«Sprobujte latynku, ce ne strašno»

Нечаканая прапанова міністра замежных спраў Украіны Паўла Клімкіна пачаць дыскусію пра перавод украінскай пісьменнасці на лацінку выклікала шквал думак, сярод якіх трапляюцца вельмі арыгінальныя.

Малюнак www.pravda.ru

Пачаць агляд можна з разважанняў мовазнаўцы Юрыя Зялёнага, які лічыць, што без пераходу на лацінку Украіна не пераможа ў канфлікце з Расіяй. Сваю думку на старонках выдання «Gаzeta.ua» ён тлумачыць на прыкладзе В’етнама. «В’етнам заўсёды супрацьстаяў Кітаю. Мовы ў іх адной групы. У розныя гістарычныя перыяды паміж краінамі вяліся войны. Але ў В’етнама атрымалася канчаткова давесці Пекіну і свету, што ён не ўваходзіць у склад Кітая, толькі калі в’етнамцы перайшлі на лацінскую азбуку», — кажа лінгвіст. Увогуле, Юрый Зялёны лічыць, што рэформу правапісу трэба рабіць кожныя 15 гадоў. Інакш мове пагражае застой.

А вось паводле літаратара Андрэя Кокацюха, у выніку рэформы, што задумаў Клімкін, ва Украіне будзе панаваць не ўкраінская лацінка, а расійская. «Руская мова вельмі шырока распаўсюджаная ва Украіне. Уявіце сабе: Украіна раптам афіцыйна пачне ўжываць толькі лацінку. У такім выпадку ў большасці рэстарацый у меню напішуць «kofe», а не «kava». Вы будзеце замаўляць не «mlіntsi z sіrom», а «blinу s tvorogom», — кажа пісьменнік.

Тэза пра тое, што лацінізацыі павінна папярэднічаць украінізацыя ўсяго насельніцтва краіны, вельмі папулярная. У сатырычнай форме яе перадаў экс-нардэп Васіль Горбаль, які жартуе: «Толькі-толькі вывучыў суржык, а тут на лацінку ўжо трэба пераходзіць».

Тарас Клочка на сайце «Деловая столица» заўважае, што лацінка не ў стане адэкватна перадаваць гукі ўкраінскай мовы. Галоўная складанасць пераходу, як мяркуе Клочка, палягае ў тым, каб забяспечыць графічнымі сродкамі перадачу цвёрдасці-мяккасці зычных, што для ўкраінскай мовы з’яўляецца крытычна важным. «Напрыклад, словы «кот» і «кіт» адрозніваюцца перш за ўсё НЕ якасцю галоснага «і», а мяккасцю зычнага «к». Украінскай лацінцы давялося б удвая павялічыць колькасць зычных літар, што робіць правапіс вельмі нязручным», — рэзюмуе Клочка.

Аматары кірылічнай версіі нагадваюць, што кірыліцу прыдумалі пасля лацінкі і, натуральна, яе вынаходнікі — Кірыла і Мяфодзій — улічвалі недахопы лацінскага правапісу. «Кірыліца стваралася пазней лацінскага алфавіту, і з пункту гледжання графікі практычна ідэальная — кожнаму гуку адпавядае свая літара. У школе дзецям кажуць: «як чуецца, так і пішацца», і гэта вельмі дапамагае вывучэнню мовы (…) Нельга казаць пра прагрэс, спасылаючыся на больш раннія і прымітыўныя дасягненні... Паводле гэтай логікі трэба адмовіцца ад алфавіту наогул і пачаць карыстацца петрогліфамі», — іранізуе на сайце «Обозреватель» Ягор Мядзведзеў.

З’явіліся і тыя, хто, не чакаючы афіцыйнай пастановы пра рэформу, ужо пачаў «лацінізацыю». Гэта, напрыклад, рэдакцыя выдання «Na chasi», якая пачала выстаўляць матэрыялы як на кірыліцы, так і на лацініцы. Праўда, якасны пераход на лацінку могуць дазволіць сабе не ўсе. Выданне «Обозреватель» абмежавалася тым, што змяніла лагатып сваёй назвы на «Obozrevatel». Тое ж самае яно прапануе рабіць і іншым калегам. «Sprobujte latynku, ce ne strašno», — звяртаецца выданне і да чытачоў.

Яшчэ адна арыгінальная ідэя з лагеру прыхільнікаў лацінкі — украінскі алфавіт неабходна змяніць, каб яшчэ больш раззлаваць расіян. Калі прыняць закон пра пераход на лацінку, то расійскае кіраўніцтва, лічаць яны, дакладна зробіць нейкі памылковы крок і прайграе ўкраінскую партыю.

Нарэшце, як і трэба было чакаць, тэма змены алфавіту стала хлебам для аматараў прыколаў. Яны ахвотна прапануюць свае варыянты рэформы: напрыклад, перайсці замест лацінкі на руны, якімі карысталіся старажытныя вікінгі. Ініцыятары абяцаюць, што падобны манеўр адразу пахавае ўсе спробы Масквы прыватызаваць спадчыну Старажытнай Русі, якую стварылі тыя самыя вікінгі-нарманы.

Далей за ўсіх пайшоў сайт Strana.ua, які піша: «А чаго, спадар міністр, так сціпленька? Чаго б ужо адразу ні прапанаваць паралельнае выкарыстанне «вузельчыкавага пісьменства». Трэба перадаваць інфармацыю праз вузлы, як гэта рабілі старажытныя інкі. Дарэчы, выкарыстанне «вузялковіцы» можа даць яшчэ і магутны штуршок айчыннаму сектару жывёлагадоўлі. Паколькі для напісання на мове вузлоў указаў, распараджэнняў і іншых падзаконных актаў інкамі выкарыстоўвалася ніткі з воўны вярблюдавых, накшталт ламы», — здзекуюцца з ідэі рэформы правапісу журналісты.

Між тым, падчас дэбатаў перамагае думка, што без вялікіх грошай такую рэформу не правесці. А паколькі ў краіне хапае эканамічных праблемаў, сэнсу спрачацца пра лацінку няма. Таму можна чакаць, што цяперашні раўнд інтарэсу да лацінкі будзе сыходзіць. Аднак канчаткова з украінскай публічнай дыскусіі гэта тэма не знікне.

Хаця нейкія канкрэтныя наступствы цяперашнія дэбаты ўсё ж могуць мець. З улікам таго, што грамадства імкліва падзялілася на фанатаў лацінкі і іх антаганістаў, узнікла версія, што Клімкін замест таго, каб выконваць функцыі дыпламата, займаецца абы-чым, аж да таго, што спрыяе расколу нацыі. У сувязі з гэтым нават у салідных СМІ гучаць заклікі да адстаўкі міністра.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Anatol Starkou
  • 2018-04-16 01:20:22
С.Навумчык у творы "Сем гадоў Адраджэньня" пра падзеі вакол Дзядоў-1988 піша:
"Разгон "Дзядоў" меў шырокі розгалас. Апраўдваючыся, улады былі вымушаныя казаць і пра ўтварэньне БНФ – хай і ў адмоўным ракурсе. Суполкі БНФ пачалі стварацца ня толькі ў Менску, але і ў рэгіёнах.
Пашыраліся патрабаваньні беларусізацыі, вяртаньня гістарычнай памяці. 16 лістапада група літаратараў (Уладзімер Арлоў, Алесь Асташонак, Лявон Баршчэўскі і іншыя) апублікавалі ў "ЛіМе" ліст з патрабаваньнем вярнуць у правапіс мяккі знак і пераднаціскное "я", адначасна ацаніўшы моўную рэформу 1933 году як "рэпрэсіўную"."

Бач ты, на 30 гадоў украінцы адсталі ад нас беларусаў! Толькі нам паплечнікам адраджэння знішчыць беларускую эканоміку пераходам на тарашкевіцу ў 1994-95 зашкодзіў Лукашэнка. Мяркую ўкраінцы ўсё ж даб'юць сваю эканоміку пераходам на лацінку, ў той час як мы шчыльнымі радамі разам з АГЛ і наркомаўкай пойдзем эвалюцыйным шляхам ў светлае незалежнае заўтра! Ці вернемся ў адраджэнне да тарашкевіцы?
  • Andrej
  • 2018-04-16 13:41:43
У артыкуле мае месца недакладнасьць наконт віетнамскай і кітайскай моваў. Яны належаць розным моўным сем'ям: аўстраазіяцкай і сына-тыбецкай адпаведна.

Каментаваць