Сінгапур. Звальненне за жарты пра Пакемонаў у сацсетках

Грамадзяніна Аўстраліі звольнілі з сінгапурскай кампаніі, пасля таго як ён апублікаваў у "Фэйсбуку" няўдалы жарт пра папулярную кампутарную гульню «Pokemon Go» і пра Сінгапур.


Соні Труйен напісаў на сваёй старонцы ў "Фэйсбуку", што Сінгапур — нявартае для жыцця месца, таму што ў краіне недаступная гульня для смартфонаў “Pokemon Go”, паведамляе ВВС.

Ён таксама адзначыў, што ў Сінгапуры шмат дурных людзей і што інтэлектуальны ўзровень сінгапурцаў знізіцца, калі ён пакіне краіну.

Абураныя калегі Труйена паведамілі яго працадаўцу аб абразлівых каментарах, пасля чаго жартаўніка звольнілі.

Соні Труйен — не першы замежнік, звольнены сінгапурскай кампаніяй з-за каментароў у сацсетках. У 2014 годзе брытанскі банкір Антон Кейсі страціў працу, пасля таго як паскардзіўся на нязручнасці транспартнай сістэмы Сінгапура на партале YouTube.

Кіраўніцтва кампаніі 99.co папрасіла прабачэння за допісы свайго работніка ў сацсетках: "Мы сумленная сінгапурская кампанія, і мы не ўхваляем такой мовы і такіх паводзінаў, таму мы скасавалі яго кантракт, як толькі пра інцыдэнт стала вядома", — адзначыў кіраўнік кампаніі Дарыус Чэнг.



Каментаваць