўдачы Кэмерана на шатландскім фронце. Сайт «Аргументы недели» (Расія) піша: "Выхад Эдынбурга з 300-гадовага брытанскага саюза справакуе непрадказальную ланцуговую рэакцыю. Як мінімум, фрагменты таго, што яшчэ засталося ад Брытаніі — Англія, Уэльс і Паўночная Ірландыя — будуць вымушаныя перагледзець некаторыя з умоў сяброўства дзяржавы ў ЕС. Але, хутчэй за ўсё, толькі выхадам Шатландыі з Вялікабрытаніі справа не скончыцца. Напэўна, адразу абвострыцца і ірландскае пытанне. Успыхне і без таго неспакойны Ольстэр. Так што для Лондана наступаюць вельмі няпростыя часы. Спакойная і багатая краіна можа паўтарыць шлях Югаславіі. Цяпер падобны працэс адбываецца на Украіне. На Данбасе не спыняюцца баі. Так што прэм'еру Кэмерану варта больш думаць пра будучыню сваёй радзімы, а не пагражаць Расіі санкцыямі за спробу пагасіць «украінскія Балканы» і патрабаваць ад Кіева, каб Парашэнка спыніў ваенную аперацыю на ўсходзе Украіны".

Актыўнае выкарыстанне сепаратыстамі прыкладу Шатландыі як аргумента на карысць права Данбасу на выхад з Украіны прымусіла кіеўскія СМІ прыводзіць контраргументы. Перш за ўсё, у Кіеве звяртаюць увагу на тое, што жыхары Данбасу не з’яўляюцца асобным этнасам, у адрозненне ад горцаў-шатландцаў.

Інтэрнэт-выданне «Страйк» (Украіна) адзначае з гэтай нагоды: «У нашым выпадку гаворка ідзе аб далучэнні часткі гістарычнай Украіны да такога геапалітычнага гульца, як Расія. Трэба ўлічваць, што ўсе 23 гады сваёй незалежнасці Украіна існавала як адзіная краіна, без якіх-небудзь праяў сепаратызму, акрамя некаторых усплёскаў у Крыме. Гэта значыць, фактараў, якія аб'ядноўвалі Украіну, было больш, чым тых, што яе размяжоўвалі, да нядаўняга часу. Прыклад Данбаса — не такі, як прыклад Шатландыі ці Ірландыі. Гістарычна, гэты рэгіён не быў незалежным, а фактычна, быў толькі складнікам Расійскай Імперыі. Усходняя Украіна — гэта ўсё ж Украіна, а не Расія. На паўднёвым усходзе насельніцтва гэтага рэгіёну размаўляла па-ўкраінску або на дыялекце ўкраінскай мовы. Нават сёння руская мова ўкраінца адрозніваецца ад рускай мовы расіяніна. Культурна, усход Украіны таксама бліжэй да Украіны, чым да Расіі. Праява сепаратызму на ўсходзе Украіны — гэта не што іншае, як спланаваная штучная сітуацыя».

Крытыкі ДНР-ЛНР звяртаюць увагу, што рух за незалежнасць Шатландыі паўстаў і развіваўся выключна ў акрэсленых прававых рамках. Параўноўваць гэты працэс з крывавым варварствам, якое назіраецца ва ўсходняй Украіне, папросту немагчыма.

Увогуле, на думку кіеўскіх палітолагаў, шатландскі рэферэндум — гэта хутчэй псіхалагічнае задавальненне, паколькі шатландцы ў выпадку атрымання суверэнітэту ўсё роўна застануцца жыць у складзе аб’яднанай Еўропы, у якой яны жывуць і сёння будучы грамадзянамі Аб’яднага Каралеўства.

Аднак галоўнае адрозненне данбаскага і шатландскага сепаратызмаў — у іншым. Кампанія за незалежнасць Шатландыі мае пераважна левы сацыяльны характар. Шмат у чым яна пабудаваная на супрацьстаўленні рабочай поўначы краіны яе багатаму поўдню. Прыхільнікі незалежнасці агучваюць патрабаванні накшталт рэформы сістэмы аховы здароўя, бясплатнай адукацыі, лібералізацыі заканадаўства аб грамадзянстве, забароны ядзернай зброі — у прыватнасці, вываз усіх ядзерных боегаловак з тэрыторыі Шатландыі.

У гэтым плане параўнаць рух за незалежнасць Шатландыю і данбаскі сепаратызм адназначна цяжка. Ідэалагічная прырода рэжымаў ДНР-ЛНР дасюль застаецца загадкавай. За тры месяцы існавання гэтых нефармальных структур іх кіроўныя органы апублікавалі некалькі праграмных дакументаў, якія часам цалкам супярэчаць адзін аднаму. Напрыклад, красавіцкі праект канстытуцыі ДНР абвяшчаў па сутнасці стварэнне нейкага праваслаўнага халіфату: на Данбасе павінны былі быць забароненыя ўсе канфесіі, акрамя праваслаўнай, нетрадыцыйны сэкс і г.д. Пасля ад гэтага праекту, быццам, адмовіліся, але ўжо ў жніўні сцягам Наваросіі прапанавалі зрабіць бела-жоўта-чорны штандар — афіцыйны сцяг Расійскай імперыі ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя.

Імперская настальгія і адсутнасць абяцанняў перагляду вынікаў прыватызацыі выклікалі пратэсты сепаратыстаў, сярод якіх шмат прыхільнікаў СССР. Апошнія ў адкрытым лісце да кіраўніцтва ДНР-ЛНР патрабавалі дакладна вызначыцца з прынцыпамі данецкай дзяржаўнасці.

Пакуль сумнеўна, што Масква дасць згоду на шырокае дэмакратычнае абмеркаванне канцэпцыі данецкай дзяржавы (у тым ліку таму, што гэта адразу выклікае пытанне, наколькі народным з’яўляецца пуцінскі рэжым з яго алігархамі). Таму варта пагадзіцца з высновамі расійскага ліберала Канстанціна Баравога: «Калі галасаванне адбываецца не ва ўмовах дыскусіі, ніякіх аналогій з Шатландыяй быць не можа».

Каментаваць