Спальваць ці не спальваць?

Як і прагназавалася, пасля перамогі Дональд Трамп хутка перасварыўся з істэблішментам Рэспубліканскай партыі. Праўда, прадмет спрэчкі незвычайны — ці трэба караць за спаленне дзяржаўнага сцяга?


У фільме «Кангрэсмен» апісваюцца прыгоды амерыканскага парламентара, якому праціўнікі сярод іншага закідаюць здзек з дзяржаўнага сцяга. Маўляў, ён праігнараваў рытуал штодзённай прысягі пад сцягам. Абыякавасць да рытуалу ледзь не каштавала небараку датэрміновай адстаўкі, што асобна ілюструе, які высокі статус мае дзяржаўная сімволіка для амерыканскай супольнасці.

З улікам апісанага вельмі дзіўна, што ў ЗША дасюль можна без пакарання паліць дзяржаўны сцяг. Тым больш, што адначасова існуюць вельмі добра прапісаныя правілы яго выкарыстання — так званы «Кодэкс сцягу». У ім хапае забаронаў, у тым ліку самых арыгінальных. Так, нельга прыспускаць сцяг на знак павагі да чалавека (нават калі гэта кароль) або прадмета, падымаць (вывешваць) так, каб ён дакранаўся да чаго-небудзь пад ім: зямлі, падлогі, вады, іншых прадметаў, нельга заварочваць што-небудзь у сцяг, друкаваць яго выяву на прадметах аднаразовага выкарыстання і гэтак далей.

Але ніякага пакарання за парушэнне апісаных правілаў не прадугледжана. Лічыцца, што такое пакаранне супярэчыць Першай папраўцы ў Канстытуцыю, якая гарантуе грамадзянам краіны права на асабістую думку. Да такіх правоў адносяць і спаленне сцягу. Паводле рашэння Вярхоўнага суда ад 1989 года, спаленне сцягу трэба разумець як «сімвалічную прамову». Да таго ж, спаленне старых, непрыдатных для выкарыстання сцягоў, прадугле­джана і «Кодэксам сцягу» (каб не былі выкінутыя на сметнік, дапушчальная іх утылізацыя агнём).

Праўда, адзін раз у гісторыі за здзек са сцяга ЗША сапраўды пакаралі смерцю. Здарылася гэта падчас грамадзянскай вайны, калі ў Новым Арлеане нехта сарваў сцяг Злучаных Штатаў. Суддзі пабачылі ў гэтым замах на дзяржаўнае адзінства і вінаватага паставілі да сценкі.

Нягледзячы на тое, што спаленне сцягу было вельмі папулярнае ў часы студэнцкіх пратэстаў у 1960-х, максімум, што атрымлівалі за гэта радыкалы, — штраф у 20 долараў. Аднак і такія выпадкі можна пералічыць на пальцах.

Такая ліберальная ўстаноўка яшчэ больш дзіўная з улікам таго, што ў іншых краінах за здзек са сцягу пагражае саліднае пакаранне. У Алжыры за гэта могуць адправіць за краты на тэрмін да 10 гадоў. У Кітаі акрамя турэмнага зняволення (да трох гадоў) могуць пазбавіць яшчэ і грамадзянскіх правоў.

Натуральна, у Еўропе заканадаўства больш ліберальнае. Напрыклад, у Аўстрыі за зняважлівы ўчынак у дачыненні да сцяга максімальна пагражае да 6 месяцаў зняволення, аднак, як правіла, усё абмяжоўваецца штрафам. Вельмі незвычайна трактуецца гэта злачынства ў Харватыі. Яшчэ ў часы, калі край быў у складзе Аўстра-Венгрыі, два харвацкія нацыяналісты публічна спалілі імперскі сцяг. Працэс над імі стаў важнай старонкай у гісторыі нацыянальнага адраджэння. Магчыма таму пакаранне за здзек з харвацкага сцяга — максімум год турмы. У Італіі, напэўна, самы высокі штраф за такія ўчынкі — да 10000 еўра. У Францыі таксама шмат — да 7500 еўра, аднак апошні раз асуджанаму па адпаведным артыкуле давялося заплаціць толькі 700 еўра.

У Германіі за спаленне або здзек са сцягу даюць да трох гадоў, аднак у вандалаў ёсць выйсце. Можна выразаць дзірку ўнутры сцяга, і ў такім выпадку гэта будзе азначаць пратэст супраць камуністычнай дыктатуры ва Усходняй Германіі. Нагадаем, што ў 1989-м пратэстоўцы з ГДР выразалі са сцягу герб краіны (выява гербу ў цэнтры сцягу — тое адзінае, што адрознівала сімвал ГДР ад сімвалу ФРГ). Пасля аб’яднання Германіі сцягу з дзіркай давялося надаць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Нарэшце, хапае краін, дзе з дзяржаўным сцягам можна рабіць, што ў галаву прыйдзе. Не караюцца падобныя выхадкі ў Бельгіі, Канадзе, Аўстраліі. У гэтай сферы далей за ўсё пайшлі ў Даніі, дзе можна спаліць нацыянальны сцяг, аднак забаронена спальваць замежныя.

Прабел у заканадаўстве са сцягам, падаецца, вырашыў выправіць абараны прэзідэнт ЗША. На мінулым тыдні Дональд Трамп у сваім Twitter падзяліўся думкай на гэты конт: «Ніхто не мае права спальваць амерыканскі сцяг. Той, хто гэта зрабіў, павінен панесці пакаранне — пазбаўленне грама­дзянства або год турмы».

Падобная прапанова, быццам, цалкам адпавядае іміджу рэспубліканцаў, якія любяць прымаць позу патрыётаў. Тым больш незвычайнай была рэакцыя кіраўніцтва партыі. Ідэю Трампа ўжо асудзіў кіраўнік фракцыі рэспубліканцаў у Сенаце Мітч МакКонэл. Крытычна выказаліся яшчэ шэраг партыйных бонзаў. Як правіла, незадаволеныя прапановай Трампа кажуць пра тое, што яна не адпавядае прынцыпам права свабодна выказваць сваю пазіцыю. «Спаленне сцяга — неад’емная частка грамадзянскіх свабодаў. Мы павінны паважаць традыцыю неабмежаванага права на выказванне думкі», — мяркуе той жа Мітч.

Адзіны з аднапартыйцаў, хто падтрымаў ініцыятыву Трампа са сцягам, — ваяўнічы сенатар Джон МакКейн. Аднак і той лічыць, што спачатку трэба спытаць Вярхоўны суд. Прыкладна такі ж падыход і ў цяперашняй Адміністрацыі Белага дому, спікер якога пагадзіўся, што спальваць сцяг — гэта кепска, аднак нішто не павінна абмяжоўваць правы амерыканцаў.

Што тычыцца палітычных каментатараў, то яны палоха­юць адваротнай рэакцыяй — выбухам у ЗША моды спальваць сцягі. Трамп вельмі адмоўна ўспрымаецца часткай грамадства, і яна відавочна рэактыўна будзе рабіць тое, што не падабаецца новаму прэзідэнту. Тым больш, што ініцыятыву са сцягам успрымаюць як «разведку» для атакі на фундаментальныя правы грамадзян.

Як піша прэса, забарона спальвання створыць падмурак для рэвізіі іншых канстытуцыйных правоў грамадзян. З іншага боку, ідэя Трампа наконт пакарання за спаленне сцягу дазволіць яму кансалідаваць свой электарат. Паводле апошніх апытанняў, 45 працэнтаў амерыканцаў — за пакаранне для аматараў паліць зорна-паласаты сцяг.



Каментаваць