Шкілет у каралеўскай шафе

Чарговы скандал разгарэўся вакол брытанскай каралеўскай сям’і. Каралева Елізавета доўгі час хавала ад грамадскасці псіхічна хворых пляменніц, якія амаль усё жыццё правялі ў ізаляцыі. 

Чарговы скандал разгарэўся вакол брытанскай каралеўскай сям’і. Каралева Елізавета доўгі час хавала ад грамадскасці псіхічна хворых пляменніц, якія амаль усё жыццё правялі ў ізаляцыі. 

 
Гэта скандальная гісторыя пачала раскручвацца ў кастрычніку, калі каралева Елізавета наведала адну з лонданскіх псіхіятрычных клінік. Візіт — так сабе, традыцыйны, афіцыёзны, па сутнасці, для пратаколу. Толькі для таго, каб сфатаграфавацца на фоне пацыентаў і медычнага персаналу. Але менавіта там Яе Вялікасць зрабіла прамову пра неабходнасць радыкальных змен у стаўленні да псіхічна нездаровых людзей — да гуманітарнай рэвалюцыі ў псіхіятрыі. 
 
Тады на той спіч не звярнулі вялікай увагі. Затое зараз згаданая вышэй заява выклікае ў Вялікабрытаніі хвалю сарказму і сацыяльнага абурэння. Справа ў тым, што надоечы каралева выступіла супраць дэманстрацыі на канале ВВС дакументальнага фільму пра сваіх кузін, якіх яе сям’я адправіла ў псіхіятрычны шпіталь аж у 1941 годзе і пасля намагалася, паводле аўтараў стужкі, ніколі не ўзгадваць. Каралева лічыць, што гэты фільм супярэчыць грамадскім інтарэсам. 
 
Гаворка ў фільме ідзе пра пляменніц каралевы — Кэтрын і Нерысу Боуз-Лаён. Першая нарадзілася ў 1919-м, а другая — у 1926 годзе. 
 
Дзяўчынкі мелі праблемы з псіхікай, і ў 1941-м былі адпраўленыя ў спецыяльны пансіянат Earlswood Hospital для тых, хто пакутуе на падобныя хваробы. У прынцыпе, праблема псіхічна хворых сяброў каралеўская сям’і не была на той момант чымсьці экстравагантным. У 1905 годзе ў караля Георга V і каралевы Марыі нарадзіўся прынц Джон. Спачатку яго разглядалі нават як магчымага прэтэндэнта на трон. Але хутка прынц Джон стаў пакутаваць на эпілептычныя прыпадкі, што вельмі перапужала бацькоў. 
 
Праз некаторы час прынц Джон знік з афіцыйных фотаздымкаў каралеўскай сям’і. Яму нават не было дазволена прысутнічаць на каранацыі бацькі ў 1911 годзе. Напачатку 1917 года, баючыся таго, што хвароба прынца Джона атрымае медыя-рэзананс, яго выдалілі з каралеўскага двару і адправілі ў высылку ў адзін правінцыйны замак разам з нянькай і дзвюма слугамі. Апошнія павінны былі сачыць, каб прынц не памёр падчас прыпадкаў. Аднак даглядзіць не смаглі. Праз два гады прынц Джон усё ж памёр.
 
Высылка Кэтрын і Нерысы — з той жа оперы. Дакументальны фільм, пра які ідзе гаворка вышэй, шмат распавядае пра тое, што іх двойчы — у 1940 і 1963 гадах — абвяшчалі нябожчыцамі. Апошні раз журналістам дазволілі наведаць сёстраў у 1960 годзе. Пасля гэтага ўсялякія наведванні былі забаронныя.
 
Асобная тэма — стаўленне каралеўскай сям’і да сваіх хворых родных. Брытанскае грамадства больш за ўсё абурыла тое, што Елізавета ніколі не дасылала сёстрам віншавальныя паштоўкі на Каляды. Акрамя таго, як сцвярджаюць аўтары фільму, каралеўская сям’я ніколі не наведвала медычную ўстанову. У той жа час, калі верыць рэжысёру, каралеўская сям’я была ў курсе сітуацыі, аднак была зацікаўленая ў тым, каб жанчын тайна трымалі ў ізаляцыі.
 
Нельга без эмоцый слухаць у фільме інтэрв’ю жанчыны, якая выконвала ролю нянькі ў Earlswood Hospital: «Калі каралева ці каралева-маці з’яўляліся на экране тэлевізара, сёстры заўсёды рабілі рэверанс — вельмі каралеўскі, вельмі нізка. Відавочна, тое была свайго роду памяць. Гэта было настолькі сумна… Толькі падумайце пра жыццё, якое яны, магчыма, мелі. Яны былі дзвюма выдатнымі сёстрамі. У іх былі праблемы з тым, каб размаўляць. Аднак заўсёды можна было зразумець, што яны спрабавалі сказаць. Яны разумелі больш, чым здавалася спачатку».
 
Калі Нерыса памерла ў 1987 годзе, ніхто з каралеўскай сям’і нават не прысутнічаў на пахаванні. Больш таго, да 1987-га яны нават не прызнавалі само існаванне сясцёр. Толькі пасля смерці адна з нябожчыц была занесена ў спіс у якасці «асобы, якая памерла» ў «Хто ёсць хто сярод брытанскай арыстакратыі». 
 
Каралеўская сям’я пакуль не можа растлумачыць, чаму так адбылося. Па слядах выхаду фільма каралеўскі двор зрабіў шэраг заяў. Елізавета ІІ сцвярджае, што сістэматычна цікавілася станам Кэтрын і Нерысы і дасылала ім віншавальныя паштоўкі. 
 
Заявы каралевы наконт любові да родзічаў не ўспрымаюцца сур’ёзна з-за лёсу яшчэ адной сястры Елізаветы — Эдоніі Фэйн. Тая таксама з-за псіхічнай хваробы нейкі час ляжала ў клініцы. Пасля яна пакінула сцены псіхіятрычнага шпіталя і памерла ў 2002 годзе. Букінгемскі палац праігнараваў факт смерці. Толькі праз нейкі час на яе магіле быў пастаўлены танны помнік. 
 
Рэакцыя грамадства на шуміху ў прэсе вакол псіхічна хворых родных у большасці негатыўная. Каралеўская сям’я, нягледзячы на тое, што валодае велізарнымі багаццямі, палацамі і маёнткамі, зачыніла сваіх сваякоў на 70 гадоў у псіхіятрычнай лякарні і пакінула на смерць. Не кажучы пра тое, што нават іх існаванне адмаўляла. 
 
Левая прэса ўвогуле сцвярджае, што жанчынам паставілі няправільны дыягназ. Іх ментальную адсталасць у развіцці быццам можа было лячыць, аднак усё вырашыў дыктат каралевы-маці. Цяжка сказаць, наколькі гэта праўда, паколькі персанал Earlswood Hospital кажа, што па свайму псіхічнаму развіццю сёстры да самага канца жыцця засталіся на ўзроўні падлеткаў. 
 
У прынцыпе, у іншы час, магчыма, навіну пра некаторыя асаблівасці сямейнай этыкі каралеўскай дынастыі ўспрынялі б не так адмоўна. Аднак цяпер на двары вельмі смутны час, і нават традыцыйныя інстытуты, кшталту каралеўскай сям’і, сталі аб’ектамі крытыкі. Пра гэта сведчыць пазіцыя адной з самых жоўтых у краіне газет «Dailymail», якая стала рупарам антыкаралеўскай кампаніі. Што тычыцца больш левых газет, то для іх гісторыя — яшчэ адзін доказ таго, што брытанская манархія — гэта рудымент гісторыі. 
 
Між тым, гісторыкі лічаць, што сёстры сталі ахвярамі часу. «Сёстрам не пашанцавала нарадзіцца ў эру, калі псіхічная адсталасць трактавалася як пагроза грамадству і была нават сінонімам нейкага малога злачынства або прыналежнасці да класу люмпенаў. Яны нарадзіліся ў эру, калі былі папулярныя тэорыі еўгенікі (вучэння пра селекцыю ў дачыненні да чалавека). У той час, калі ў вас нараджалася псіхічна хворае дзіця, лічылася, што ваша сямейнай жыццё не склалася», — кажа адзін з гісторыкаў. 

Каментаваць