Справа НРА

У Беларусі працягваюцца ператрусы і арышты па справе спробы падпалу расійскай амбасады, адказнасць за які ўзяла на сябе групоўка “Сябры свабоды. У тым, што зараз адбываецца, ёсць пэўная аналогія са справай “Новай рэвалюцыйнай альтэрнатывы (НРА) — арганізацыі, якая быццам здзейсніла шэраг тэрактаў у Расіі напрыканцы 1990-х гадоў.



У Беларусі працягваюцца ператрусы і арышты па справе спробы падпалу расійскай амбасады, адказнасць за які ўзяла на сябе групоўка “Сябры свабоды. У тым, што зараз адбываецца, ёсць пэўная аналогія са справай “Новай рэвалюцыйнай альтэрнатывы (НРА) — арганізацыі, якая быццам здзейсніла шэраг тэрактаў у Расіі напрыканцы 1990-х гадоў.

1996 год. Ужо амаль два гады ішла першая чачэнская вайна. Чарговы восеньскі прызыў. Зноў у калідорах ваенкаматаў — шэрагі напаўголых хлопцаў, зноў там вырашалася, хто атрымае ад ра­дзімы шанец на рэалізацыю святога права папоўніць спісы забітых. На карнізе аднаго з ваенкаматаў Масквы спрацавала самаробная выбуховая прылада. Запальная бомба павінна была выклікаць начны пажар у памяшканні, дзе захоўваліся справы рэкрутаў, але шкоды Міністэрству абароны нанесена не было.

У прэсе з’явіліся спасылкі на невядомую раней “Новую рэвалюцыйную альтэрнатыву, якая ў сваёй заяве абуралася чачэнскай вайной. Аналіз тэксту дазволіў аднесці яе аўтараў да актывістаў радыкальнага левага спектру.

На працягу года адбылося яшчэ некалькі інцыдэнтаў — каністра з бензінам падарвалася побач з офісам Федэрацыі прафсаюзаў, каля будынку Галоўнай ваеннай пракуратуры знойдзена самапальная бомба. Паўсюль той жа подпіс — НРА. Кампетэнтнымі органамі заведзены справы, але пра вынікі расследавання нічога не паведамляецца.

Між тым, ранкам 22 красавіка 1997 года лідэр камуністаў Генадзь Зюганаў накіраваўся на Чырвоную плошчу, каб ускласці кветкі да Маўзалею. Раптам некалькі маладых панкаў закідалі Зюганава памідорамі за “здраду рэвалюцыйным ідэалам. Сярод арыштаваных быў Андрэй Сакалоў. Пасля выхаду з КПЗ, дзе хлопцаў трымалі некалькі дзён, ён вырашыў адпомсціць.

У ліпені 1997 года, у чарговыя ўгодкі расстрэлу царскай сям’і, на Ваганькаўскіх могілках у Маскве Андрэй здзейсніў падрыў мемарыяльнай пліты Раманавых. На сцяне Андрэй пакінуў надпіс: “Зар­плату працоўным! “Органы падазрона хутка выйшлі на Сакалова і пасадзілі за вандалізм.

І тут у краіне пачалася свое­асаблівая вайна з помнікамі. Правыя ў адказ на выхадку Сакалова пачалі пагражаць узарваць маўзалей і іншыя мемарыялы бальшавікоў. Левыя абяцалі пусціць у паветра помнікі ўсім царам. Перапалка на старонках прэсы хутка перайшла ў жыццё. У Маскве была закладзена міна пад помнік Пятру Першаму працы Цэрэтэлі. Адказнасць узяў нейкі Рэўваенсавет РСФСР.

І тут “органы праявілі незвычайную аператыўнасць. Прайшла серыя арыштаў цалкам сталых палітыкаў са сталінскага лагера: самым вядомым з якіх быў “чырвоны капіталіст Ігар Губкін. На іх павесілі тыя самыя “царскія выбухі і адправілі ў Лефортава. Калі прайшлі ўсе мажлівыя тэрміны папярэдняга зняволення, Губкін пачаў чакаць суда на волі. Грамадскасць не разумела, чаго марудзяць спецслужбы: здавалася — зачыняй справу, афармляй прысуд, атрымлівай узнагароды і новыя прызначэнні. Ці то доказаў замала і баяцца, што справа разваліцца ў судзе, ці рыхтуюць справу якога-небудзь “аб’яднанага тэрарыстычнага цэнтра? Апошняя гіпотэза аказалася больш дакладнай.

У канцы лістапада 1998 года ў Краснадары за распіваннем віна нарад міліцыі застукаў групу валасатай моладзі. У 18-гадовага Генадзя Непшэкуева знайшлі ў рукзаку дзве “лімонкі. Падчас допыту Непшэкуеў прызнаўся ў падрыхтоўцы выбуху краявой адміністрацыі і намеры забіць тагачаснага губернатара Краснадарскага краю Мікалая Кандраценка. Па словах хлопца, дапамагаць яму павінна была нейкая Маша. У Машы ў Маскве была сяброўка Ларыса Шчыпцова, што займалася выпускам касет з запісамі рок-грутоў, якія пасля прадавала. Ларыса аказалася сапраўдным падарункам для спецслужбаў. Па яе запісной кніжцы было здзейснена каля 20 ператрусаў і допытаў толькі ў расійскай сталіцы. Ларыса, па версіі “органаў, і была адным з ключавых рычагоў “міжнароднай змовы.

У выніку яе — 25-гадовую на той момант цяжарную жанчыну — пад аховай “Альфы даставілі ў турму краснадарскага ФСБ. Аднак у выніку справа зноў развалілася. Шчыпцову паса­дзілі не за тэрарызм, а за перавоз выбуховых рэчываў. На зоне яна нарадзіла дачку.

Напачатку верасня 1999 года прыйшла вестка пра падазроны акт гуманізму, здзейснены расійскай юстыцыяй — прэзідыум Краснадарскага краявога суда вынес рашэнне пра замену Ларысе чатырох гадоў зняволення на чатыры гады ўмоўна. Цікава, што яна ўспрыняла рашэнне не вельмі радасна.

“Па-мойму, гэтыя маньякі вышуку жадаюць выявіць мае “злачынныя сувязі, — казала Ларыса Шчыпцова ў інтэрв’ю адной з газет.

Ход прэзідэнцкай перадвыбарнай кампаніі, якая праходзіла пад кананады выбухаў тэрарыстаў, паказаў, што яна мела рацыю.

У ноч на 4 красавіка 1999 года ў Маскве ў прыёмнай ФСБ выбухнуў зарад, эквівалентны кілаграму трацілу. Усе, хто прайшоў праз чараду ператрусаў і допытаў па “краснадарскай справе, вобразна кажучы, перахрысціліся. Выбух, па прызнанні “органаў, быў праведзены дасведчаным прафесіяналам. “Хоць гэта яны на нас не павесяць! — уздыхнулі з палёгкай інтэлігенты і панкі.

Але радаваліся рана. Раптам усплыла папера, дасланая на станцыю “Рэха Масквы. Зноў “Новая рэвалюцыйная альтэрнатыва! Па факце выбуху была заведзена справа. Пуцін, тады яшчэ не прэзідэнт, даў слова знайсці і арыштаваць вінаватых.

І тут пачалося нешта фантастычнае. Паралельна пачатку баявых дзеянняў на Каўказе адбыўся сапраўдны выбух у падземнай краме на Манежнай плошчы. Версіі зноў дзве — ісламская і левацкая. Шукаюць НРА. Аднак тут на сцэне з’явіўся экзатычны пісьменнік Сяргей Піменаў, які адкрыта ўзяў на сябе адказнасць за выбух. Фігура Піменава настолькі смешная, што ставіць у тупік. Значна больш грамадства цяпер пачало турбаваць пытанне пра прафесіяналізм спецслужбаў, якія паспяшаліся раструбіць пра “новую вылазку левага тэрарызму. У выніку інцыдэнт на Манежнай быў у пажарным парадку інфармацыйна перакрыты выбухамі жылых дамоў у Маскве і Валгадонску. На гэтай хвалі Пуцін быў абраны прэзідэнтам.

Аднак справу пра выбух у офісе ФСБ трэба было зачыніць. І тут распачалася папросту камедыя. Спачатку на Лубянцы сказалі, што знайшлі тэрарыстаў, якія схаваліся ў Сібіры ў секце Вісарыёна. Аднак пасля ад гэтай версіі адмовіліся. Затое хутка ва ўласным пад’езде была арыштавана ўсё тая ж Ларыса Шчыпцова. Яе ўзялі за выбух у прыёмнай ФСБ, падчас якога, нагадаем, яна сядзела ў краснадарскай турме. На закуску арыштавалі Сакалова, калі ён выйшаў з дому, як гаворыцца ў дакументах следства, “з пісталетам і мяшком патронаў. У той вечар Андрэй, дарэчы, павінен быў выступаць на прэс-канферэнцыі.

Ларыса і Андрэй адсядзелі чарговыя тэрміны. Пасля гэтага пра левых тэрарыстаў у Расіі, дзякуй Богу, больш не ўзгадвалі.

“Калі верыць спецслужбам, прэзідэнту і СМІ, — кажа палітолаг Уладзімір Тупікін (Масква), — Расія літаральна напоўнена тэрарыстамі. Дзе ж тады сур’ёзнае, на ўзроўні аналітыкі, а не крыкаў, інфармацыйнае процідзеянне пагрозе? Чаму па тэлевізары не выступаюць сур’ёзныя навукоўцы, якія даказваюць бесперспектыўнасць тэрарызму з разнастайных пазіцый — з палітычнай, філасофскай, маральнай, з пункту гледжання асабістых лёсаў тэрарыстаў і іх асяроддзя? Чаму не змагаюцца яны за розумы маладых? Ці не жадае “хтосьці, каб не атрымалі шырокую агалоску факты, як маніпулявалі тэрарыстамі спецслужбы — і не толькі “чужыя, але і “свае? Ці, наогул, гэты “хтосьці не жадае прадухіляць новую, сапраўдную хвалю тэрарызму? Тэрарызм — гэта ж выдатная нагода для ўзмацнення жорсткасці рэжыму, для ліквідацыі грамадзянскіх правоў, свабоднай прэсы, для ператварэння банальнага недэмакратычнага рэжыму, якім з’яўляецца рэжым Пуціна, у сапраўдную дыктатуру. Не факт, што зацікаўлены ў гэтым сам Пуцін. Але вось “пэўныя кругі… Можна іх нават і вызначыць пры жаданні, але гэта тэма для асобнага артыкула.
 

Каментаваць