Сёмы цуд свету

Гэтымі днямі святкуе сваё 30-годзе нямецкая газета «Tageszeitung» — адна з самых дзіўных і адначасова ўплывовых газет у свеце.

Газету «Tageszeitung», або TAZ, акрамя ўсяго, нельга ўявіць без выдання “Bild — галоўнай бульварнай газеты ў Германіі. Журналісты абедзвюх рэдакцый увесь час спрабуюць падкалоць адзін аднаго. На гэты момант яўны пераможца ў супрацьстаянні — TAZ. Усе дзякуючы так званай справе Кая Дэкмана — галоўнага рэдактара “Bild. Неяк супрацоўнікі TAZ даведаліся, што Кай зрабіў сабе аперацыю па павялічэнню пеніса, і ахвотна падзяліліся гэтай навіной з чытачамі. Рэдактар “Bild быў раз’юшаны і падаў на газету ў суд, патрабуючы 30 тысяч еўра кампенсацыі. Прыблізна за месяц да пачатку працэсу ў «Tageszeitung» з’явіўся каляндар у выглядзе пеніса, які памяншаўся штодня, сімвалічна адлічваючы, колькі дзён засталося да суду. Уся Германія смяялася з Bild. Суд, дарэчы, вынес рашэнне на карысць TAZ. Пазней Дэкман прызнаў, што зрабіў памылку, пачаўшы працэс.



Гэтымі днямі святкуе сваё 30-годзе нямецкая газета «Tageszeitung» — адна з самых дзіўных і адначасова ўплывовых газет у свеце.

Газету «Tageszeitung», або TAZ, акрамя ўсяго, нельга ўявіць без выдання “Bild — галоўнай бульварнай газеты ў Германіі. Журналісты абедзвюх рэдакцый увесь час спрабуюць падкалоць адзін аднаго. На гэты момант яўны пераможца ў супрацьстаянні — TAZ. Усе дзякуючы так званай справе Кая Дэкмана — галоўнага рэдактара “Bild. Неяк супрацоўнікі TAZ даведаліся, што Кай зрабіў сабе аперацыю па павялічэнню пеніса, і ахвотна падзяліліся гэтай навіной з чытачамі. Рэдактар “Bild быў раз’юшаны і падаў на газету ў суд, патрабуючы 30 тысяч еўра кампенсацыі. Прыблізна за месяц да пачатку працэсу ў «Tageszeitung» з’явіўся каляндар у выглядзе пеніса, які памяншаўся штодня, сімвалічна адлічваючы, колькі дзён засталося да суду. Уся Германія смяялася з Bild. Суд, дарэчы, вынес рашэнне на карысць TAZ. Пазней Дэкман прызнаў, што зрабіў памылку, пачаўшы працэс.

Спаборніцтва з “Bild — не проста забаўка. Яно мае глыбокі ідэйны падмурак. Менавіта “Bild — выданне алігарха Акселя Спрынгера — напрыканцы 60-х гадоў вёў прапагандысцкую атаку супраць студэнцкага руху. Якраз публікацыі ў “Bild падштурхнулі маладога праварадыкала Йозефа Бахмана прыехаць у красавіку 1968 года ў Заходні Берлін і страляць у лідэра студэнтаў Рудзі Дучке, якога “Bild напярэдадні абвясціў «ворагам дзяржавы нумар адзін». У знак помсты студэнты ў тым жа красавіку 1968-га разграмілі тыпаграфію Акселя.

Праз дзесяць гадоў высветлілася, што тыя студэнты здольныя не толькі кідаць каменні ў паліцыю і падпальваць чужую ўласнасць. У 1978 годзе ў тым жа Берліне адбыўся кангрэс Tunix, які сабраў увесь істэблішмент нямецкага альтэрнатыўнага руху (эколагі, феміністкі, арганізатары кампаній салідарнасці з трэцім светам, кааператары, музыканты і г.д.). Сярод іншага было вырашана заснаваць за свае сродкі агульную штодзённую газету, а каб не сварыцца наконт назвы адразу рашылі, што выданне так і будзе называцца «Газета» (ням.: «Tageszeitung»).

З дапамогай літаратараў і музыкаў сабралі патрэбныя грошы і стварылі кааператыў. У верасні выйшаў нулявы нумар. Спатрэбілася яшчэ прыкладна 6 месяцаў, каб рэдакцыя зразумела, што можа працаваць у штодзённым рэжыме. І вось нарэшце 17 красавіка 1979 года пабачыў свет першы нумар «Tageszeitung». На вокладцы быў вядомы калаж — клоун, які кідае камень. На тым камні было напісана — «Tageszeitung».

Прайшло 30 гадоў. Сёння «Tageszeitung» — сёмая штодзённая газета ў Германіі. Яе наклад каля 55 тысяч асобнікаў. Існуе некалькі рэгіянальных дадаткаў. З гэтага года на базе рэдакцыі створаны журналісцкія курсы «Акадэмія TAZ». Як газета, блізкая да трэцяй палітычнай сілы ў краіне — Партыі Зялёных (яны таксама ўзніклі на хвалі таго самага альтэрнатыўнага руху 60-х), «Tageszeitung» уплывае на палітыку ўладаў. «Сёмы цуд свету» — назваў феномен «Tageszeitung» адзін нямецкі журналіст.

Самы вялікі парадокс заключаецца ў тым, што праца рэдакцыі з самага пачатку арганізаваная на прынцыпах нізавой дэмакратыі. Усе рашэнні прымаюцца зранку на агульнай канферэнцыі. Прычым яна абсалютна адкрытая: кожны чалавек з вуліцы можа зайсці ў залу будынку і прапанаваць той ці іншы матэрыял.

Часам гэта дорага каштавала журналістам. Напрыклад, неяк на такую планёрку прыйшлі сербы, незадаволеныя пазіцыяй TAZ па вайне ў Югаславіі, і спрабавалі давесці журналістам сваю кропку гледжання з дапамогай халоднай зброі. У іншы раз уся жаночая частка рэдакцыі абвясціла забастоўку: жанчынам не спадабалася прысутнасць у тэкстах газеты клішэ адносна жанчын. У працяг тэмы: з 1999 года рэдактарам TAZ з’яўляецца Баша Міка, адзіная жанчына ў Германіі, якая кіруе рэдакцыяй штодзённай нацыянальнай газетай.

Асобная тэма — матэрыяльная. Як было сказана вышэй, TAZ — гэта кааператыў, або, кажучы тэрмінамі нямецкага заканадаўства, таварыства. Зараз колькасць сяброў таварыства прыкладна 8 тысяч чалавек. Каб стаць уладальнікам газеты, трэба ўнесці як мінімум 500 еўра ў агульны фонд. Варта адзначыць: уносячы грошы, людзі разумеюць, што наўрад ці атрымаюць прыбытак. Гэта хутчэй праява грамадскай пазіцыі. Аднак быць сябрам таварыства «Тageszeitung» вельмі прэстыжна.

Таксама, як і журналістам. Усе ведаюць, што журналісты ў TAZ атрымліваюць на парадак менш, чым супрацоўнікі іншых выданняў, прыкладна 2 тысячы еўра на месяц. Заробкі для ўсіх роўныя. Адпачынкі не аплачваюцца. Аднак, як правіла, рэдка хто пакідае рэдакцыю, бо атмасфера там вельмі сяброўская.

Нягледзячы на нізавую падтрымку, TAZ мела, мае і будзе мець эканамічныя праблемы. Толькі ў 2003 годзе — першы і апошні раз у гісторыі — газета была прыбытковай. Таму рэдакцыя вымушана часам праводзіць кампаніі па выратаванню: заклікаць грамадзян станавіцца падпісчыкамі. Такія кампаніі звычайна падтрымліваюць вядомыя літаратары або грамадскія асобы. Яны бясплатна пішуць артыкулы, якія газета друкуе ў фармаце дадатку. Шмат хто набывае газету, каб проста прачытаць дадатак. Падчас аднаго з конкурсаў нямецкага «Еўрабачання» вядомая спявачка нават выканала песню з заклікам падтрымаць газету.

Акрамя выключна прафесійнай дзейнасці, TAZ вельмі актыўная ў грамадскім жыцці. Газета ініцыявала некалькі буйных грамадскіх кампаній, напрыклад, за развіццё альтэрнатыўнай энергетыкі. Яна дабілася перайменавання вуліцы, на якой знаходзіцца рэдакцыя. Цяпер тая вуліца носіць імя Рудзі Дучке. Нядаўна стала вядома, што напярэдадні правядзення саміта Вялікай васьмёркі ў Германіі ў 2007 годзе, супрацоўнікі Службы аховы канстытуцыі (нямецкі аналаг КДБ) праслухоўвалі тэлефоны журналістаў TAZ. Яны лічылі, што газета каардынуе акцыі антыглабалістаў.

І нарэшце, TAZ — гэта, акрамя ўсяго, сатырычная газета. Трэба ўзгадаць г.зв. «бульбавы скандал». Прэзідэнту Польшчы Качыньскаму не спадабаўся артыкул, у якім яго параўналі з бульбай. У знак пратэсту ён адмовіўся ад запланаванай сустрэчы з канцлерам ФРГ. МЗС Польшчы патрабавала ад нямецкіх калегаў афіцыйнага прабачэння. Аднак у Берліне заявілі, што свабода прэсы — ёсць свабода прэсы.

Дарэчы, 21 красавіка закончыўся яшчэ адзін судовы працэс супраць TAZ. Апанентам газеты быў Юрген Клінсман — былая футбольная зорка, які зараз няўдала спрабуе сябе ў ролі трэнера. Яго нядаўнюю адстаўку з пасады кіраўніка клубу «Баварыя» (Мюнхен) TAZ пракаментаваў артыкулам з загалоўкам «Бог памёр», за што і атрымаў позву ў суд. І зноў перамог. Суддзі палічылі той выраз звычайнай сатырай.
 

Каментаваць