Сітуацыя ў вайне Сірыі і Ірака з Ісламскай Дзяржавай (ІД)

Учора, у нядзелю 24 мая 2015 г., усе сусветныя інфармагенствы, спасылаючыся на сірыйскае дзяржаўнае тэлебачанне, паведамілі пра забойства баевікамі ІД 400 мірных жыхароў у старажытнай сталіцы Парфянскага царства Пальміры ў правінцыі Хомс на тэрыторыі Сірыі.



Забітыя — пераважна жанчыны і дзеці. Іх абвінавацілі ў “сувязях з сірыйскім урадам”. Пакаранні пачаліся ў чацвер, адразу пасля захопу горада ў сераду, тады было расстраляна 20 чалавек. Некаторых палонных вывозілі ў Ракку, абвешчаную сталіцай ІД.
 
 
Пальміра, з яе двутысячагадовай гісторыяй, лічыцца самым багатым помнікамі культуры горадам позняй антычнасці. Яго помнікі уключаны ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЭСКА. Прыгадаем храм Бэла (І ст.), храм Баалшаміна (ІІ ст.), агору (плошчу народных сходаў, ІІІ ст.), тэатр з грамадскім цэнтрам і караван-сарай.
 
 
Частка насельніцтва, а таксама найбольш каштоўныя помнікі паспела эвакуяваць іракская армія. Пазасталае ў горадзе зараз можа быць знішчана, як гэта адбывалася ў сакавіку 2015 г. у некаторых старажытных гарадах Іраку (гл. нашы публікацыі Іракскі Тыкрыт: рабаванні і беззаконне — наступствы адваявання; Ірак заклікае да авіяўдараў для абароны старажытнасцяў).
 
 
Сёння з раніцы, 25 мая 2015 г., Бі-Бі-Сі апублікавала каментары пра сітуацыю супрацьстаяння з ІД прэм’ер-міністра Ірака Абадзі і міністра абароны ЗША Картэра.
 
 
Міністр абароны ЗША заявіў 24 мая 2015 г., што разгром іракскіх войскаў каля Рамадзі не быў матываваны.
 
 
Сп. Картэр распавёў CNN, што іракцы вырашылі адступіць, нягледзячы на тое, што яны “значна пераўзыходзілі па колькасці” сілы ІД.
 
 
Прэм’ер-мініст Іраку Хайдэр аль-Абадзі ў гэтай сувязі мяркуе, што спадар Картэр, верагодна, “карыстаецца неспраўджанай інфармацыяй”.
 
 
На яго думку, насамрэч горад Рамадзі можа быць вернуты ад баевікоў ІД “у лічаныя дні”. Але пажаданая больш эфектыўная падтрымка паветраных сіл партнёраў па міжнароднай Кааліцыі. 
 
 
Сапраўды, іракскія вайскоўцы атрымалі некалькі адчувальных паразаў ад тэрарыстаў ІД у мінулым годзе, а тыдзень таму адступілі ад меншых па моцы вайсковых фармаванняў ворагаў у Рамадзі. Аднак, у інтэрв’ю Бі-Бі-Сі Абадзі заявіў, што здзіўлены каментарамі міністра абароны ЗША. “Сп. Картэр заўсёды вельмі падтрымліваў Ірак, і я перакананы, што гэтым разам ён папросту кепска інфармаваны”, — заявіў Абадзі.
 
 
Прэм’ер-міністр дадаў, што іракскія сілы пацярпелі ад ударнай тактыкі баевікоў ІД.
 
 
“Яны, нашыя вайскоўцы, маюць волю да барацьбы, але калі яны сутыкаюцца з раптоўнымі нападамі сіл ІД, калі ніадкуль з’яўляюцца грузавікі з выбухоўкай, — эфект ад таго можна параўнаць з уздзеяннем невялікай атамнай бомбы, — з вельмі кепскім псіхалагічным ціскам на нашыя сілы”.
 
 
Урад Іраку ўжо размясціў вайскоўцаў-шыітаў у рэгіёне, каб спыніць наступ ІД, і прэм’ер Абадзі перакананы, што Рамадзі будзе адваяваны. “Маё сэрца сцякае крывёю з-за страты Рамадзі, але я пераконваю вас: мы зможам вярнуць яго бліжэйшым часам”.
 
 
У суботу міліцыя адваявала Хусайбу, на ўсход ад Рамадзі, сталіцы правінцыі Анбар, жорсткія сутыкненні працягваліся ў рэгіёне ў нядзелю. Адначасова іракскі прэм’ер дадаў, што яго краіна патрабуе большага садзеяння сіл міжнароднай Кааліцыі, паколькі баевікі ІД прасочваюцца ў Ірак з тэрыторыі Сірыі, іх колькасць расце, і яны выкарыстоўваюць новую тактыку боя. “Не кантраляваць сірыйска-іракскую мяжу больш уважліва было памылкай. Сірыя зараз у хаосе, што развязвае рукі ІД. Мы папрасілі партнёраў па Каааліцыі ўзмоцніць кантроль мяжы”.
 
 
Па словах спадара Амадзі, Іран і Іарданія аказваюць істотную падтрымку ў барацьбе з тэрарызмам, аля, хаця краіны Персідскай затокі “адчуваюць пагрозу”, яны “рэальна” не ў стане даць ёй рады.
 
 
Вядома, што ЗША інвеставалі ў навучанне іракскіх сіл пасля вываду амерыканскай групоўкі ў канцы 2011 г., а таксама ўзбройвалі іракскую армію. Аднак, некалькі разоў амерыканскія грузы ўзбраенняў траплялі ў рукі баевікоў ІД. Таму спадар Картэр назваў сітуацыю ў Рамадзі “вельмі небяспечнай”: “Мы можам навучыць і ўзброіць іракцаў, але не можам прышчапіць ім волю да змагання”.
 
 
Захоп Рамадзі, усяго ад 110 км на Захад ад Багдада — вялікая пагроза для ўраду краіны. Тысячы грамадзянскіх асоб у выніку зрабіліся ўцекачамі. Спадар Абадзі пацвердзіў, што становішча ўцекачоў стварае “сапраўдную гуманітарную праблему”, але ён спадзяецца, што людзі вернуцца дамоў, як толькі Рамадзі будзе вызвалены. Правінцыя Анбар, населеная пераважна сунітамі, ахоплівае вялікія тэрыторыі на захад ад Багдаду ў бок сірыйскай мяжы, па ёй прагладзены ключавыя дарогі паміж Іракам, Сірыяй і Іарданіяй. 
 
 
Апрача Рамадзі, вайскоўцы ІД захапілі таксама апошні кантраляваны сірыйскімі сіламі памежны пераход у бок Ірака.
 
 
Між тым лідар ліванскага шыіцкага руху Хізбала Хассан Насралла (Hassan Nasrallah) сказаў, што свет сутыкнуўся з беспрэцедэнтнай пагрозай ад узброеных суніцкіх рухаў, што ваююць у Сірыі.
 
 
Звяртаючыся да тысяч прыхільнікаў праз відэасувязь, ён упершыню прызнаў, што Хізбала змагаецца па ўсёй Сірыі ў падтрымку прэзідэнта Башара аль-Асада.
 
 
Некаторыя назіральнікі мяркуюць, што Ісламская дзяржава зараз кантралюе 50% Сірыі і трэцюю частку Ірака.

Абмеркаванне:

  • Аляксей Хадыка
  • 2015-05-25 15:48:21
Такі дадам пару цікавых спасылак, ня змешчаных рэдакцыяй. тут http://www22.ria.ru/arab_sy/20150524/1066204319.html - вельмі інфармацыйная табліца па структуры і становішча ІД: крыніцах фінансавання,
планах захопу тэрыторый, супрацьстаянню ёй сіл Кааліцыі. Тут
https://www.google.by/search?q=%D0%BF%D0%B0%D0%BB%D1%8C%D0%BC%D0%B8%D1%80&tbm=isch&tbo=u&source=univ&sa=X&ei=i-9iVZHQFYydsAGJ04LwCQ&ved=0CDgQsAQ&biw=1024&bih=637
- фоты помнікаў Пальміры.

Каментаваць