Смерць аватара

«Імператар індускіх сэрцаў» «некаранаваны манарх», «месія», «аватар бога», «тыгр» — так пры жыцці называлі ў Індыі гэтага чалавека.

 



Усімі гэтымі эпітэтамі ўзнагароджаны Бал Баласахіб Такерай (Тхакрэ), або проста Бал — бацька нацыяналізму народу маратхі, агрэсіўны ісламафоб, аматар правакацый і тэрору як сродку палітычнай дзейнасці, які пайшоў з жыцця 17 лістапада на 86-м годзе жыцця.

Бал пакінуў пасля сябе супярэчлівую палітычную спадчыну. Дастаткова ўзгадаць некаторыя яго перлы: «Індыю і індусаў выратуюць толькі атрады тэрарыстаў-самазабойцаў». Або: «Гітлер быў чалавекам кепскім, аднак ён займаўся мастацтвам, і таму я яго люблю». Можна таксама ўзгадаць вельмі экстравагантныя для кодэксу нацыяналіста ўчынкі Бала. Напрыклад, ён фінансаваў гастролі ў Бамбеі Майкла Джэксана. Прычым Бал не толькі запрасіў музыку, а ў дадатак яшчэ сфатаграфаваў прыбіральню ў сваім доме, якую наведаў Майкл, каб пасля ганарыцца гэтым фактам перад сваім паплечнікамі па партыі.

Аднак фанаты Бала не заўважалі такіх «дробязей». У тым ліку тое, што прозвішча Такерай — калька з прозвішча вядомага брытанскага пісьменніка Уільяма Тэкерэя. Такое прозвішча ўзяў сабе бацька Бала, які вельмі любіў творчасць англійскага літаратара, хаця выступаў за стварэнне асобнай дзяржавы для маратхі. Заўважым, што адным з пастулатаў палітычнай філасофіі Бала была барацьба з культурнымі рэліктамі заходняга, і перш за ўсё брытанскага, каланіялізму. Менавіта яму мы абавязаны тым, што горад Бамбей (ад партугальскага Bom Bahia — Добрая Затока) перайменавалі ў Мумбаі (ад імя індыйскай багіні Mumba).

Аднак, нягледзячы на ўсе неадпаведнасці ў біяграфіі Бала, мільёны людзей аплакваюць нябожчыка (у апошні шлях яго праводзілі 200 тысяч чалавек). Сярод сумуючых выбітныя зоркі індыйскага кіно, бізнэсоўцы і палітыкі. Хаця сам Такерай ніколі ніякіх урадавых пасад не займаў, і нават асабіста ўдзельнічаць у выбарах цураўся. Але гэта не перашкаджала яму быць адным з самых уплывовых палітычных гульцоў ва ўсёй Індыі. Адным жэстам або словам ён мог мабілізаваць вулічную армію сваіх прыхільнікаў, якія пакорліва выконвалі яго інструкцыі аж да забойства людзей.

З улікам маштабу фігуры Такерая, цяжка ўявіць, што пачынаў ён свой шлях у палітыцы як сціплы карыкатурыст, які рабіў шаржы на палітыкаў. Аднак хутка малады мастак радыкальна змяніў профіль дзейнасці. У 1966 годзе ён сфармаваў групоўку «Shiv Sena», або «Армія Шывы» (Шыва тут — не бог індуісцкага пантэону, а Шываджы — адзін з мясцовых цароў, які заснаваў Дзяржаву Маратха). Гэта не выпадкова. Такерай марыў аднавіць дзяржаўнасць маратхі, каб перш за ўсё паставіць бар’ер на шляху працоўных эмігрантаў з іншых больш бедных раёнаў Індыі.

Ідэйна-палітычная дактрына «Арміі Шывы» вельмі мазаічная. З аднаго боку, гэта арганізацыя нацыяналістаў, якая выступае за стварэнне монаэтнічнай дзяржавы, або як мінімум штату Махараштра, дзе афіцыйнай мовай будзе выключна мова маратхі (дарэчы, сёння на маратхі размаўляюць 80 мільёнаў чалавек, і гэта адна з 25 самых ужываемых у свеце моваў). Моўная праблема, дарэчы, узнікла ў індыйскай палітыцы прыблізна ў 1956 годзе як рэакцыя на адмову ўрадавага Індыйскага нацыянальнага кангрэсу стварыць адміністратыўныя адзінкі паводле лінгвістычнага прынцыпу. Джавахарлал Нэру і іншыя лідары Кангрэсу баяліся, што адміністратыўны падзел па такой формуле пахавае дзяржаўнае адзінства Індыі.

Аднак Бал Такерай лічыў, што мове і ідэнтычнасці маратхі пагражае прысутнасць у тым жа Бамбеі прадстаўнікоў іншых этнасаў Індыі. Так, «Армія Шывы» пачала змагацца за тое, каб працоўныя вакансіі даставаліся выключна прадстаўнікам маратхі. Гэты лозунг быў вельмі папулярны сярод маладых маратхі і ператварыў «Армію Шывы» ў масавую арганізацыю.

Адначасова такая ўстаноўка значыла змаганне за ўплыў на прафсаюзы, што на пачатку 1970-х гадоў прывяло да адкрытай вайны з камуністамі. Некалькі лідараў Індыйскай Кампартыі былі забітыя людзьмі Бала. Ёсць думка, што агрэсіўная кампанія «Арміі Шывы» за льготы для прадстаўнікоў маратхі пры працаўладкаванні часткова спрыяла рашэнню праблемы беспрацоўя для гэтага этнасу. Праўда, тое была дзіўная перамога. Пасля прадпрымальнікі ахвотна звярталіся па дапамогу да «Арміі Шывы», калі трэба было пагасіць актыўнасць прафсаюзаў.

Адначасова вялася кампанія супраць «чужога» дробнага бізнэсу. Так, рэстараны з паўднёвай індыйскай кухняй байкатаваліся, а часам нават у іх ляцелі кактэйлі Молатава. Каб абмежаваць прыток вонкавай працоўнай сілы, «Армія Шывы» нават заклікала да ўвядзення візавага рэжыму для жыхароў іншых штатаў для візітаў у Бамбей.

З іншага боку, у 1970-я гады «Армія Шывы» пачала выкарыстоўваць ідэалагемы індуісцкіх нацыяналістаў, якія разглядаюць усе народны і этнасы Індыйскага субкантынента як фрагменты індускай цывілізацыі, якой перш за ўсё, быццам, пагражае іслам. Сваю нянавісць да мусульман Бал тлумачыў вельмі проста: у Індыі жывуць 250 мільёнаў мусульман, што дэ-факта ёсць пятая калона Пакістана, якія гатовыя ўзняць прапакістанскі ўзброены мяцеж. У адным са сваіх выступаў ён параўноўвай мусульман з хваробай на рак, пухлінай, якую патрэбна лячыць так, як гэта робяць медыкі, — выдаліць з дапамогай хірургічнай аперацыі.

Менавіта на Бала Такерая ўскладаюць адказнасць за антымусульманскія пагромы ў Бамбеі ў 1992 годзе, у выніку якіх было забіта каля тысячы чалавек. Бал вывеў сваіх людзей на вуліцы, паколькі яму не спадабаўся вердыкт Вярхоўнага суда Індыі, які адмовіўся разглядаць справу пра перадачу ўчастку зямлі з закінутай мячэццю ў распараджэнне індуістаў. Гэта мячэць была пабудаваная мангольскім імператарам Бабурам пасля сваёй першай перамогі ў Індыі. Лічыцца, што раней на месцы мячэці быў індуісцкі храм у гонар нараджэння бога Рамы.

У 1995 годзе палітычная кар’ера Бала дасягнула зеніту. «Армія Шывы» і партыя індуісцкіх нацыяналістаў «Бхарація джаната парці» прыйшлі да ўлады ў яго родным штаце Махараштра і кіруюць там да цяперашняга часу. Праўда, сам правадыр ніякай пасады ва ўрадзе не атрымаў, пажадаўшы нябачна кіраваць сваімі людзьмі ў дзяржаўным апараце. Магчыма, яго падкасіла смерць сына, які ў 1996 годзе загінуў у аўтакатастофе. Ацэнка ўраду нацыяналістаў неадназначная. У любым выпадку, нацыяналістычныя ўлады сапраўды нешта зрабілі для эмансіпацыі трушчобаў у Бамбеі. З іх ініцыятывы пачалася забудова бамбейскага Дхараві — самых вялікіх трушчобаў у Азіі, дзе жывуць (калі гэта так можна сказаць) паўмільёна чалавек.

Аднак партыя ўсё роўна захавала свой ксенафобскі імідж. Напрыклад, у 2003 годзе «Армія Шывы» разбурыла газон стадыёну ў Дэлі, на якім быў запланаваны матч паміж індыйскай і пакістанскімі зборнымі па крыкету. Не дарма, калі індыйскія СМІ паведамілі пра смерць «тыгра», практычна ўсе крамы ў Бамбеі пачалі імкліва зачыняцца: іх уладары пабаяліся антымусульманскіх пагромаў. Падчас пахавання Бала ў Бамбей было ўведзена 20 тысяч паліцэйскіх.

Пакуль цяжка сказаць, што чакае «Армію Шывы» без Бала. Ходзяць чуткі, што арганізацыю ўзначаліць яго пляменнік Рай Такерай, які ў свой час так пасварыўся з дзядзькам, што пакінуў шэрагі «Арміі Шывы», каб стварыць сваю партыю. Быццам некалькі месяцаў таму блудны пляменнік вырашыў вярнуцца да дзядзькі і пакаяцца. Хаця пакуль не зразумела, як Рай падпарадкуе сабе структуру «Арміі Шывы», паколькі сам ён больш нацыяналіст-маратхі, а не індуіст. Яго партыя нават дапамагала мусульманскім грамадам, які размаўляюць на маратхі.

Спецыяльна для НЧ сітуацыю каментуе Мрыдула Гош, індыйскі праваабаронца: «Увогуле, фактычна ў кожным індыйскім штаце ёсць такі палітык, які гуляе на ксенафобіі супраць прадстаўнікоў іншых штатаў. Проста Бал Такерай быў першым у гэтай галіне. Але я думаю, што ў партыі «Армія Шывы» няма будучыні, паколькі няма чалавека такой харызмы, якая б аб’ядноўвала ўсіх. Цяпер «Армію Шывы» чакае маргіналізацыя да з’яўлення на гарызонце новага лідара

Каментаваць