Сербія марыць пра манархію

Улады Сербіі дазволілі пахаванне на радзіме чальцоў каралеўскай сям’і Карагеоргіевічаў, якія эмігравалі ў 1941 годзе. Урачыстае пахаванне выклікала шмат спекуляцый наконт перспектыў рэстаўрацыі ў краіне манархіі.



Аляксандр Карагеоргіевіч


Як піша прэса, каб пабачыць пахавальны картэж, на вуліцах сабраліся тысячы людзей. І хаця на цырымоніі прысутнічаў прэм’ер-міністр краіны, у цэнтры ўвагі быў 56-гадовы прынц Аляксандр — галоўны кандыдат на сербскі трон. Як толькі прынц выйшаў на публіку, натоўп пачаў скандаваць: «Няхай жыве кароль!»

Аляксандру, дарэчы, яшчэ ў 2001 годзе далі пашпарт грамадзяніна Сербіі і дазволілі вярнуцца на радзіму. Але тады сербам было не да экс-каралёў.

Ад палітычнага аптымізму таго перыяду мала што засталося. Сербская рэспубліка намагаецца знайсці сябе ў Еўропе, змагаючыся з радавымі траўмамі ўсіх постсавецкіх краін — карупцыя, нацыяналізм, папулізм. І, як у іншых краінах Усходняй Еўропы, эрозія даверу да дэмакратычных інстытутаў выклікала настальгію па часах манархіі. Нагадаем, што Карагеоргіевічы кіравалі Сербіяй з 1911 па 1941 год. За гэты час у краіне было шмат як пазітыву (перамога ў трох войнах і стварэнне Югаславіі), так і негатыву — каралеўская Югаславія заўсёды была эканамічным аўтсайдэрам у Еўропе з наборам нявырашаных этнічных, сацыяльных і палітычных супярэчнасцяў. Іх лагічным вынікам стала хуткая капітуляцыя Югаславіі перад фашыстамі ў сакавіку 1941 года і эміграцыя ў Лондан караля Пятра ІІ.

Пётр ІІ 

У Лондане пабачыў свет і прынц Аляксандр. Гэта адбылося 17 ліпеня 1945 года ў нумары 212 лонданскага гатэлю «Claridge». Тое, што роды адбываліся за мяжой, было вялікай праблемай для бацькоў. Паводле законаў, югаслаўскі трон можа займаць толькі народжаны ў Югаславіі. Выйсце прыдумаў тагачасны брытанскі прэм’ер Уінстан Чэрчыль. Ён падпісаў дэкрэт, адпаведна якому нумар 212 у згаданым гатэлі на некалькі тыдняў пераходзіў пад суверэнітэт Югаслаўскага каралеўства.

Гэта было слабай кампенсацыяй за непрыемнасці, якія Чэрчыль прынёс дому Карагеоргіевічаў. У 1943 годзе, пасля Тэгеранскай канферэнцыі, Вялікабрытанія пагадзілася прызнаць партызан Іосіфа Броз Ціта асобным урадам. Гэта быў вынік сакрэтнага падзелу пасляваеннай Еўропы паміж Саветамі і Захадам. Канчатковыя мары Карагеоргіевічаў трыумфальна вярнуцца на радзіму продкаў пахаваў ужо Ціта. У 1947 годзе быў апублікаваны закон аб канфіскацыі ўсёй каралеўскай нерухомасці і забароне Карагеоргіевічам наведваць Югаславію. Той жа дэкрэт пазбаўляў жывых чальцоў каралеўскага роду і іх нашчадкаў югаслаўскіх пашпартоў.

Здрада брытанцаў і кепскія навіны з Бялграду даканалі Пятра ІІ, які ўвесь час марыў пра вяртанне да хаты. На гэтай глебе ў яго ўзнікла цяга да алкаголю і розныя хваробы, якія ў 47 гадоў звялі яго ў магілу. Пазней у эміграцыі памерла і яго жонка. Трагедыя бацькі так паўплывала на псіхіку маладога прынца, што ён адмовіўся ад тытулу. Паводле яго слоў, ён ведаў, наколькі псіхалагічна цяжка быць каралём без каралеўства.

Аляксандра Грэчаская, жонка Пятра ІІ, з маленькім прынцам Аляксандрам 

Замест прафесіі манарха ў выгнанні ён абраў прафесію вайскоўца. Пасля заканчэння ўніверсітэта служыў афіцэрам у Паўночнай Ірландыі. Пакінуўшы службу, адправіўся за акіян, дзе зрабіў кар’еру як супрацоўнік фінансавых інстытутаў. За акіянам засталіся і яго два сыны. Прынц, дарэчы, паспеў двойчы ажаніцца.

Між тым, на радзіме прынца пачалі адбывацца цікавыя рэчы, якія зноў прымусілі яго думаць пра вяртанне. Калі Югаславія развалілася і да ўлады прыйшоў Слабадан Мілошавіч, у Карагеоргіевіча ўзнікла надзея на рэпатрыяцыю. Тым больш, Мілошавіч быў вядомы як прыхільнік канцэпцыі Вялікай Сербіі, што была ледзь не дзяржаўнай дактрынай у даваеннай Югаславіі. Аднак Слабадан не дазволіў выдаць прынцу югаслаўскую візу. У прынцыпе, пазней самі Карагеоргіевічы былі задаволеныя такім ходам падзей, паколькі імя Мілошавіча хутка стала сінонімам крывавых этнічных частак. У гэты час Аляксандр пачаў арганізоўваць сустрэчы апазіцыі з мэтай усталявання адзінства дэмакратаў.

Пасля таго, як Мілошавіча зрынулі і Бялград пагадзіўся на вяртанне Карагеоргіевічаў, іх статус заўважна вырас. Аляксандру і сям’і дазволілі жыць у адным з палацаў, які пабудаваў перад вайной яго дзед. Сёння Карагеоргіевічы вельмі актыўныя ў сацыяльна-палітычным жыцці Сербіі. Прынц ахвотна прымае розныя дэлегацыі, часта выступае на дабрачынных акцыях. Яго жонка Кацярына заснавала спецыяльны фонд дапамогі культуры і спорту. Аднак галоўным для Аляксандра было перапахаванне бацькі і маці на радзіме. Над гэтай праблемай ён біўся амаль 10 гадоў.

Цяпер, пасля таго, як сямейны абавязак выкананы, Аляксандр патэнцыйна можа падацца ў палітыку. Тым больш, ён ніколі не хаваў, што з’яўляецца прыхільнікам канстытуцыйнай манархіі. Прынц таксама падкрэслівае, што ў выпадку каранацыі адмовіцца ад тытула «кароль Югаславіі» і абмяжуецца тытулам «кароль сербаў». У 2006 годзе, пасля выхаду са складу Югаслаўскай Федэрацыі Чарнагорыі, што выклікала крах дзяржаўнай фармацыі, Сербія была вымушана прымаць новую канстытуцыю. У час дэбатаў манархістамі быў таксама прапанаваны праект канстытуцыйнай манархіі. Прынц падтрымаў ідэю.

Ён казаў: «Кароль вышэй паўсядзённай палітыкі, ён з’яўляецца захавальнікам нацыянальнага адзінства, палітычнай стабільнасці і пераемнасці дзяржавы. У канстытуцыйнай манархіі кароль з’яўляецца абаронцам грамадскіх інтарэсаў: у яго няма асабістых або партыйных інтарэсаў, што з’яўляецца найбольш важным для Сербіі. Мы павінны працаваць разам на агульнае дабро Сербіі, і сябраваць у імя будучыні нашай краіны. Я выступаю за сталы дэмакратычны дыскурс у інтарэсах Сербіі. Сербія павінна мець выразныя і рэалістычныя мэты, для чаго патрэбны інстытут манарха». Аднак ініцыятыва манархістаў не атрымала працягу.

Паводле апошніх вынікаў апытання грамадскай думкі, каля 40 працэнтаў сербаў выступаюць за пераход да мадэлі канстытуцыйнай манархіі. Аднак у патэнцыйнага караля ёсць некаторыя праблемы. Па-першае, калі ў 2001 годзе яму ўручалі сербскі пашпарт, ён на словах абяцаў не заклікаць да рэстаўрацыі. Па-другое, у прэтэндэнта на трон няма сваёй арганізацыйнай структуры і падтрымкі СМІ.

У краіне з 1996 года дзейнічае манархісцкі «Рух нацыянальнага адраджэння», аднак у яго праграме пра манархію гаворыцца даволі абстрактна. Канкрэтнай фігуры караля «Рух нацыянальнага адраджэння» не прапаноўваў. Нарэшце, прынц вывучаў сербскую мову за мяжой і, як піша прэса, дасюль размаўляе не надта добра. Гэта шмат каму з простых людзей не падабаецца. Так што пакуль прынц будзе вывучаць падручнікі па мове, у прыхільнікаў рэспубліканскай мадэлі ў Сербіі ёсць час, каб падрыхтавацца да бою з раялістамі. 

Каментаваць