Што абіраюць еўрапейцы

Беручы пад увагу такія глабальныя падзеі, як эканамічная рэцэсія і новая халодная вайна з Расіяй, выбары 25 мая ў Еўрапарламент можна лічыць гістарычнымі для будучыні Еўрапраекту. Прапануем кароткі аналіз праграм вядучых палітычных сіл ЕС.



Еўрапарламент


Галоўная сенсацыя выбараў вядомая ўжо зараз. Мяркуючы па ўсім, нічога не перашкодзіць Партыі незалежнасці Аб’яднанага Каралеўства (UKIP) — галоўнай палітычнай сіле мясцовых еўраскептыкаў — атрымаць большасць на выбарах (зараз за іх плануе галасаваць 31 працэнт). Тым самым, упершыню за ўсю гісторыю Брытаніі лаўры пераможцаў дастануцца не толькі партыі, якая не мае парламенцкага прадстаўніцтва на радзіме, аднак у дадатак мае рэнаме праварадыкальнай структуры. Гарантаваны і правал кансерватараў, за якіх гатовыя аддаць галасы толькі 19 працэнтаў брытанцаў.

Нешта падобнае можа адбыцца і па той бок Ла-Манша, дзе Нацыянальны Фронт Марын Ле Пэн з 24 працэнтамі здольны выйграць гонку. Праўда, тут перамога не выглядае стоадсоткавай. У сацыялістаў і кансерватараў — па 22 працэнты.

Усё ідзе да таго, што ў Еўрапарламенце будзе моцная фракцыя правых, аб’яднаных пад дахам Еўрапейскага альянсу за Свабоду, які быў створаны чатыры гады таму.

Здавалася, сфармаваны партыямі еўраскептыкаў Альянс за Свабоду павінен дамагацца самаліквідацыі Еўрасаюзу. Нічога падобнага. Паводле праграмных пастулатаў Альянсу за Свабоду, інстытуты ЕС павінны проста адмовіцца ад прынцыпаў Лісабонскай канстытуцыі і пераразмеркаваць уладныя прэрагатывы на карысць нацыянальных урадаў.

Паводле аўтараў маніфесту Альянсу за Свабоду, праз рэферэндумы павінны вырашацца агульнаеўрапейскія пытанні, накшталт прыёму новых краін-сябраў або фіскальныя паўнамоцтвы Брусэля. Ультрапрывыя жадаюць пакінуць за краінамі права ў любы момант выходзіць з зоны еўра і вяртацца да сваіх нацыянальных валют. Суб’екты ЕС таксама павінны мець права на тое, каб праводзіць асабістую эміграцыйную і візавую палітыку. Як і трэба было чакаць, тэме барацьбы з ісламскай пагрозай адвозіцца асобны пункт праграмы Альянсу за Свабоду. Альянс бачыць у ісламе выклік культурным каштоўнасцям еўрапейцаў і лічыць патрэбным падтрымліваць інстытуты царквы і сям’і, каб не дапусціць эрозіі еўрапейскай культурнай традыцыі.

Процілеглую праграму прапануюць сваім выбаршчыкам эколагі, аб’яднаныя пад дахам Еўрапейскай партыі Зялёных (ЕПЗ). У прыватнасці, Еўразялёныя патрабуюць даць Еўрапараламенту больш правоў, каб ён мог адыгрываць ключавую ролю ў вырашэнні еўрапейскіх крызісаў і ў ажыццяўленні палітыкі ў розных сферах. ЕПЗ таксама прапануе нацыянальным парламентам больш актыўна ўдзельнічаць у працэсах еўрапейскага будаўніцтва. Выступаючы за рэфармаванне адзінай Еўропы, ЕПЗ хоча склікаць новы канвент з удзелам прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, каб выпрацаваць на ім новую дамову, якая “здольная якасна прасунуць наперад інтэграцыйныя працэсы”.

У платформе ЕЗП падкрэсліваецца, што дзейнасць усіх інстытутаў ЕС — гэтак жа, як пэўная палітыка ў розных галінах, павінна насіць больш празрысты і адказны характар. Еўрапейская партыя Зялёных належыць да тых палітычных сіл ЕС, якія арыентаваныя на паўсядзённую абарону правоў імігрантаў. У іх платформе адзначаецца, што "мігранты не павінны разглядацца як грамадзяне другога гатунку".

Важнае месца адводзіцца ў зялёнай платформе і сацыяльнай праблематыцы. Еўразялёныя патрабуюць узмацнення ў ЕС сацыяльнай справядлівасці, што мае на ўвазе, у прыватнасці, доступ грамадзян да якаснай адукацыі, да доўгачасовых працоўных месцаў, роўных сацыяльных правоў па-за залежнасцю ад паходжання. Ну і, натуральна, хапае ў іх праграме экалагічных патрабаванняў: цалкам адмовіцца ад вугальнай прамысловасці да 2030 года, а да 2050-га ўсяму Еўрасаюзу перайсці да выкарыстання толькі ўзнаўляльных крыніц энергіі — сонечнай і ветравой. Таксама ў праграмных дакументах зялёных робіцца акцэнт на тым, што ЕС мае патрэбу ў "энергетычнай незалежнасці". Застаецца сказаць, што Зялёныя — самая праеўрапейская партыя, якая патрабуе працягваць працэс пашырэння ЕС па ўсіх напрамках.

Дарэчы, Зялёныя — першая партыя ў ЕС, якая абрала лідараў спісу праз праймерыз, у якім мог удзельнічаць любы грамадзянін Еўрасаюзу, старэйшы за 16 гадоў. У выніку перамаглі Жазэ Бавэ і Сара Келер. Дзякуючы свайму моладзеваму задору Сара прывабліва выглядае на фоне праціўнікаў — больш салідных і сталых палітыкаў, вельмі дасведчаных, аднак шмат каму незразумелых.

Паводле падобнага фармату дзейнічаюць і піяршчыкі Еўрапейскай левай партыі. Яны паставілі ў топ выбарчага спісу Алексіса Цыпраса, маладога 40-гадовага грэчаскага палітыка, чыя партыя СІРІЗА — кааліцыя малых левых і экалагічных груповак, за гады крызісу стала другой партыяй Грэцыі.

Праграма Еўрапейскай левай партыі, як трэба было чакаць, перакладае ўсю адказнасць за крызіс на існуючую ў Еўропе мадэль капіталізму, і ў прыватнасці на мадэль фінансавай палітыкі — "жорсткую эканомію". Таму ў выпадку перамогі на выбарах левыя адразу забароняць па ўсяму ЕС палітыку рэзкага скарачэння сацыяльных датацый, замарожвання заробкаў і пенсій. Еўрапейская левая партыя, як і ўльтраправыя, выступае за большую ролю грамадзян у прыняцці рашэнняў агульнаеўрапейскага маштабу праз сістэму рэферэндумаў. У праграме няма ні слова пра стаўленне да суседніх з ЕС краін, затое левыя лічаць, што ЕС павінна прыпыніць любое вайсковае супрацоўніцтва з замежнымі краінамі.

Аднак больш увагі надаецца правам працоўных на прадпрыемствах. Прафсаюзы, лічаць левыя, павінны мець права блакаваць супярэчлівыя, на іх думку, рашэнні дырэкцыі і ўладальніка. Пад поўны кантроль грамадства павінен перайсці і банкаўскі сектар. У адрозненне ад правых, левыя лічаць, што ніякага адзінага культурнага коду ў Еўропе не існуе. Наадварот, мае месца культурная разнастайнасць, і яе трэба падтрымліваць. Увогуле, трэба прызнаць, што праграма левых не ставіць пад пытанне неабходнасць еўрапейскай інтэграцыі. Фокус робіцца на тым, што цяперашняя формула ЕС у стане крызісу, і яго эканамічная палітыка павінна быць больш дэмакратычнай і сацыяльнай.

Наступным разам мы прааналізуем праграмы іншых трох вядучых еўрапейскіх гульцоў — Партыі лібералаў, Партыі сацыялістаў і Народнай партыі. Дзве апошнія традыцыйна маюць большасць у Еўрапарламенце. 

Каментаваць