Што пагражае архітэктуры эпохі сацрэалізму

У Беларусі будынкі эпохі сацрэалізму, якія маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, даглядаюць і рэстаўруюць. Помнікі ж, якія афіцыйнага статусу не маюць, часта не разглядаюцца як каштоўнасць.



Адсюль і гісторыі, кшталту ратавання Асмалоўкі. 

У Польшчы ахова спадчыны сацрэалізму — адносна новая тэндэнцыя. Ідзе пераасэнсаванне эпохі Польскай Народнай Рэспублікі, разам з вектарам «забыцца і адрынуць» гучаць меркаванні «захаваць і памятаць», «гісторыю нельга замазаць». Вялікую ролю ў папулярызацыі сацрэалістычнай архітэктуры адыгрываюць навукоўцы і грамадскія арганізацыі. За мэту-мінімум ставяць захаванне архітэктуры эпохі сацрэалізму да часу, калі яна будзе па-сапраўднаму ацэненая грамадствам.

Палац культуры і навукі заўважыць любы наведвальнік Варшавы. А вось самы маштабны комплекс жылой архітэктуры сацрэалізму — раён вакол вуліцы Маршалкоўскай — менш вядомы. Ён атрымаў назву MDM (скарачэнне ад «Marszałkowska Dzielnica Mieszkaniowa» — «жылы раён Маршалкоўскі»). Для беларусаў ён цікавы падабенствам канцэпцыі да забудовы праспекта Незалежнасці і пасёлка на Трактарным заводзе ў Мінску.

MDM — варшаўскі Горад Сонца

Раён MDM будаваўся ў 1950–1952 гадах адразу як цэльны комплекс, але з пераважным захаваннем ранейшай планіроўкі вуліц. Таму вакол яго, а часам і ўнутры, сустракаюцца будынкі ранейшых эпох: дамы ў стылі мадэрну, барочны касцёл. Сацрэалістычныя кварталы ствараліся не як спальныя раёны: архітэктары разлічвалі, што людзі будуць там жыць, працаваць, вучыцца, наведваць крамы, цырульні ды кнігарні.

MDM пачынаецца ад плошчы Канстытуцыі, абапал якой — два амаль аднолькавыя дамы. Гэты прыём досыць часта сустракаецца ў архітэктуры сацрэалізму. Прыгадваюцца мінскія дамы на плошчы Перамогі ды вежы ля чыгуначнага вакзала. Далей Маршалкоўская ідзе да плошчы Збавіцеля, што знаходзіцца ў самым цэнтры раёна.

Сёння плошча Збавіцеля — істотнае месца гарадскога жыцця. Яно славіцца шматлікімі хіпстарскімі кавярнямі, тут даволі доўга стаяла інсталяцыя «Вясёлка», мішэнь для нападак падчас праварадыкальных маршаў. Калі яе прыбралі, пра гэта пісалі газеты, лёс інсталяцыі хваляваў гараджан.

Адметнасці польскага сацрэалізму

Рысы, характэрныя для польскай жылой архітэктуры сацрэалізму, сустракаюцца і ў Беларусі: візуальны падзел будынка ў вышыню на 3 часткі, першыя паверхі, запраектаваныя пад аб’екты сацыяльнай інфраструктуры, «цытатнасць» стылю: браліся элементы ранейшай архітэктуры і капіяваліся ў новых будынках. Аздабленне дамоў мае дакладны характар: рабочыя і сяляне з адпаведнымі прыладамі, спартоўцы з інвентаром. Калі кавярня — дык ля ўваходу намаляваныя прадукты, калі аптэка — лекі…

Адметнасць польскага сац­рэалізму ў тым, што дэкор браўся з польскіх жа гістарычных гарадоў. Напрыклад, атык з Любліна мог «цытавацца» ў Варшаве. З рэнесанснай польскай архітэктуры ўзятая аздабленчая тэхніка сграфіта, калі адзін на адзін наносіліся 2 слаі тынкоўкі рознага колеру і потым прашкрэбваўся малюнак. На будынках эпохі сацрэалізму сюжэты такіх малюнкаў маглі адрознівацца ад рэнесансных.

Сустракаюцца фасады, аздобленыя «варшаўскай цэглай», зробленай з друзу разбураных падчас Другой сусветнай вайны дамоў. Нагадаем, Варшава была зруйнаваная на 80 працэнтаў. Такая цэгла не выкарыстоўвалася для будаўніцтва, была толькі дэкаратыўным элементам.

Пагрозы сацрэалізму ў Варшаве

Першая пагроза — «агрэсіўны капіталізм». У 2003 годзе ў Польшчы быў прыняты новы закон аб выкарыстанні і добраўпарадкаванні прасторы, які зрабіў неабавязковым генплан забудовы. Могуць існаваць мясцовыя планы, але іх маюць хіба 15% гарадскіх тэрыторый. Звычайна супраць мясцовых планаў пратэстуюць усе: жыхары, інвестары, касцёл. Суадносна, заканадаўча не абмяжоўваецца вышыня забудовы нават паблізу помнікаў архітэктуры. Таму гэта пытанне вырашаецца галоўным кансерватарам ваяводства кожны раз індывідуальна з інвестарамі. А дзе грошы — там не да краявідаў.

Другая пагроза — вялікафарматная рэклама. Білборды закрываюць фасады, мяняюць выгляд дома. Калі будынак унесены ў рэестр помнікаў архітэктуры, то змяшчэнне рэкламы на ім санкцыянуе галоўны рэстаўратар ваяводства. Практычна ўсе будынкі з’яўляюцца прыватнай ці камунальнай уласнасцю, магчымасцяў атрымаць прыбытак з рэкламы вельмі шмат. Таму архітэктарам і рэстаўратарам даводзіцца літаральна змагацца з білбордамі, што псуюць выгляд будынкаў.

Трэцяя — забудоўваюцца прасторныя ўнутраныя дворыкі, якія праектаваліся для адпачынку жыхароў. Нават калі «пашанцуе», і будынак у двары не вышэйшы за навакольныя дамы, частка архітэктурнай задумы страчваецца.

Чацвёртая пагроза — фальсіфікацыя аўтэнтычнасці: умоўна кажучы, калі нешта адвалілася, то, адпаведна Венецыянскай хартыі ў пытаннях захавання і рэстаўрацыі помнікаў і славутых месцаў (прынятая ў 1964-м), страта павінна быць кампенсаваная матэрыялам, адрозным нейкім чынам (колерам, фактурай) ад старога. Яшчэ адзін варыянт — зусім не кампенсаваць страту, закансерваваць будынак і пакінуць, як ёсць. Адпаведна Венецыянскай хартыі, руіны застаюцца руінамі, а не адбудоўваюцца да «замка-цукерачкі», а фасады будынкаў, хай яны і выходзяць на адну з галоўных вуліц горада, не павінны рамантавацца да стану, быццам толькі ўчора былі створаныя. Гэта, канечне, не значыць, што ў цэнтры сталіцы будуць стаяць дамы без вокнаў ці з аблупленай тынкоўкай. Павінна быць бачна, што адноўленыя элементы — не аўтэнтычныя, і толькі.

Пятая пагроза — якасць ачысткі каменю на фасадзе. Калі чысціць вадой, то на паверхню выходзяць вокісы жалеза, і фасад мяняе колер. Выканаўца прац у Польшчы абіраецца шляхам тэндэру, перавага аддаецца фірме з самым нізкім коштам. Пакуль будынак не ўнесены ў рэестр помнікаў, няма юрыдычных падстаў патрабаваць ад выканаўцы спецыяльных ведаў і вопыту ў галіне рэстаўрацыі.

Фасады пакрываюць сінтэтычнай фарбай, якая не «дыхае», — гэта шостая пагроза. У выніку аздабленне фасадаў псуецца, і часта стары матэрыял ужо немагчыма аднавіць, даводзіцца замяняць. «Дыхае» толькі адмысловая крэмніевая фарба, але і яе не варта ўжываць для будынкаў, якія першапачаткова не былі пафарбаваныя.

Акрамя таго, існуюць і іншыя пагрозы: знішчэнне дэкору, які збіваецца ці затынкоўваецца, а таксама нелегальныя кандыцыянеры, якія па правілах павінны «хавацца» на балконах і лоджыях, лепш на ўнутраных фасадах. Але часта здараецца, што яны вісяць і ад вуліцы. Ну і замена вокнаў, дзвярэй, шкляных вітрын і вывесак на больш сучасныя, што парушаюць інтэгральнасць (цэльнасць) архітэктурнага ансамблю.

* * *

Некаторыя пагрозы — універсальныя для помнікаў любога стылю, некаторыя — характэрныя толькі для сацрэалізму. Праблемы з высотнай забудовай добра знаёмыя і нам. Вялікафарматная рэклама ў нас пакуль змяшчаецца пераважна на асобных стэндах. «Фальсіфікацыя аўтэнтычнасці» ў Беларусі назіраецца таксама досыць часта. Праз недахоп сродкаў лягчэй і хутчэй знесці стары будынак і паставіць новы «такі ж», чым гадамі ашчадна рэстаўраваць, вышукваць аўтэнтычныя элементы, што яшчэ можна выратаваць. Фасадам беларускіх архітэктурных помнікаў часта «не шанцуе»: іх і фарбуюць сінтэтычнай фарбай, і тынкуюць, і дэкор збіваюць, і праводзяць цепларэабілітацыю.

Каментаваць