Названыя імёны выканаўцаў брусэльскіх тэрактаў і затрыманы меркаваны трэці тэрарыст

Наджым Лаашраўі і браты Халід і Брахім эль-Бакраўі — фігуранты расследавання па саўдзельніку тэрактаў у Парыжы Салаху Абдэсламу. Паводле крыніц у паліцыі, СМІ назвалі гэтых трох асобаў адказнымі за выбухі ў аэрапорце і метро.



У нападзе падазраюць гэтых трох мужчын: браты Бакраўі — у чорным; невядомага мужчыну ў белым шукала паліцыя. Фота Belgian Federal Police


Як мяркуецца, смяротнікі, што здзейснілі выбухі, — браты Халід і Брахім эль-Бакраўі. Адзін з братоў быў заўважаны ў аэрапорце Бруселя, другі — на станцыі "Маэльбек". Гэтая інфармацыя пацвярджае сувязь апошніх тэрактаў з падзеямі ў Парыжы, а таксама дачыненне да выбухаў тэрарыстычнай групоўкі "Ісламская дзяржава", паведамляе euronews.com.

Пошукі трэцяга чалавека, якога бачылі з братамі Бакраўі ў аэрапорце, завяршыліся. Бельгійская паліцыя ідэнтыфікавала яго як Наджыма Лаашраўі, паведамляе бельгійская газета Derniere Heure.

Меркаваны трэці ўдзельнік тэракту ў Брусэлі, які збег з аэрапорта адразу пасля выбухаў у аўторак, затрыманы бельгійскай паліцыяй, паведамляе ВВС.

Як паведамляе бельгійскі тэлеканал RTBF, браты Бакраўі ўжо траплялі ў поле зроку паліцыі ў якасці падазраваных па іншых справах, аднак пра іх сувязях з тэрарыстамі да сённяшняга дня вядома не было.

Абодва браты Бакраўі пражывалі ў Брусэлі. Адзін з іх — Халід — здымаў пад чужым імем кватэру ў камуне Фарэ вуліцы Дрыс, дзе 15 сакавіка адбылася страляніна з паліцыяй. Менавіта падчас гэтага рэйду былі выяўленыя адбіткі Салаха Абдэслама, асноўнага падазраванага ў арганізацыі серыі тэрактаў у Парыжы 13 лістапада, што забралі жыцці 130 чалавек. Сам Абдэслам быў арыштаваны праз тры дні, у мінулую пятніцу, адзначае ВВС.

Іншы брат — Брахім — ужо арыштоўваўся паліцыяй за тое, што страляў у бок праваахоўнікаў з аўтамата Калашнікава падчас рабавання. Ён быў прысуджаны да турэмнага зняволення, але затым ўмоўна-датэрмінова вызвалены.

Трэці падазраваны, Наджым Лаашраўі раней таксама ўжо быў аб'яўлены ў вышук па справе аб лістападаўскіх выбухах у Парыжы. У панядзелак пракуроры паведамілі, што яго ДНК была знойдзена ў тым жа доме.

Паведамляецца, што ў верасні Лаашраўі і Абдэслам разам ездзілі ў Венгрыю.

Паводле апошніх звестак, у выніку серыі выбухаў у Брусэлі загінулі 34 чалавекі, каля 250 атрымалі раненні. Двайны выбух адбыўся ў зоне вылетаў міжнароднага аэрапорта Завентэм на паўночным усходзе горада ў аўторак раніцай, каля 8 гадзін.

Праз гадзіну яшчэ адно выбуховае прыстасаванне спрацавала ў метро на станцыі "Маэльбек" у самым цэнтры Брусэля, непадалёк ад некалькіх устаноў Еўрапейскага саюза.

Адказнасць за выбухі ўзяла на сябе экстрэмісцкая арганізацыя "Ісламская дзяржава", дзейнасць якой забаронена ў многіх краінах.

У Бельгіі абвешчана нацыянальная жалоба, якая будзе доўжыцца тры дні.

Каментаваць