Служу Еўрапейскаму саюзу!

У Еўропе ўсё часцей кажуць пра неабходнасць стварэння арміі Еўрасаюза. Наколькі рэальны гэты праект, якімі могуць быць яго мадэль і асноўныя задачы?


Для Еўрасаюза, акрамя негатыўных момантаў, Brexit — выхад Вялікабрытаніі з ЕС — утрымлівае і пэўны пазітыў. Сыход Лондану, як піша прэса, даў зялёнае святло для будаўніцтва еўрапейскай арміі. Менавіта брытанскія палітыкі ўвесь час блакавалі ініцыятыву, якую ўпершыню агучылі яшчэ два дзесяцігоддзі таму. Брытанскую пазіцыю эксперты звязваюць з традыцыйным нежаданнем Лондану ісці на шчыльную інтэграцыю ў еўраструктуры. Еўрапейская армія азначала частковае падпарадкаванне найбольш вялікага на кантыненце брытанскага войска Брусэлю.

Праўда, у аматараў арміі Еўрапейскага саюза хапала апанентаў і акрамя брытанскіх еўраскептыкаў. Асаблівай неабходнасці аб’ядноўваць свае мілітарныя рэсурсы ў сяброў ЕС, падавалася, не было. Апошні раз ваенныя дзеянні ў Еўропе мелі месца на тэрыторыі былой Югаславіі напрыканцы 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Акрамя таго, усе еўрапейскія дзяржавы ўваходзяць у NАТО, якое, паводле статутных дакументаў, павінна іх абараняць.

Аднак у апошнія часы мы сталі сведкамі з’яўлення новых выклікаў для ЕС — падзеі ва Украіне, нелегальная міграцыя, тэрарызм… Шукаючы на іх адказы, у Еўропе задумаліся пра сваю вайсковую структуру, якая зможа аператыўна рэагаваць на нейкія надзвычайныя сітуацыі. NАТО ў гэтым плане больш нязручная арганізацыя, паколькі важнае рашэнне можа быць прынятае пасля абмеркавання з удзелам прадстаўнікоў усіх сябраў, у тым ліку тых, якія не ўваходзяць у ЕС. Праўда, трэба вызнаць, што зараз у Альянсе запусцілі працэс стварэння сілаў звышхуткага рэагавання.

Так ці інакш, інтарэс да ідэі войска ЕС адрадзіўся на вачах. Больш за тое, справа дайшла да канкрэтных крокаў. Вызначальнай падзеяй стала сустрэча 22 жніўня прэм’ераў Італіі, Германіі і Францыі. Падчас прэс-канферэнцыі яе ўдзельнікі публічна падтрымалі новы праект. У некаторай ступені гэта было сенсацыяй. Тая ж Францыя доўгі час — як і Вялікабрытанія — сабатавала ідэю аб’яднанага войска ЕС.

У пачатку верасня ў прэсу трапілі фрагменты першых канкрэтных прапазіцый такога войска. Іх аўтарамі сталі італьянцы, на думку якіх трэба знайсці стымулы для сумесных праграм унутры ЕС «для развіцця і агульных закупак абсталявання і інфраструктуры для абслугоўвання адзінай палітыкі бяспекі і абароны». У тэксце прапаноўваюцца розныя ідэі, у тым ліку прадастаўленне міністэрствам абароны і абаронным фірмам Еўрасаюза доступу да фінансавання з Інвестыцыйнага банка ЕС і Фонду стратэгічных інвестыцый ЕС.

Тое, што драйверам праекту войска ЕС выступае Італія, сведчыць пра нейкія патэнцыйныя супярэчнасці ў комплексных падыходах. Відавочна, што Італія марыць за кошт арміі ЕС узмацніць свае паўднёвыя марскія межы, якія атакуюць мігранты з Афрыкі. У сваю чаргу, прыхільнікі еўрапейскай арміі з Брусэля і Берліна асноўнай місіяй такога войска бачаць стрымліванне Расіі на Усходзе. Прынамсі пра гэта заявіў кіраўнік Еўракамісіі Жан-Клод Юнкер у інтэрв’ю газеце «Die Welt». «Адзіная еўрапейская армія мусіць перадаць выразны сігнал Расіі, што мы сур’ёзна ставімся да абароны нашых еўрапейскіх каштоўнасцяў», — паведаміў еўрачыноўнік.

Пытанне геапалітычных прыярытэтаў будучай арміі можа стаць тормазам для праекту. Акрамя таго, у тым жа інтэрв’ю Юнкер абмовіўся, што зонай дзейнасці будучага войска могуць быць не толькі краіны аб’яднання, аднак і тэрыторыі суседніх дзяржаў. Ці гатовыя бюргеры галасаваць за такі ваяўнічы пражэкт, асабліва з улікам адной праблемы — татальнай адсутнасці пасіянарнасці ў жыхароў краін ЕС? Уцягнутыя ў логіку спажывання, яны падсвядома не гатовыя ахвяраваць жыццём за высокія ідэалы. Папулярна праводзіць паралель з рэакцыяй французаў на вайну з немцамі ў 1940-м: каб есці свае круасаны і піць віно, абсалютная большасць насельніцтва пагадзілася адмовіцца ад суверэнітэту.

Акрамя стратэгічных нестасовак, на шляху будаўнікоў арміі ЕС хапае і іншых перашкодаў. Незразумела, нашто еўрапейская армія краінам, якія наўпрост не сутыкнуліся з пагрозай Расіі або націскам мігрантаў — напрыклад, Партугаліі або Ірландыі. Наколькі краіны перыферыі гатовыя фінансаваць вайсковую інфраструктуру ва ўмовах цяперашняга эканамічнага крызісу? Некаторыя з бедных сябраў ЕС ужо бурчаць, што два працэнты бюджэту, якія яны павінныя плаціць у фонд NАТО — гэта зашмат.

У якасці ілюстрацыі: у чэрвені былі апублікаваныя вынікі сацыялагічнага апытання грамадзян краін ЕС, якое правяла арганізацыя «Pew Research Center». Даследаванне сведчыць, што толькі ў адной краіне — у Польшчы — боль­шасць насельніцтва падтрымлівае ідэю павелічэння вайсковага бюджэту. Пасля палякаў ідуць галандцы (49%) і шведы (43%). Іншым еўрапейцам тэма абароны, у прынцыпе, фіялетавая. Рэкардсмены тут іспанцы (14%).

Таксама незразумелая ма­дэль новай арміі. Аўтаматычнае пераўтварэнне нацыянальных войскаў у падструктуры агульнага войска ЕС нічога не вырашае. Нацыянальныя арміі большасці краін ЕС вельмі слабыя. У ліпені эксперты амерыканскага аналітычнага цэнтра «Atlantic Council» пралічылі, што Расія пры неабходнасці магла б захапіць Прыбалтыку за 60 гадзін. Відавочна, што праект войска ЕС як канфедэрацыі нацыянальных войскаў не мае перспектывы. Трэба ствараць інтэрнацыянальныя профільныя структуры.

Вельмі незвычайная рэакцыя на праект войска ЕС у Маскве. Частка экспертаў, натуральна, пабачыла тут крыніцу новых пагрозаў. Аднак існуе і палярны падыход. Некаторыя падтрымліваюць праект арміі Еўрасаюзу, якая, на іх думку, можа ўзмацніць палітычны суверэнітэт Еўропы адносна ЗША.

У любым выпадку, палітычны каляндар дыктуе еўрапейскім палітыкам сёння больш цікавіцца не арміяй ЕС, а выбарамі ў ЗША, Францыі і Германіі. Пасля іх на Захадзе пачнецца новы палітычны цыкл, падчас якога і будзе атрыманы адказ на пытанне: быць еўрапейскай арміі або не.



Каментаваць