Сочы–2014. Байкоту не будзе

На надзвычайнай сесіі Нацыянальны алімпійскі камітэт (НАК) Грузіі прыняў рашэнне аб удзеле алімпійскай зборнай краіны ў зімовай алімпіядзе ў Сочы ў 2014 годзе. Рашэнне шмат каму з грузін не падабаецца.



Паведамляецца, што з прысутных на сесіі дэлегатаў — прадстаўнікоў розных спартыўных федэрацый — ні адзін не прагаласаваў супраць удзелу Грузіі ў сочынскіх гульнях. Рашэнне гістарычнае, паколькі прадстаўнікі былой кіруючай партыі прэзідэнта Міхаіла Саакашвілі «Нацыянальны рух» разглядалі байкот як адну з галоўных знешніх палітычных акцый Грузіі. Пад байкот была распрацавана цэлая ідэйная платформа, якую неаднаразова агучваў былы прэзідэнт Грузіі.

Галоўным тэзісам на карысць байкоту было тое, што алімпійскія гульні з’яўляюцца аднадушным мірным жэстам народаў свету. Дзяржаву-парушальніцу гэтага імператыву патрэбна байкатаваць, як было ў 1980 годзе з СССР, які пачаў інтэрвенцыю ў Афганістан. На думку прыхільнікаў Саакашвілі, у наш час тагачаснага савецкага агрэсара ўвасабляе пуцінская Расія. Яна дэ-факта акупіруе Абхазію і Паўднёвую Асецію, якія паводле ўсіх міжнародных канвенцый належаць Грузіі.

Таксама Міхаіл Саакашвілі, будучы прэзідэнтам, ахвотна нагадваў Расіі эпоху каланізацыі Каўказу, падчас якой з прычарнаморскіх тэрыторый былі выселеныя карэнныя народы. Горад Сочы, на думку грузінскага экс-лідара, гэта «тэрыторыя, дзе меў месца генацыд чаркесаў у другой палове XIX стагоддзя». Магчыма, варта нагадаць, што некаторыя гісторыкі ў Тбілісі да гэтага часу лічаць Сочы грузінскім горадам, які грузіны здалі Расіі пасля агрэсіі дзянікінскіх войскаў у 1919 годзе супраць незалежнай Грузіі.

Праціўнікі правядзення Алімпіяды ў Сочы адзначалі таксама і экалагічныя праблемы, якія прынесла падрыхтоўка да гульняў. Пра гэта еўрапейскія Зялёныя неаднаразова распавядалі ў Еўрапарламенце. Нарэшце, Саакашвілі ўзгадаў і пра небяспеку для ўдзельнікаў алімпіяды з-за напружанай сітуацыі на Паўночным Каўказе.

Расійскі бок звяртаў мала ўвагі на пагрозу няўдзелу Грузіі ў Алімпіядзе. На адным з вядучых расійскіх каналаў нават быў агучаны жарт: можна стварыць незалежную ад Саакашвілі зборную Грузіі для ўдзелу ў зімовай Алімпіядзе–2014 з тых 2 мільёнаў грузін, што жывуць у Расіі.

Аднак некаторыя пужалі расіянаў тым, што Грузія збіраецца закупіць зброю ў ЗША, каб узброіць сваё войска па апошнім слове тэхнікі, каб падчас правядзення алімпійскіх гульняў арганізаваць правакацыі. Так, прынамсі, пісаў сайт briansk.ru.

Цікава, што актыўная антыалімпійская рыторыка Саакашвілі спадабалася частцы расійскага грамадства. На антыпуцінскіх інтэрнэт-форумах заўсёды хапала і дасюль хапае каментараў на тэму «Што агульнага паміж сусветным спортам і Расіяй, якая памірае на дне каналізацыі? Каму патрэбна гэтая алімпіяда, акрамя тых, хто на ёй займее грошы?»

Аднак у выніку перамогі на восеньскіх прэзідэнцкіх выбарах у Грузіі Бідзіна Іванішвілі расклад у падыходах да Сочы–2014 змяніўся. І хаця яшчэ ў сакавіку «Нацыянальны рух» прапанаваў схему сістэмнага байкоту алімпіяды, задуму ў грузінскіх алімпійскіх установах не падтрымалі. На ўсе аргументы партыі Саакашвілі спартыўныя чыноўнікі заяўляюць, што алімпіяда патрэбна перш за ўсё самім грузінскім спартсменам. Публіку пужаюць тым, што, калі Грузія адмовіцца ад удзелу ў Сочы, Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) не толькі аштрафуе грузінскі бок, алё і ўвогуле ўвядзе санкцыі, аж да дыскваліфікацыі каманды на наступнай алімпіядзе ў Рыа-дэ-Жанейра.

Генеральны сакратар грузінскага НАК Эмзар Зенаішвілі кажа, што байкот негатыўна адаб’ецца на развіцці спорту і алімпізму ў Грузіі і нанясе шкоду іміджу грузінскага спорту ў цэлым. Паводле яго слоў, у выпадку байкоту наступствамі санкцыяў можа быць блакада ўсіх еўрапейскіх донарскіх праграм, якімі карыстаўся Нацыянальны алімпійскі камітэт Грузіі.

Часта цытуецца галоўная грузінская алімпійская надзея зімовых гульняў — фігурыстка Алена Гедэванішвілі: «Вядома, я б хацела выступаць у Сочы. Алімпіяда — мара кожнага спартсмена».

Яшчэ адна фішка прапаганды Іванішвілі: байкот нічога не вырашае. Адзін з праўладных аналітыкаў піша: «Не бачу прычын, па якіх грузінская зборная павінна абвясціць байкот сама сабе — менавіта сама сабе, паколькі адсутнасць нашай зборнай у Сочы не заўважыць ніхто, акрамя нас саміх. Я, вядома, усё разумею, але адна справа — байкот ЗША маскоўскай Алімпіяды і байкот СССР Алімпійскіх гульняў у Лос-Анджалесе. Яны маглі сабе дазволіць такую раскошу, і зусім іншая справа — Грузія. Мы ўжо абвясцілі эканамічную блакаду Расіі, перакрыўшы чыгуначны рух у 1991 годзе. Расія гэтага, вядома, не заўважыла, затое эканоміка Грузіі павалілася надоўга».

А вось так прапагандысты аспрэчваюць тэму пра генацыд чаркесаў: «Аргумент пра тое, што Сочы — гэта зямля, дзе быў генацыд, і адкуль выгналі мясцовае чаркескае насельніцтва, гучыць, з маральнага пункту гледжання, цалкам прыгожа, але ён не спадабаецца нікому — ні амерыканцам, які выгналі індзейцаў з іх земляў, ні мексіканцам, якія знішчылі пад корань цывілізацыю ацтэкаў... А яшчэ трэба забараніць усё спартыўныя гульні ў Перу, дзе ад інкаў засталіся рожкі ды ножкі. І ў Егіпце, дзе мясцовыя заваёўнікі-арабы не маюць ніякага дачынення да будаўнікоў пірамід. Гэтую кружэлку лепш і не заводзіць — не вядома, на чыёй вуліцы выбухне бомба. Увогуле, Сочы–2014 не мае ніякага дачынення да Расіі. Гэтае асаблівыя міжнародныя спаборніцтвы пад эгідай МАК».

Зразумела, што толькі нешматлікія палітолагі паверылі ў тое, што Тбілісі кіруецца ў міжнароднай палітыцы алімпійскімі прынцыпамі барона Кубертэна. На думку экспертаў, у грузінскага прэзідэнта ёсць іншыя прычыны тэрмінова фармаваць дэлегацыю спартоўцаў у Сочы.

Расійска-грузінскія дыпламатычныя адносіны былі разарваныя падчас ваеннага канфлікту 2008 года і не адноўленыя да гэтага часу, хоць абнаўленне парламента і ўраду Грузіі па выніках мінулых выбараў прынесла ў адносіны Масквы і Тбілісі прыкметнае пацяпленне. Без паездкі грузінаў у Сочы працэс можа быць замарожаны, што, здаецца, не патрэбна нікому. Адным словам, спорту зноў наканавана выканаць ролю нефармальнага дыпламата.

Між тым, грузінская апазіцыя мае намер і далей агітаваць за байкот. «Расійскія санкцыі перажылі, і санкцыі МАК перажывем, а калі пытанне пра байкот уздымецца, тады яно будзе, па-першае, заўважаным, а па-другое, з’явіцца яшчэ адна пляцоўка, адкуль усяму свету будзе заяўлена пра прычыну байкоту. Так што ў гэтым выпадку адсутнасць нашых біятланістаў у Сочы прынясе больш карысці для краіны, чым іх прысутнасць», — сцвярджаюць апаненты Іванішвілі.

Каментаваць