Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Слова за «бальшавікамі»

Пасля канфузу з абвяшчэннем незалежнасці Каталоніі паўстала сітуацыя, чымсьці падобная на тую, што была ў Расіі перад кастрычніцкай рэвалюцыяй.

Фота september.media

Малавядомы факт — аднойчы Каталонія ўжо была незалежнай. Здарылася гэта ў кастрычніку 1934 года, калі ў Мадрыдзе выбухнуў палітычны крызіс. Луіс Кампаніс Хавер, тагачасны кіраўнік Generalitat (ураду каталонскай аўтаноміі), вырашыў, што больш аптымальнага часу для абвяшчэння суверэнітэту не будзе. Тут жа натоўпу, які сабраўся каля будынку Generalitat, была зачытана хуценька напісаная дэкларацыя пра стварэнне Каталонскай дзяржавы. Аднак пратрымалася абвешчанае дзяржаўнае фармаванне толькі каля 10 гадзінаў. Мясцовы гарнізон, які застаўся верны Мадрыду, лёгка разагнаў незалежнікаў.

Антырэкорд па часе існавання незалежнай Каталоніі быў пабіты 10 кастрычніка гэтага года, калі незалежнасць цягнулася толькі адну хвіліну (!). Менавіта столькі, паводле хронаметражу, склала паўза паміж словамі кіраўніка ўраду Каталоніі Карлеса Пучдэмона аб абвяшчэнні незалежнасці і фразай пра тое, што тая незалежнасць часова адкладаецца.

Канчаткова не вядома, чаму лідары Каталоніі ў апошні момант адмовіліся ад абвяшчэння незалежнасці. Магчыма, яны спалохаліся інфармацыі агенцтва Bloomberg, якое прыкладна за пару гадзін да выступу Пучдэмона падзялілася інсайдарскай інфармацыяй: быццам бы, іспанскія сілавікі рыхтаваліся арыштаваць Пучдэмона ў выпадку, калі той усё ж наважыцца абвясціць суверэнітэт. Іншыя кажуць, што кіраўнік Каталоніі паддаўся ціску акул мясцовага бізнесу, якія занепакоеныя адтокам капіталу з рэгіёну — як следства росту палітычнай турбулентнасці.

Так ці інакш, наступствам гэтага канфузу стала глыбокае расчараванне каталонцаў, якія, падаецца, сапраўды паверылі, што незалежнасць — не міраж. Не дзіўна, што на выхадзе з парламента натоўп сустракаў Пучдэмона свістам і агіднымі рэплікамі. Сам Рух за незалежнасць Каталоніі аказаўся моцна дыскрэдытаваным.

Адзіная структура, якая больш-менш захавала твар у гэтай гісторыі — невялікая леварадыкальная партыя «Кандыдатура народнага адзінства» (CUP), якая таксама ўваходзіць у склад кааліцыі незалежнікаў. Або, дакладней сказаць, уваходзіла. CUP абвясціла пра выхад з кааліцыі, калі кіраўнік ураду не выканае яе ўльтыматум — на працягу месяца трэба было запусціць механізм, прапісаны ў дэкларацыі пра незалежнасць.

Вонкава склалася сітуацыя, чымсьці падобная на тое, што было ў 2015 годзе. Тады электарат старых нацыяналістычных партый расчараваўся ў былых кумірах, якія напярэдадні выбараў абяцалі незалежнасць, каб пасля бясконца адтэрміноўваць «час Х». З’явіўся запыт на новыя твары, чым і скарысталася CUP, якая мае імідж партыі маладых: візітоўкай партыі з’яўляецца настаўніца і феміністка Анна Габрыэль, якая нарадзілася ў 1975 годзе. І нечакана партыя, якая раней працавала толькі на муніцыпальным узроўні, трапіла ў каталонскі парламент.

Каб атрымаць неабходную дэпутацкую квоту пад урад, старыя нацыяналісты вымушаныя гандлявацца з дэпутатамі ад CUP. Апошнія ў сваю чаргу высунулі катэгарычнае патрабаванне — прыняць закон аб рэферэндуме пра незалежнасць, які мае характар прамога закону. Закон быў прыняты, што і запусціла працэс арганізацыі і правядзення плебісцыту 1 кастрычніка.

Можна прагназаваць, што ў атмасферы расчаравання старымі нацыяналістамі CUP павялічыць сваю палітычную вагу. Аднак ёсць адзін нюанс, які тычыцца ідэалагічнага профілю партыі. Не толькі ў Іспаніі, нават у Еўропе, цяжка знайсці структуру з такой бескампраміснай і радыкальнай праграмай.

Паводле праграмы, «Кандыдатура народнага адзінства» выступае за Каталонію, эканоміка якой будуецца на сацыялістычных прынцыпах. Усе фінансавыя ўстановы ў новай краіне павінны быць нацыяналізаваныя. Будучая незалежная Каталонія бачыцца сябрам CUP па-за межамі NАТО. Цікава, што CUP пры гэтым лічыць, што ў склад Каталоніі павінны ўвайсці некаторыя рэгіёны, якія сёння належаць Іспаніі, Францыі і Італіі.

Вельмі дэмакратычны статут CUP, дзе ўсе рашэнні прымаюцца празрыста ў рамках асамблеяў, дазваляе партыйнаму базісу ўвесь час ціснуць на кіраўніцтва, кантраляваць учынкі апаратчыкаў. А паколькі CUP намагаецца выказваць настроі беспрацоўнай моладзі, якой няма чаго губляць, радыкальныя словы і радыкальныя ўчынкі не разыходзяцца.

За кошт такой ідэалогіі партыя атрымала ў прэсе мянушку «апошнія бальшавікі Еўропы».

Расправа паліцэйскіх над мірнымі грамадзянамі падчас галасавання 1 кастрычніка вельмі радыкалізавала каталонскую грамадскасць, якая ўсё часцей бачыць у CUP адзінага паслядоўнага змагара за незалежнасць. У сувязі з гэтым іспанская прэса іранізуе: маўляў, мы назіраем сітуацыю, падобную на тую, што была ў Расіі сто гадоў таму. Тады дэмакратычныя партыі накшталт эсэраў або сацыял-дэмакратаў актыўна разбуралі інстытуты царскай Расіі, не ведаючы, што ствараюць глебу для трыумфальнага выхаду на арэну бальшавікоў, якія бачылі ўсю дэмакратыю ў труне.

Цяжка сказаць, наколькі такія ацэнкі і прагнозы справядлівыя. Усё ж сённяшняя Каталонія — яўна не Расія 1917-га. Аднак відавочна, што CUP цяпер — вядучая нацыяналістычная палітсіла, якую нельга купіць ніякімі падачкамі і якая збіраецца ісці да канца. «Мы вырашылі не адступаць. Свабода патрэбная нам сёння, тут і цяпер, яе абарона — гэта элементарнае пытанне чалавечай годнасці. Мы больш не можам цярпець — таму мы зможам зрабіць усе», — гаворыцца ў апошняй заяве партыі, прысвечанай актуальнай сітуацыі ў Каталоніі.

Каментаваць