Зямельныя выбары: Слова за Меркель

Чаму зямельныя выбары ў Германіі могуць перазагрузіць нямецкую палітыку? На гэта і іншыя пытанні наконт палітычнага жыцця ФРГ адказвае берлінскі грамадскі актывіст Андрэ Арлоўскі.

Фота news-front.info


— Усходненямецкая зямля Мекленбург — Пярэдняя Памеранія вельмі бедная адносна іншых рэгіёнаў ФРГ. Берлін — мультыкультурны мегаполіс, цалкам не падобны на іншыя куткі краіны. Чаму да выбараў у гэтых землях інтарэс па ўсёй краіне?

— Можна назваць некалькі прычын. Перш за ўсё, гэта выбары, пасля якіх непасрэдна пачнецца выбарчая кампанія ў Бундэстаг, што адбудзецца ў 2017-м. На аналізе выбараў 4 і 18 верасня партыі змогуць будаваць канцэпцыі будучай кампаніі, вызначацца з кандыдатамі, думаць пра фарматы магчымых кааліцый. У гэтым плане, натуральна, больш за ўсё цікавы Берлін, дзе можа паўстаць кааліцыя сацыял-дэмакратаў, левых і «Зялёных», так званая Rot-Rot-Gruene. Такая схема ўраду шмат кім разглядаецца як формула для наступнага федэральнага кабінету.

— Хто можа ўзначаліць падобны ўрад, і які замежны курс, перш за ўсё на Усходзе, ён можа праводзіць?

— Пакуль Rot-Rot-Gruene існуе выключна ў праекце, хаця асноўным прэтэндэнтам на пасаду канцлера называецца лідар сацыял-дэмакратаў Зігмар Габрыэль. Паводле нефармальнага правіла нямецкай палітыкі, месца дырэктара МЗС дастаецца партыі — малодшаму партнёру па кааліцыі. Хутчэй за ўсё, такой партыяй будуць «Зялёныя», якія вельмі моцна крытыкуюць Маскву. Аднак цяпер усё будзе складаней праз прысутнасць у кабінеце левых, якія, наадварот, лічацца вядучымі лабістамі палітыкі Крамля ў Германіі. У дадатак партыя канцлера можа не мець большасці ў праўрадавай фракцыі, як было раней. Партыя эсдэкаў перажывае беспрэцэдэнтны крызіс даверу. За пяць гадоў яе рэйтынг скараціўся з 33 да 23 працэнтаў. Прычым, як сведчаць усе сацыялагічныя апытанні, яе былы электарат галоўным чынам мігруе ў шэрагі прыхільнікаў правых папулістаў з «Альтэрнатывы для Германіі» (AfD). Яна, відавочна, будзе трэцяй партыяй як у Мекленбургу — Пярэдняй Памераніі, так і ў Берліне.

— «Альтэрнатыва для Германіі», нягледзячы на высокія рэйтынгі, дасюль не мае партыйнай праграмы. Цяжка ўявіць, што падобная структура карыстаецца высокай падтрымкай сярод традыцыйна палітычна адукаваных і адказных бюргераў…

— AfD — беспрэцэдэнтны праект у гісторыі ФРГ, і цяперашнія выбары яшчэ раз гэта засведчылі. Стымул падтрымкі правых папулістаў не мае лагічнай прыроды. Тут хутчэй эмоцыя — рэакцыйны пратэст супраць эліты, жаданне адпомсціць за свае праблемы. Такімі рэчамі, як пункты партыйнай праграмы, прыхільнікі «Альтэрнатывы для Германіі» практычна не цікавяцца. Добры прыклад — Петра Федэраў (Petra Federau), лідар выбарчага спісу партыі ў Мекленбургу. Сярод іншага, раней яна працавала «эскортнай дамай» (адна з формаў сексуальных паслуг). Аднак гэты, падавалася б, кампраметуючы момант не ўплывае на стаўленне да «Альтэрнатывы», якая можа атрымаць да 20% галасоў выбаршчыкаў. Праўда, гэта не значыць прыход Петры і яе аднапартыйцаў у зямельны ўрад. Гледзячы па ўсіх адзнаках, пры ўладзе застанецца вялікая кааліцыя эсдэкаў і хрысціянскіх дэмакратаў. Ствараць урад з «Альтэрнатывай для Германіі» тут лічыцца табу.

— Высокая папулярнасць «Альтэрнатывы для Германіі» звязана з міграцыйнай палітыкай ураду Меркель. Аднак у тым жа Берліне прысутнасць арабскіх мігрантаў практычна не адчуваецца. Куды часцей можна пабачыць рускамоўных…

— І гэта ўжо справа піяршчыкаў. Напрыклад, у Мекленбургу, дзе ўцекачоў з Сірыі таксама мала, агульны рост міграцыі звязваюць з падзеннем інтарэсу замежных турыстаў да мясцовых курортаў. Маўляў, нашто ехаць у Германію, дзе паўсюль арабскія мігранты. Можна прывязаць тэму міграцыі да росту крыміналу. На фоне паведамленняў у СМІ пра тэракты, якія там-сям арганізавалі ісламісты, ксенафобскія настроі знаходзяць глебу.

— Апошнім часам шмат кажуць пра бунт, якія ўзнялі аднапартыйцы супраць Ангелы Меркель праз яе непапулярную міграцыйную палітыку. Літаральна днямі сталі вядомыя вынікі апытання, паводле якіх большасць немцаў не жадае бачыць Меркель на пасадзе канцлера. Ці сапраўды Меркель збіраецца пайсці на пенсію?

— Як вядома, стартавай пляцоўкай для палітычнай кар’еры Меркель была адна з выбарчых акруг у Мекленбургу — Пярэдняй Памераніі. Адсюль у 1990 годзе яна абралася ў Бундэстаг, дзе нечакана для ўсіх стала міністрам сям’і. Натуральна, тут вельмі ганарыліся такім земляком. І, натуральна, перад кожнымі выбарамі сябры мясцовага штабу Хрысціянска-Дэмакратычнага Саюзу намагаліся зрабіць Ангеле тур па зямлі з рэкламнымі мэтамі. Адбыўся такі тур і ў гэтым годзе. І трэба было бачыць, як холадна сустракае яе аўдыторыя, у тым ліку партыйны актыў.

Яны бачаць, што народ стаміўся ад Меркель, і мараць пра яе заяву наконт сыходу з палітыкі. Такі крок можа дапамагчы змяніць трэнд у грамадстве і на выбарах. Навіна пра тое, што кансерватары пойдуць на выбары–2017 з новым свежым лідарам, здольная перазагрузіць адносіны эсдэкаў і кансерватараў. Яшчэ ёсць час выратаваць цяперашнюю вялікую кааліцыю ў Берліне і, такім чынам, пахаваць спекуляцыі наконт абавязковага паўстання ўраду Rot-Rot-Gruene. Слова за Меркель.



Каментаваць