СНД смяецца

1 красавіка не толькі ў Беларусі, аднак і ў суседніх краінах журналісты спрабавалі разыграць чытачоў. Прапануем невялікі агляд лепшых медыя-жартаў у розных краінах СНД. Відавочна, што галоўнымі ахвярамі жартаўнікоў сталі ўлады.

 



Напрыклад, ва Украіне самай вялікай хохмай быў прызнаны жарт пра тое, што Януковіч вырашыў скарыстацца паслугамі тралейбуса. Такі матэрыял змясціла выданне «Донецкая правда». На такі крок украінскі гарант, быццам, пайшоў, каб больш не ствараць праблемаў грамадзянам сваім картэжам. Праўда, праблемы, паводле выдання, усё ж узніклі, паколькі ўслед за тралейбусам рушылі некалькі машын аховы і хуткая дапамога. Навіна выклікала шмат каментараў, у тым ліку асобаў, якія быццам бачылі паездку. Па іх словах, перад тым, як падагнаць тралейбус, спецназ выгнаў адтуль усіх людзей.

Спадабаўся ўкраінцам і жарт пра тое, што Кабмін мае намер запусціць хуткасныя самалёты «Hyundai» паміж гарадамі, якія прымаюць турнір «Еўрабаскет–2015». Прыкол у тым, што напярэдадні «Еўра–2012» урад запусціў цягнікі «Hyundai». Эксперымент закончыўся калапсам, паколькі ўкраінская прыродная стыхія хутка сапсавала механізмы заморскіх лакаматываў.

Таксама на берагах Дняпра вельмі любіць пасмяяцца з імперскіх амбіцый старэйшага брата. Таму не застаўся не заўважаным жарт ад часопісу «Корреспондент». 1 красавіка сайт паведаміў пра тое, што Саюз ювеліраў Расійскай Федэрацыі выкарыстаў абломкі метэарыту, які ўпаў у лютым у Чэлябінску, каб выкаваць для Уладзіміра Уладзіміравіча пярсцёнак «з нябеснага металу». Калі верыць аўтарам нататкі, на дадзены момант ювеліры разважаюць наконт магчымай лазернай гравіроўкі пасярэдзіне пярсцёнка на стараславянскай мове — на іх думку, надпіс «падкрэсліць сувязь расійскай дзяржаўнасці з касмічнымі працэсамі».

А вось у Расіі ніводны жарт супраць Крамля не прабіўся ў хіты. Увогуле, з жартаў у катэгорыі «палітыка» толькі адзін выклікаў вялікі рэзананс. На сайце РИА «Новости» паведамілі пра ініцыятыву ЛДПР унесці законапраект аб ужыванні часныку ў грамадскіх месцах. Як адзначаецца ў тлумачальнай запісцы, дакумент распрацаваны «ў святле нядаўна прынятага закона аб абмежаванні курэння тытуню». Законапраектам, у прыватнасці, прапануецца забараніць ужыванне часныку ў грамадскіх месцах і яго продаж цяжарным, работнікам мастацтва і культуры, а таксама дзецям да 18 гадоў. Пры гэтым дапускаецца ўжыванне часныку ў спецыяльна абсталяваных сістэмамі вентыляцыі месцах і на адкрытых тэрыторыях.

Праўда, некаторыя тэксты ўскосна б’юць па іміджу рэжыму. Напрыклад, першакрасавіцкі артыкул на сайце «Русский репортер», які тычыцца сочынскай алімпіяды, сцвярджае, што «нядаўні шчодры вясновы снег у Расіі, Украіне і Беларусі аказаўся найноўшай сакрэтнай распрацоўкай вялікага калектыву расійскіх вучоных. Ананімная крыніца з неназванага інстытута сцвярджае, што распрацоўка «цёплага снегу», які пачынае раставаць пры тэмпературы не ніжэй +10, пачалася ў абстаноўцы строгай сакрэтнасці адразу пасля таго, як было прынятае рашэнне правесці зімовыя Алімпійскія гульні 2014-га года ў субтрапічным клімаце Сочы».

Затое амаль усе топавыя першакрасавіцкія жарты ў Малдове былі выключна палітычныя. Магчыма, гэта звязана з цяперашнім палітычным крызісам у краіне. Нагадаем, што не так даўно тут разваліўся ўрад «Альянсу за еўрапейскую інтэграцыю», які ўключаў лібералаў, ліберал-дэмакратаў і дэмакратаў. Усе гадаюць, якім будзе фармат новага кабінету і хто яго ўзначаліць. Партал MOLDNEWS сцвярджае, што на пасаду прэм’ер-міністра Рэспублікі Малдова будзе вылучаны «замежны грамадзянін на аснове конкурсу». Як паведаміла MOLDNEWS крыніца, да такога рашэння прыйшлі фракцыі былога «Альянсу за еўрапейскую інтэграцыю».

Прычым, быццам, кандыдат можа быць нават з адной з манаршых дынастый Еўропы, каб надаць яго рашэнням больш вагі. А выданне AVD паведамляе, што 1 красавіка ў малдаўскай сталіцы прайшоў рытуал культу вуду з чалавечымі ахвярамі, які павінен быў адрадзіць кааліцыю трох партый.

Свае першакрасавіцкія навіны падрыхтавалі і інфармацыйныя стужкі і рэсурсы Казахстана. Да прыкладу, КАЗТАГ паведаміў, што Астану, якая раней двойчы мяняла назву, прапануюць зноў перайменаваць. У гэтую навіну паверыла шмат людзей, паколькі відавочная таўталогія: у літаральным перакладзе Астана азначае «Сталіца». У розных даведніках атрымліваецца поўны нонсенс «Сталіца Казахстана — Сталіца».

Nur.kz паведаміў, што Казахстан вылучыў пяць мільёнаў долараў для таго, каб сэр Пол Макартні выканаў гімн Казахстана. Як піша інтэрнэт-выданне, на чарговым пасяджэнні рэспубліканскага Агенцтва па дзяржаўных сімвалах было прынята нечаканае рашэнне — гімн Казахстана давераць выканаць зорцы сусветнага маштабу, што не толькі павысіць пазнавальнасць самога гімна, але і прымусіць сусветныя СМІ казаць пра Казахстан.

Яшчэ адным жартам стала спартыўная навіна аб пераходзе футбаліста Ранальдзінья ў клуб «Кайрат» з Алма-Аты, пра гэта паведамілі на афіцыйным сайце каманды. А цэнтральнаазіяцкая служба навін CA-news.org піша пра вынаходніцтва казахстанскай віягры з дадаваннем кумысу.

Цікава, што ў Казахстане да першакрасавіцкіх жартаў падключыліся і чыноўнікі. Да прыкладу, віцэ-міністр фінансаў Руслан Дален напісаў у сваім Twitter: «Плануем увесці падатак на інтэрнэт». Навіна выклікала шок сярод сямі мільёнаў казахскіх юзераў. Трошкі пазней Дален прызнаўся, што прапанова было ўсяго толькі першакрасавіцкім жартам.

Не згубілі пачуццё гумару і кіргізы. Так, сайт Tengrinews.kz запусціў чутку пра тое, што парламент Кыргызстана прыняў закон, які абавязвае ўсіх грамадзян здаваць адзіную падатковую дэкларацыю 1 красавіка.

Нарэшце, Каўказ. Тут лепшы першакрасавіцкі жарт падчас прэс-канферэнцыі зрабіў тэатральны дзеяч і рэжысёр Мікалай Цатуран, паведаміўшы аб намеры «вылучыць сваю кандыдатуру на наступных выбарах прэзідэнта Арменіі». «Мая перадвыбарная праграма будзе заснавана на чатырох пунктах: я буду супрацоўнічаць з масонамі, каб на мяне быў здзейснена замах; напішу новыя эпас; паспрабую выратаваць камусьці жыццё на борце самалёта; абвяшчу галадоўку тэрмінам на 3 месяцы, каб вызваліць свой народ ад яшчэ аднаго дурня», — пералічыў будучы кандыдат пункты сваёй перадвыбарчай праграмы.

Як бачым, 1 красавіка ў краінах Садружнасці было вясёлым. Увогуле, складаецца такое ўражанне, што смех — адзінае, што сапраўды яшчэ аб’ядноўвае насельніцтва постсавецкіх дзяржаў. У гэтым плане не зразумела, чаму палітыкі намагаюцца інтэграваць народы былога СССР не праз сатырычны, а праз Мытны саюз.

Каментаваць