Справа гетмана Мазепы

Напярэдадні трохсотай гадавіны палтаўскай бітвы на Украіне зноў пачалася дыскусія вакол магчымага зняцця анафемы з гетмана Івана Мазепы.

Самае парадаксальнае, што палеміку пачала ўкраінская Праваслаўная Царква Маскоўскага Патрыярхату. Архімандрыт Кірыла з аддзелу царкоўных стасункаў УПЦ (МП) нечакана заявіў, што «зняць анафему з гетмана Мазепы ў тэорыі магчыма». Ён нагадаў, што ў гісторыі былі выпадкі, калі анафемы скасоўваліся. Напрыклад, анафема была знятая са стараабрадцаў у 1927 годзе.



Напярэдадні трохсотай гадавіны палтаўскай бітвы на Украіне зноў пачалася дыскусія вакол магчымага зняцця анафемы з гетмана Івана Мазепы.

Самае парадаксальнае, што палеміку пачала ўкраінская Праваслаўная Царква Маскоўскага Патрыярхату. Архімандрыт Кірыла з аддзелу царкоўных стасункаў УПЦ (МП) нечакана заявіў, што «зняць анафему з гетмана Мазепы ў тэорыі магчыма». Ён нагадаў, што ў гісторыі былі выпадкі, калі анафемы скасоўваліся. Напрыклад, анафема была знятая са стараабрадцаў у 1927 годзе.

Навіна выклікала пратэсты сярод апаратчыкаў той жа УПЦ. Айцец Андрэй з багаслоўскай камісіі Маскоўскага Патрыярху заявіў, што аргументы айца Кірылы «не вытрымліваюць крытыкі». Рэабілітацыя стараабрадцаў была магчымай, паколькі тая анафема была пакладзеная не на канкрэтных лідэраў руху раскольнікаў, а хутчэй на іх царкоўныя рытуалы. Святар таксама дадаў, што анафема можа быць знятая толькі ў тым выпадку, калі асоба, на якую яна накладзеная, зробіць пакаянне за свае грахі. Увогуле, сцвярджае айцец Андрэй, анафему лепш не здымаць, паколькі рэабілітацыя Мазепы будзе аўтаматычна значыць, што царква можа дапускаць памылкі.

Гэта ўжо не першая спроба пераглядзець складаную і супярэчлівую справу Мазепы.

Анафема на гетмана Мазепу была накладзеная 12 лістапада 1708 года пасля таго, як ён перайшоў на бок шведаў. Гістарычная падзея царкоўнага пакарання мела месца ў Троіцкім саборы горада Глухаў у прысутнасці Пятра Першага і мітрапаліта Кіеўскага «за крестопреступление и за измену великому государю». Пасля малебна на плошчы гораду над чучалам Мазепы зрабілі сімвалічнае пакаранне: сарвалі з яго мундзір, медалі і пацягнулі па вуліцах.

Грэчаскае слова «анафема» значыць выгнанне з грамады, пракляцце. Анафема — гэта вялікае адлучэнне ад царквы (ёсць яшчэ і часовыя адлучэнні). Акрамя таго, анафема бывае розная: адлучэнне ад тайнаў, аднак з правам маліцца і мець кантакты з вернікамі; пазбаўлення святых тайн, права падтрымліваць кантакты з вернікамі; поўнае выгнанне з супольнасці хрысціян. Менавіта анафема трэцяй катэгорыі была накладзеная на гетмана.

Трэба прызнаць, што Мазепа апынуўся ў цікавай кампаніі. Першым, хто трапіў пад анафему, былі арыяне. За стагоддзі існавання практыкі да іх дадаліся прыхільнікі іншых ерэтычных сектаў, навукоўцы (Джардана Бруна), палітыкі, славутыя бунтаўнікі (Разін, Пугачоў), пісьменнікі (Леў Талстой), пратэстанты (Лютэр, Гус) і нават самі хрысціянскія лідэры (у 1054 годзе легат Папы і Патрыярх Канстанцінопаля ўзаемна наклалі адзін на аднаго анафемы, што і сталася пралогам вялікага расколу ў хрысціянстве). Самая незвычайная гісторыя адбылася з князем Дзмітрыем Данскім. У ХIV стагоддзі на яго наклалі анафему, а ў 1988-м — зрабілі святым.

У праваслаўі ёсць штогадовая працэдура зачытвання спісу анафем. Праўда, у 1801 годзе з 12 асобаў, якія знаходзіліся ў спісе, пакінулі толькі Грышку Атрэп’ева і Івана Мазепу. У 1869 годзе іх прозвішчы замянілі тэрмінам «тыя, хто паўстаў на бунт і здраду праваслаўным гасударам».

Нягледзячы на такі, здавалася б, кампрамісны паварот спраў, на Украіне заўсёды патрабавалі поўнай рэабілітацыі Мазепы, які стаў сімвалам імкнення ўкраінцаў да незалежнасці (у дамове з Мазепам шведскі кароль абяцаў яму незалежнасць Украіны). Сама стаўка на Маскву, як паказала гісторыя, была памылкай: Пётр Першы і яго пераемнікі ліквідавалі гетманскую аўтаномію.

Сітуацыя з Мазепам была яшчэ больш складанай з-за таго, што Пётр Першы моцна абмежаваў правы царквы. У сваю чаргу, Мазепа быў вялікімі прыхільнікам праваслаўя і за час сваёй кадэнцыі паспеў пабудаваць вялікую колькасць праваслаўных храмаў, уключаючы славуты Міхайлаўскі сабор у Кіеве. Шматлікія царкоўнікі ва Украіне тайна сімпатызавалі Мазепу, і нават у 1918 годзе па сваёй ініцыятыве арганізавалі ў Кіеве паніхіду па гетману.

Саветы, аднак, не рашыліся пераглядзець месца Мазепы ў гісторыі. Падчас святкавання 250-годдзя Палтаўскай бітвы ў 1959-м дамінавала версія пра здрадніка. Хаця ў тым жа годзе Сабор Епіскапаў Украінскай Грэка-Праваслаўнай Царквы ў Канадзе зняў анафему з Мазепы. Пазней да гэтага рашэння далучыліся УПЦ (Кіеўскі патрыярхат), праваслаўная ўкраінская царква Канады. Яны штогод служаць малебны за супакой душы гетмана.

Пасля абвяшчэння незалежнасці Украіны пра Мазепу зноў загаварылі. Сам яго чын у 1709 годзе афіцыйна называецца зараз Паўстанне за незалежнасць Украіны. Яго прозвішчам назвалі вуліцы. Выява гетмана ёсць на грашовых знаках. Пра папулярнасць Мазепы сведчыць той факт, што нядаўна кіеўская адміністрацыя апраўдвала тое, што не дабудавала нейкую станцыю метро, тым, што ўсе грошы быццам пайшлі на помнік гетману.

Падчас аднаго з візітаў у Маскву Віктар Юшчанка абмяркоўваў з кіраўніцтвам РПЦ магчымасць зняцця анафемы. У 2007 годзе пры УПЦ (МП) была створаная камісія па справе Мазепы. Аднак ніякіх публічных заяў яна пакуль не зрабіла.

Але адмаўчацца будзе цяжка. Як паказвае гісторыя, заўсёды напярэдадні юбілею Палтаўскай бітвы вакол фігуры Мазепы завязваюцца гарачыя дыскусіі і спрэчкі.

Нагадаем галоўныя аргументы прадстаўнікоў абодвух бакоў. Аргументы за тое, каб пакінуць анафему: Мазепа парушыў клятву, дадзеную цару, прысягнуў не праваслаўнаму каралю, зрабіў спробу змовы супраць улады, дапусціў ва Украіну шведаў, якія разбуралі праваслаўныя храмы. Аргументы тых, хто заклікае зняць анафему: анафема была зробленая па палітычных матывах, без саборнага рашэння і па прамому загаду Пятра Першага.

Каментаваць