Што будзе з восьмым цудам свету?

Канфлікт у Лівіі пагражае самаму вялікаму інжынернаму праекту ў гісторыі — Штучнай рацэ.



Канфлікт у Лівіі пагражае самаму вялікаму інжынернаму праекту ў гісторыі — Штучнай рацэ.

У сваёй праграмнай «Зялёнай кнізе» лівійскі лідар Муамар Кадафі падкрэсліў: «Чалавек не будзе свабодным, пакуль не зможа задаволіць свае базавыя патрэбы». Што тычыцца Лівіі, то да шэрагу асноўных праблем (прынамсі на момант напісання ў 1970–1980-я гады «Зялёнай Кнігі») адназначна адносілася праблема пітной вады. У гэтай краіне, як і ў яе егіпецкага суседа, прыдатнымі для жыцця чалавека з’яўляюцца толькі 4 працэнта тэрыторыі, а на астатніх 96 працэнтах пануюць пяскі. Да рэвалюцыі 1969 года вада на радзіме Кадафі была дэфіцытам. Яе часткова імпартавалі з Еўропы. Простыя людзі пілі абы-што, рызыкуючы падхапіць рознага кшталту хваробы.

Таму адразу пасля прыходу да ўлады Кадафі паабяцаў «напаіць народ». Тэарэтычна, зрабіць гэта было магчыма. Яшчэ на пачатку 1950-х амерыканскія геолагі ў пошуках нафты наткнуліся на вялікія падземныя водныя рэзервуары ў паўночнай Сахары. Калісьці на тэрыторыі сучаснай Джамахірыі пралягалі рэкі, якія ўпадалі ў Міжземнае мора. У выніку розных фактараў яны даўно высахлі, але вытокі, з якіх цяклі рэкі, засталіся, праўда, на глыбіні 500 метраў. У 1983 годзе з’явіліся першыя праекты, што прапаноўвалі пампаваць ваду з нетраў пустэльні і праз каналы і водаправоды дастаўляць яе ў населеныя пункты. Усё ўпіралася ў вялікі кошт. Такі праект каштаваў 25 мільярдаў долараў.

Дзякуючы нафтаваму крызісу, 1970-х у Лівіі з’явіліся такія шалёныя грошы. Увосень 1983 года, пасля першых публікацый наконт магчымасці здабычы вады ў пустэльні, адбыўся сход Народнага кангрэсу (фармальна, самы вышэйшы лівійскі заканадаўчы орган). Дэпутаты ўхвалілі будаўніцтва Штучнай ракі. І ў жніўні 1984 года Кадафі асабіста заклаў камень у фундамент першага каналу.

Праект рэалізацыі плану Штучнай ракі (ён дасюль цалкам не закончаны) складаўся з трох этапаў. 1-ы этап — пампаванне вады з пустэльні і дастаўка яе праз сетку падземных каналаў на поўнач, дзе знаходзяцца галоўныя цэнтры лівійскай агламерацыі. Другі этап (ён пачаўся ў 1996-м) — дастаўка вады ў сталічны рэгіён. Трэці — пашырэнне прапускной здольнасці і ахоп новых тэрыторый.

На цяперашні момант Штучная рака — складаная сетка водаправодаў. Лічыцца, што гэта самы вялікі інжынерны праект у гісторыі чалавецтва. Вялізарная сістэма труб і акведукаў забяспечвае гарады Трыпалі, Бенгазі, Сірт і іншыя, пастаўляючы 6 500 000 кубаметраў вады ў дзень. Муамар Кадафі ў свой час назваў гэтую раку «Восьмым цудам свету».

Ніхто не меў сумневу ў тым, што Штучная рака з самага старту сваёй рэалізацыі стане адной з галоўных фішак афіцыйнай прапаганды. Не вядома, як зараз, а раней у тым жа Трыпалі на кожным кроку вісеў плакат лівійскага лідара, які быў намаляваны на фоне вадаёму, што сімвалізаваў Штучную раку. Калі праект пачаў рэалізоўвацца, Муамар прысвяціў яму вялікі спіч, у якім падкрэсліў, што «лівійскі водны праект стане лепшым адказам Амерыцы, якая спрабуе абвінаваціць Лівію ў падтрымцы тэрарызму». Асобна падкрэслівалася, што каналы — прадукт лівійскай інжынернай думкі, а ўсе яе кампаненты зробленыя ў Лівіі.

Такая амбіцыйная патэтыка выклікала шмат заўваг з боку крытыкаў рэжыму. На самай справе касцяк аўтараў праекту складалі іншаземцы. На працу ў Лівію вербавалі гідратэхнікаў з Вялікабрытаніі, Паўднёвай Карэі, Турцыі, Францыі і іншых дзяржаў. Ходзяць чуткі, што мелі месца кансультацыі нават з ізраільцянамі, хаця па лівійскіх законах кантакты з сіяністамі караюцца крымінальным пакаранням. Нават лівійская афіцыйная статыстыка прызнавала вялікі працэнт замежнікаў сярод стваральнікаў восьмага цуду свету. Так, адпаведна дадзеным за 2007 год, кожны трэці, хто абслугоўваў Штучную раку, меў замежны пашпарт.

Іншыя аспекты крытыкі праекту тычацца магчымасцяў рэзервуараў. Некаторыя спецыялісты лічаць, што вады ў Сахары хопіць максімум на 50–70 гадоў. Такім чынам, праект з самага пачатку валюнтарысцкі. Інвестыцыі, на думку прыхільнікаў такой тэорыі, трэба было накіроўваць у тэхналогіі ачышчэння марской вады ад солі. У сваю чаргу, існуе фракцыя навукоўцаў, якая наадварот сцвярджае, што вадзяных рэсурсаў хопіць на тысячу гадоў.

Затое ніхто, нават самыя фанатычныя прыхільнікі Кадафі, не аспрэчваюць тэзіс пра тое, што Штучная рака спрыяла росту сацыяльных супярэчнасцяў у Лівіі. З самага пачатку каналы, па якіх вада ішла на поўнач, разглядаліся таксама як сродак арашэння палёў. Уздоўж Штучнай ракі сапраўды ўзніклі плантацыі.

І адразу паўстала праблема працоўнай сілы. Аказалася, што па суседству ёсць Егіпет, выхадцы з якога згодныя працаваць за меншы заробак. У дадатак Кадафі — вядомы сваімі сімпатыямі да канцэпцый арабскай інтэграцыі (Трыпалі ў свой час настойліва прасіў Каір аб’яднаць краіны ў адну дзяржаву), сам заклікаў егіпцян ехаць на працу ў Лівію. Працоўная эміграцыя з Егіпту садзейнічала паўстанню праблемы гастарбайтэраў. Адпаведна, узнік шэры сектар гаспадаркі — гастарбайтэраў звычайна наймаюць на працу без усякіх працоўных кантрактаў, ні працадаўца, ні працоўны не плаціць падаткаў і г.д. Гэта ў корані супярэчыць ідэям сацыялізму, які быццам будаваўся ў Джамахірыі.

Паўстанне ў Бенгазі ўвесну гэтага года і фактычны раскол дзяржавы на дзве зоны — паўстанцкую і тую, што стаіць за Кадафі, — вельмі ўскладніла сітуацыю вакол сістэмы Штучнай ракі. Увогуле, уся яе праца цэнтралізаваная. Галоўны орган кіравання — Кіраўніцтва Вялікай Штучнай ракі (GMMRA) знаходзіцца ў Трыпалі, які ўваходзіць у зону, што зараз кантралюецца праўладнымі войскамі. Аднак галоўная лінія пастаўкі вады ідзе ў Трыпалі праз Бенгазі — сталіцу паўстанцаў. Калі верыць нямецкаму выданню «Jungle World», штучная рака была зробленая такі чынам, што апазіцыянеры ў Бенгазі не могуць перакрыць пастаўку вады ў Трыпалі. Калі гэта зрабіць, вады не будзе таксама ў кранах жыхароў паўстанцкай зоны.

Узаемная патрэба ў вадзе прымушае абодва варожыя бакі дзейнічаць вельмі далікатна. Аб’екты Штучнай ракі ніхто не бамбіць. Аднак вайна ёсць вайна. Восьмы цуд свету відавочна пад пагрозай. Акрамя таго, не зразумела, як будзе існаваць праект у выпадку працягу супрацьстаяння. Нават проста падтрымка эксплуатацыі сістэмы каналаў каштуе вельмі дорага.
 

Каментаваць