Шырокая аўтаномія? Дзякуй, не трэба

10 студзеня жыхары двух французскіх заморскіх дэпартаментаў Марцініка і Гвіяна прагаласавалі супраць пашырэння аўтаноміі. Пра дзівосныя завіхрэнні французскага посткаланіялізму журналіст «НЧ» Алег Новікаў размаўляе з французскім калегай Бярнардам Шмідтам, які нядаўна пабываў на Марцініцы.



10 студзеня жыхары двух французскіх заморскіх дэпартаментаў Марцініка і Гвіяна прагаласавалі супраць пашырэння аўтаноміі. Пра дзівосныя завіхрэнні французскага посткаланіялізму журналіст «НЧ» Алег Новікаў размаўляе з французскім калегай Бярнардам Шмідтам, які нядаўна пабываў на Марцініцы.

— Сыходзячы з рэалій постсавецкай палітыкі, выбар жыхароў Марцінікі падаецца вельмі дзіўным. Статус шырокай аўтаноміі, як паказвае прыклад тых жа былых аўтаномных савецкіх рэспублік, дае большыя магчымасці для мясцовай палітычнай эліты.

— Здавалася, так яно і павінна быць. Існуе вялікая этнічная і культурная розніца паміж чарнаскурымі жыхарамі вострава і жыхарамі метраполіі. Што, дарэчы, выклікае эфект мяккай дыскрымінацыі: тубыльцам цяжка зрабіць кар’еру, іх неахвотна бяруць на працу. Эканамічныя і спажывецкія стандарты на французскіх Карыбах вельмі далёкія ад Францыі. Мясцовыя прафсаюзы на той жа Марцініцы мараць, каб мінімальны заробак складаў 350 еўра. У Францыі гэта нават не грошы. Нарэшце, на востраве даўно існуе, у адрозненні ад Гвіяны, незалежніцкі рух. Прычым ёсць незалежніцкія партыі як крэолаў, так і чарнаскурых. І нават больш таго: на мясцовых выбарах 2008 года Рух за незалежнасць Марцінікі (ММІ) упершыню прарваўся ў органы ўлады. У некаторых раёнах за яго галасавала каля 40 працэнтаў. Тым больш дзіўнымі здаюцца вынікі галасавання: супраць пашырэння аўтаномных правоў прагаласавала прыкладна 79 працэнтаў. Прычым яўка была дастаткова высокая — каля 70 працэнтаў. Можна казаць, што гэта свядомы выбар большасці.

— Які галоўны матыў такога выбару?

— Каб зразумець, чаму большасць прагаласавала супраць пашырэння аўтаноміі, трэба вярнуцца ў мінулы год. Дакладней, прыгадаць вясну 2009 года, калі Марцініку ахапіла агульная забастоўка, арганізаваная прафсаюзамі. Удзельнікі таксама пратэставалі супраць прывязкі эканомікі вострава выключна да французскага рынку. Больш таго, ён знаходзіцца ў руках клану нашчадкаў белых каланізатараў. «Тушыць пажар» з Парыжу прыехаў асабіста прэзідэнт Сарказі. Менавіта ў час візіту ён прапанаваў жыхарам Марцінікі больш эканамічнай самастойнасці і абвясціў пра будучы рэферэндум. Хаця на самай справе палеміка пра статус Марцінікі ідзе вельмі даўно. Зараз Марцініка — заморскі рэгіён. Статус быў прысвоены ў 2003 годзе. У кожным падобным заморскім рэгіёне дзейнічае выбарная рэгіянальная рада. Гэтыя рэгіёны дэлегуюць сваіх прадстаўнікоў у агульнанацыянальныя структуры — Нацыянальную асамблею, якая, аднак, кіруюцца спецыяльным прэфектам з Парыжа. Праўда, некаторыя законы метраполіі тут не дзейнічаюць. Такая сітуацыя даўно не задавальняе як прыхільнікаў незалежнасці, так і так званых «асімілістаў», якія хацелі б бачыць Марцініку звычайным французскім дэпартаментам.

— Як рэагавалі на ідэю Сарказі мясцовыя партыі і палітычныя рухі?

— У большасці крытычна. Схема Сарказі, у двух словах, была наступная: адміністрацыя Марцінікі атрымлівае больш гаспадарчых праў. У сваю чаргу, Парыж скарачае фінансавыя датацыі востраву. Пры гэтым праект не прадугледжваў ані змены палітычнай структуры, ані памяншэння палітычнай залежнасці ад Парыжа. Сарказі ўвогуле радыкальна выключыў магчымасць незалежнасці для Марцінікі. Такім чынам, мясцовыя нацыяналісты пабачылі ў праекце Сарказі папросту спробу перакласці на востраў эканамічную адказнасць і заклікалі галасаваць супраць.

— Як рэагавалі ў Францыі на праект Сарказі і вынікі рэферэндуму?


— Правыя партыі, кшталту Нацыянальнага Фронту, і частка галістаў выступілі радыкальна супраць пашырэння аўтаноміі. Яны пабачылі ў гэтым замах на інстытуты французскай рэспублікі, для якой характэрны моцны цэнтралізм і універсальнасць праў для кожнага грамадзяніна. Хаця існуюць рэгіёны-выключэнні. Маю на ўвазе так званы rеgime de la spеcialitе lеgislative. Такі рэжым дзейнічае на некаторых тэрыторыях. Тут мясцовыя органы ўлады маюць права прымаць канчатковае рашэнне па падпісаных у Парыжы законах. Такім правам карыстаюцца некалькі астравоў у Палінезіі. Менавіта такую форму шырокай аўтаноміі хочуць аўтанамісты і прыхільнікі незалежнасці. Што тычыцца французскіх левых, то яны былі цалкам на баку праціўнікаў Сарказі. Па большасці іх праблема незалежнасці не цікавіла. Іх цікавіў страйк, у якім яны бачылі правобраз будучых класавых бітваў у Францыі, прыклад таго, як трэба дзейнічаць. Падчас забастоўкі востраў наведалі амаль усе лідэры французскіх левых.

— Рэферэндум праваліўся. Што далей?

— Сацыяльныя супярэчнасці на Марцініцы застаюцца не вырашанымі, таму канфлікт на востраве будзе працягвацца. Шмат што зараз будзе залежыць ад вынікаў забастоўкі на суседнім востраве Гвадэлупа, які таксама належыць Францыі. Напрыканцы студзеня там пачалася забастоўка. Калі яна перакінецца на Марцініку, магчыма, тэма неабходнасці змены статусу вострава зноў усплыве.

-------------------------------------------------------------

Даведка

Марцініка — востраў у цэнтральнай частцы архіпелага Малыя Антыльскія астравы, які размешчаны ў Карыбскім моры. Адміністрацыйна з’яўляецца заморскай тэрыторыяй Францыі. Галоўным чынам на востраве жывуць нашчадкі былых рабоў з Афрыкі і крэолы.

Каментаваць